У Мінску адмыслоўцы аднавілі «Спевы да святой Імшы» — страчаны твор забытага беларускага кампазітара Фларыяна Міладоўскага

Культура
Фота: catholic.by.

У мінскім касцёле Найсвяцейшай Тройцы (святога Роха) на Залатой Горцы ў верасні прайшоў ІІІ Фестываль хрысціянскай культуры. Падчас яго адбылося першае выкананне страчанага твора беларускага кампазітара Фларыяна Міладоўскага (1819–1889) — «Спевы да святой Імшы» для хора, камернага ансамбля і аргана. Рэлігійны твор быў вернуты з забыцця беларускімі адмыслоўцамі, якія спачатку цудам выявілі рукапіс Фларыяна Міладоўскага ў архівах, а потым аднавілі яго незахаваныя часткі, піша Сatholic.by.

Навуковую распрацоўку выдання зрабіла кандыдат мастацтвазнаўства Святлана Шэйпа. Аўтар музычнай рэдакцыі, кампазітар Віктар Кісцень аднавіў незахаваныя старонкі арганнай партыі і некаторых духавых інструментаў. Карпатлівую працу па перакладзе вершаў беларускага польскамоўнага паэта Уладзіслава Сыракомлі зрабіла паэтка Юлія Шэдзько.

«Спевы да святой Імшы» доўгі час значыліся пад імём Станіслава Манюшкі — першага выканаўцы твора, сябра і паплечніка Фларыяна Міладоўскага, таму адмыслоўцы да гэтага часу не маглі выявіць п’есу. Аднак Імшу, дзякуючы Божаму Провіду, удалося выявіць у архівах, а потым і ў Варшаўскім музычным таварыстве імя Станіслава Манюшкі Святлане Шэйпа.

У бібліяграфічным апісанні да першага сшытка імя Міладоўскага сціпла значыцца ў канцы: «Станіслаў Манюшка. Спевы да св. Імшы для чатырох галасоў з суправаджэннем аргана (словы Уладзіслава Сыракомлі), музыка Фларыяна Міладоўскага». У каталагічных вопісах другога і трэцяга сшыткаў ён не ўзгадваецца ўвогуле. Блытаніна адбылася таму, што Імша зафіксавана ўласнай рукой Станіслава Манюшкі, які быў і ёсць надзвычай паважанай асобай у польскай культуры. Архіварыусы Варшаўскага музычнага таварыства імя Станіслава Манюшкі старанна збіралі ўсе матэрыялы, звязаныя з ім. З аднаго боку, такая акалічнасць нябачна ахоўвала рукапіс ад занядбання, а з іншага — прадвызначыла лёс дакумента: доўга знаходзіцца ў небыцці.

«Мне не ўдалося нават патрымаць рукапіс у руках, бо ён у вельмі кепскім стане, даступны толькі ў выглядзе мікрафільма. Дакумент складае вялікую колькасць аркушаў. Мая праца была ў тым, каб гэта ўсё звесці ў адну партытуру, харавую, аркестравую. Гэта заняла ў мяне больш за год», — распавяла мастацтвазнаўца.

Далей за музычную рэдакцыю ўзяўся кампазітар Віктар Кісцень, якому прыйшлося аднаўляць страчаныя часткі твора. Дакумент захаваўся не цалкам — не хапае чатырох частак з дзевяці. Выцвілі разлінееныя нотныя радкі, пабляк атрамант, былі забруджаны аркушы — усё гэта разам перашкаджала прачытанню музычнага тэксту.

«Я сутыкнуўся з такой праблемай, што, напрыклад, пашкоджана старонка, у якой адсутнічае некалькі тактаў. Напрыклад, на старонцы застаецца адзін такт. Магчыма там павінна быць шэсць тактаў і паўза — трэба было сабраць гэта ўсё, як пазл. Тое, што немагчыма было аднавіць, прыходзілася дадумваць, ужывацца ў вобраз Міладоўскага і ў гэтай стылістыцы дапісваць партыі», — падзяліўся сваімі ўражаннямі ад працы Віктар Кісцень.

І тым не менш твор быў вернуты з забыцця.

У Мінску адмыслоўцы аднавілі «Спевы да святой Імшы» - страчаны твор забытага беларускага кампазітара Фларыяна Міладоўскага
Святлана Шэйпа выявіла страчаны твор Фларыяна Міладоўскага. Фота: catholic.by.

Хто ж такі Фларыян Міладоўскі?

Будучы кампазітар нарадзіўся ў Мінску ў 1819 годзе ў сям’і калісьці багатай навагрудскай шляхты. Яго продкі пераехалі на Міншчыну пасля страты маёнтка ў пошуках сродкаў для існавання. Тут Фларыян даволі паспяхова вучыўся музыцы і лічыўся маладым віртуозам. Актыўная сольная канцэртная дзейнасць хлопчыка-віртуоза ў Мінску, Слуцку і Вільні працягвалася да 1834 года. Усе важныя імпрэзы ў Вільні з удзелам знакамітых выканаўцаў не абыходзіліся без Фларыяна, шматгранны талент якога выявіўся ў ансамблевым музіцыраванні і акампаніятарскім майстэрстве.

Паўстанне 1863–1864 гадоў падзяляла жыццё і творчасць Міладоўскага на дзве часткі. Цудам пазбегшы пакарання за ўдзел у ім, ён быў вымушаны эміграваць у Францыю. Міладоўскія пераехалі ў Страсбург, пасля ў Мец, дзе на працягу пяці гадоў Фларыян выкладаў фартэпіяна. Яго педагагічную дзейнасць абарвала захворванне вачэй, у выніку якога ў пачатку 1870 года ён страціў зрок. Паспяхова праведзеная аперацыя дазволіла Фларыяну займацца напісаннем музыкі, але актыўна працаваць ён ужо не мог. У апошнія гады Міладоўскі жыў у Бардо, дзе памёр 8 ліпеня 1889 года.

Галоўным пакліканнем Фларыяна Міладоўскага стала кампазітарская творчасць. Нягледзячы на прызнанне яго таленту Фэліксам Мендэльсонам, Станіславам Манюшкам, Міхалам Ельскім, уся вялікая спадчына Міладоўскага — вакальна-інструментальныя і камерна-інструментальныя кампазіцыі — сёння вядома нам толькі па назвах. На жаль, большасць твораў засталася толькі ў рукапісах, месцазнаходжанне якіх пакуль не выяўлена.

Напісанне твора «Спевы да святой Імшы», або музыкі да нязменных частак святой Імшы, было прымеркавана да інаўгурацыі Таварыства святой Цэцыліі, арганізаванага Станіславам Манюшкам і Фларыянам Міладоўскім у Вільні. У паперах Станіслава Манюшкі захаваўся сшытак з актам заснавання аб’яднання і нататкамі, што датычыліся збораў, рэпетыцый і фінансавых спраў — так званай хронікай Таварыства святой Цэцыліі, дзе акурат узгадваецца твор Фларыяна Міладоўскага: «Віленскія музыкі і аматары з мэтай пашырэння добрай і сур’ёзнай музыкі пажадалі аб’яднацца ў хор, каб спяваць падчас набажэнства найлепшыя творы замежных і мясцовых кампазітараў <…>».

Другое жыццё Імша набыла ў нашыя дні. Прэм’ера асобных нумароў «Спеваў да святой Імшы» адбылася ў студзені 2016 года з удзелам Акадэмічнага хору Белтэлерадыёкампаніі пад кіраўніцтвам Андрэя Саўрыцкага на фестывалі «Калядныя вечары на Залатой горцы», адзначае Сatholic.by. Сёлета падчас ІІІ Фестываля хрысціянскай культуры твор прагучаў цалкам.

Если вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.

REFORM.news (ранее REFORM.by)

Последние новости




Сообщить об опечатке

Текст, который будет отправлен нашим редакторам: