У Мінску адкрылі новы корпус Мінскага дзяржаўнага мастацкага каледжа імя А. К. Глебава, які будавалі 14 гадоў

Сёння ў Мінску ўрачыста адкрылі новы корпус Мінскага дзяржаўнага мастацкага каледжа імя А. К. Глебава па вуліцы Багдана Хмяльніцкага. «Мы адкрываем цэлы комплекс будынкаў з інтэрнатам [каледжа]. Пабудаваны ён на тым жа месцы, дзе знаходзіўся з 1947 года. Значыць, слаўная гісторыя будзе працягнута», — заявіў на адкрыцці прэм’ер-міністр Раман Галоўчанка. Але варта дадаць, што будаўніцтва новых будынкаў вялося 14 гадоў.

Гісторыя будоўлі пачалася яшчэ ў 2010 годзе, калі стары корпус «Глебаўкі», 1940-х гадоў, знеслі як аварыйны, і на яго месцы пачалі будаваць новы. З’явіўся каркас будучага будынка, але потым аднаўленне «заглохла» на без малага 12 гадоў. Работы на «даўгабудзе» былі адноўлены толькі ў 2022 годзе.

Фота: тэлеграм-канал «Культура і мастацтва».
Фота: Віталь Піваварчык, БелТА.

Як паведаміў на адкрыцці прэм’ер-міністр, на будаўніцтва новых аб’ектаў было выдаткавана 37 мільёнаў беларускіх рублёў. Гэта быў аб’ект са складанай гісторыяй, «але мы знайшлі магчымасць і аператыўна завяршылі гэты важны для нашай культуры аб’ект».

Новы будынак мае светлыя аўдыторыі, майстэрні з сучасным абсталяваннем, спартыўную, актавую залы і ўтульным інтэрнатам, паведамляе БелТА.

Фота: Віталь Піваварчык, БелТА.
Пакой у інтэрнаце/ Фота: Віталь Піваварчык, БелТА.

«Толькі дзякуючы Главе дзяржавы, Ураду, нашым паважаным будаўнікам мы атрымалі ў падарунак прыгожы, шматфункцыянальны будынак установы адукацыі ў сферы культуры, дзе створаны ўсе неабходныя ўмовы як для працы, так і для вучобы», — падкрэсліў міністр культуры Анатоль Маркевіч.

Раман Галоўчанка на мерыпрыемстве падзяліўся лічбамі наконт новаўзведзеных устаноў адукацыі.

«Толькі за апошнія некалькі гадоў пабудавана больш за 60 новых школ і дзіцячых садоў. Сёння сваю работу пачне яшчэ пяць школ і тры дзіцячыя садкі на 5,5 тысяч месцаў. Сёння ж адкрываецца новы інтэрнат Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта фізкультуры. Да канца года новы інтэрнат атрымае і БНТУ», — сказаў ён.

Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram

Если вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.

🔥 Поддержите Reform.news донатом!