Учора ва ўроцлаўскай Geppart Gallery адкрылася выстава па выніках міжнароднага конкурсу мастацкага шкла імя Збігнева Хорбова (Horbowy International Glass Competition). У лік паўсотні прац — фіналістаў спаборніцтва быў адабраны і твор беларускага мастака Паўла Вайніцкага — «Négritude».
На выставе прадстаўлены працы мастакоў, якія раскрываюць магчымасці такога матэрыялу як шкло — як пластычнасць, дэкаратыўнасць, актуальнасць і вобразнасць. Тэмы, на якія выказваюцца ў сваіх працах мастакі, — ад прапаганды да расавых праблем.
У прыватнасці, «Négritude» Паўла Вайніцкага ўяўляе сабой кампазіцыю: на рознакаляровых частках канструктара як на спартыўным пастаменце стаяць тры шкляных галавы-формы — белая, чорная і белая.
«Распачаты ў першае дзесяцігоддзе ХХ стагоддзя «Négritude» быў антыкаланіяльным культурным і палітычным рухам за адраджэнне афрыканскай культуры і ўвогуле каштоўнасці чарнаскурых людзей. Усяго стагоддзе таму было не так відавочна тое, што зараз з’яўляецца аксіёмаю — свет не належыць выключна беласкурым, усе людзі роўныя. Мая праца іранічна ставіць пад сумнеў канцэпцыю белага (каланіяльнага і посткаланіяльнага) панавання», — распавёў пра свой твор Reform.by Павел Вайніцкі.
Конкурс імя Збігнева Хорбова скіраваны на прамоцыю мастацкага шкла і дызайна як традыцыі рэгіёна Ніжняй Сілезіі і Уроцлава. У мэтах арганізатараў — пабудаваць мост паміж гісторыяй і будучыняй праз медыум гэтага ўнікальнага віду мастацтва.
Куратарам выставы ў Geppart Gallery выступіў доктар Марыуш Лабіньскі.
Дарэчы, сёлета ў Лондане распачынаецца выстава ў Shoreditch Arts Club, дзе будуць экспанавацца шкляныя аўтапартрэты, зробленыя Паўлам Вайніцкім у суаўтарстве са штучным інтэлектам.
Сообщить об опечатке
Текст, который будет отправлен нашим редакторам: