«У мяне было прадчуванне прапагандысцкіх фанфар»: дызайнер Артур Вакараў — пра выставу «30 гадоў дыктатуры ў 30 постарах»

У Музеі акупацыі і барацьбы за свабоду ў Вільні сёння, 24 ліпеня, адкрываецца выстава плакатаў беларускага мастака і дызайнера Артура Вакарава «30 гадоў дыктатуры ў 30 постарах».

Экспазіцыю ладзіць офіс Святланы Ціханоўскай.

Артур Вакараў — вядомы беларускі дызайнер, сузаснавальнік студыі «Адліга», былы дырэктар мінскай крамы вінтажнай мэблі «Б/Уржуазные ценности», аўтар графікі для шматлікіх нацыянальных праектаў. У 2020 годзе маляваў плакаты для пратэстных маршаў. У 2022 годзе з’ехаў з краіны. Цяпер жыве ў Польшчы.

Распыталі Артура Вакарава пра канцэпт праекта і творчы лёс беларускага дызайнера ў эмігранцкіх варунках.

«30 гадоў дыктатуры ў 30 постарах». Фота: Артур Вакараў.

— Якая гісторыя праекта «30 гадоў дыктатуры ў 30 постарах»? Гэта нейкі заказ ці вас зачапіла лічба?

— Напрыканцы мінулага года я вырашыў паглядзець, колькі ж мы жывём пры дыктатуры. Паглядзеў, і дата мяне ўразіла — 30 гадоў! Мне падалося, што гэта лічба не ўсімі асэнсоўваецца, асабліва еўрапейскамі суседзямі.

Таму я ўзяў гэтую лічбу 30, прасеяў праз яе ўсе грамадскія працэсы і абыграў. Гэта была вельмі цікавая творчая задача.

«30 гадоў дыктатуры ў 30 постарах». Фота: Артур Вакараў.

— Аднак агульны настой плакатаў атрымаўся іранічны. Згадаць толькі тую нямытую карову…

— Так, мой любімы вобраз. Я заўсёды так раблю, мне цяжка рабіць сумныя і плаксівыя рэчы. З іншага боку, людзі пакутуюць у турмах. Таму спачатку іранічна не атрымлівалася, але на палове праекта я зразумеў, што малюю «дэпрэсуху», і дадаў крыху іроніі.

— Вы адразу вырашылі стварыць 30 плакатаў?

— Я рабіў гэтыя плакаты паступова, адзін за адным, адразу не ведаў, калі скончу гэты праект. Пасля лагічна прыйшоў да ўсведамлення, што варта спыніцца на трыццаці.

«30 гадоў дыктатуры ў 30 постарах». Фота: Артур Вакараў.

— Як вы скантактаваліся з віленскім Музеем акупацыі і барацьбы за свабоду, які так сімвалічна размешчаны ў былым будынку КДБ?

— Я не ўмею займацца рэкламай сваіх праектаў, большаць з іх звычайна ляжыць «у шуфлядзе». А тут патрапіў у мастацкую рэзідэнцыю, дзе маляваў гэтыя плакаты. Пасля рэзідэнцыі адбылася сумесная выстава, на якой я паказаў шэсць постараў. Іх убачыла Аліна Коўшык, а далей ужо ўсёй арганізацыяй стаў займацца офіс Святланы Ціханоўскай. Нешта ім у маіх плакатах спадабалася.

— І Святлана Ціханоўская будзе прысутнічаць на адкрыцці вашай выставы?

— Так.

«30 гадоў дыктатуры ў 30 постарах». Фота: Артур Вакараў.

— Гэта ўсё выглядае вельмі сімвалічным. Не ведаю, праўда, наколькі сімвалічная сама лічба 30. Аднак вы праз абрыс гэтай лічбы абыгрываеце з’явы і прадметы, звязаныя з дыктатурай: кайданкі — як сімвал улады, амон — як базу рэжыму, абас..ную карову — як сімвал агратрэшу і разбурэння вёскі. Калі б вам замовілі плакат на тэму «Сімвал беларускай дыктатуры», якім бы ён мог быць?

— Не ўзяўся б за такую працу. Мярзотна, сумна і ніякіх вобразаў не з’яўляецца.

Праект «30 гадоў дыктатуры ў 30 постарах» я стаў рабіць таму, што ў мяне было прадчуванне прапагандысцкіх фанфар. Маўляў, Лукашэнка на працягу трыццаці гадоў захаваў краіну, вытворчасць і гэтак далей.

«30 гадоў дыктатуры ў 30 постарах». Фота: Артур Вакараў.

— Так і было ў дзяржаўнай прэсе.

— Мы не можам выцягнуць палітвязняў ці спыніць агрэсію на тэрыторыі Украіны, бо ў нас розныя патэнцыялы. Але тут, на інфармацыйным полі, мы не павінны прайграваць і можам весці сваю павестку. І таму я вырашыў у адказ на тое, што панясецца ад ідэолагаў, давесці праўду. Так прыйшла ідэя гэтага праекта.

А ў адносінах да дыктатуры ў мяне ніякіх вобразаў не з’яўляецца, толькі колер, які атрымаецца, калі чырвонае змяшаць з зялёным.

«30 гадоў дыктатуры ў 30 постарах». Фота: Артур Вакараў.

— Брудны прамакутнік?

— Не, прамакутніка яны не заслугоўваюць, брудная карычневая пляма. Такімі яны ў гісторыі і застануцца.

— Відавочна, што мы можам выйграць і на полі сімвалічных каштоўнасцей, у бітве візуальных вобразаў. Відаць жа, што прыстойных дызайнераў у іх не засталося.

— У іх не столькі дызайнераў няма, як замовы няма на прыстойны дызайнерскі прадукт, бо яны прынцыпова супраць разумнага і свежага. Там сядзіць нехта, хто спыняе любыя праявы крэатыўнасці.

— Якія словы вы знойдзеце для дзяржаўнага дызайну? Агратрэш?

— Гэта гульня на полі абсалютнай бязглуздасці, безгустоўнасці, дзе галоўнае, гэта памеціць як сабачка чырвона-зялёным колерам усё, што магчыма. Вось і ўвесь іх дызайн.

«30 гадоў дыктатуры ў 30 постарах». Фота: Артур Вакараў.

— Перыядычна сустракаю вашы вокладкі для беларускіх кніг, мяркую, замежныя выдавецтвы павінны быць шчаслівыя, што вы эмігравалі… Хто вашыя галоўныя замоўцы тут, у эміграцыі?

— У польскім дызайне хапае маладых і прагрэсіўных творцаў. Каб беларускага дызайнера чакалі ў польскім выдавецтве, трэба было брэнд беларускага дызайну ствараць, удзельнічаць і перамагаць у конкурсах і біенале.

Ва Украіне, напрыклад, паважаюць беларускіх дызайнераў. Прынамсі, у мяне склалася такое ўражанне, бо маю адтуль кліентаў. Яшчэ крыху маю замоў ад беларускіх прыватных арганізацый.

Рынак катастрафічна звузіўся, бо я дызайнер культуры, а не бізнесу, многіх маіх кліентаў проста пасадзілі.

«30 гадоў дыктатуры ў 30 постарах». Фота: Артур Вакараў.

— Ці атрымліваецца цяпер зарабляць на жыццё сваёй прафесіяй?

— Не, не атрымліваецца.

— Вы казалі ў адным з інтэрв’ю, што даволі хутка пасля жніўня 2020-га ўжо не верылі ў перамогу, але «партызанілі». З перспектывы эміграцыі у што засталася вера? На чым грунтуецца ваш палітычны актывізм тут?

— Я люблю дызайн, а палітычны актывізм тут не пры чым. Мне трэба маляваць — як дыхаць. Калі ў мяне няма замоваў, я вырашаю свае ўласныя творчыя задачы.

— Вас трымае мастацтва?

— Так, і гэта адзінае, што мы, творчыя людзі, можам тут рабіць, — ствараць эпас, які потым ляжа ў падмурак нацыі. Без эпасу не можа быць нацыянальнага будаўніцтва. Я на месцы ўсіх мецэнатаў і фондаў укладаў бы грошы ў беларускую культуру. Бо культура стварае падмурак на дзесяць гадоў наперад. Нацыя — гэта і ёсць культура. Таму важна пісаць кніжкі, ладзіць спектаклі, ствараць сваіх герояў.

Наша справа — захаваць, перадаць і дадаць нешта ад сябе ў нашу культуру.

«30 гадоў дыктатуры ў 30 постарах». Фота: Артур Вакараў.

Выстава размешчана на агароджы Музея акупацыі і барацьбы за свабоду (Aukų g. 2A, Vilnius) і будзе працаваць па 24 жніўня.

Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.by у Telegram

Если вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.