Учора, 4 красавіка, у мінскім Палацы мастацтва адкрылася вялікая выстава беларускай і сустветнай кніжнай і станковай графікі. Пра тым, што экспазіцыю называюць найлепшай за гэты год — чаго вартыя такія імёны як Шагал, Пікаса, Напалеон Орда — беларуская частка праекта істотна пацярпела ад цэнзуры.
Праект складаецца з дзвюх экспазіцый: на першым паверсе Палаца мастацтва прадстаўлены творы беларускіх графікаў. На другім — працы сусветных мастакоў.
Што сказаць — другая частка выставы, якую арганізатары пазначылі назвай “Terra graphica”, уражвае геаграфіяй і прадстаўнічасцю сусветных імёнаў мастацтва. Марк Шагал, Сальвадор Далі, Восіп Цадкін, Пабла Пікаса, Лембіт Лыхмус, Ганна Главацка, Эльжбета Рудзікоўска, Напалеон Орда, Іаган Эліас Рыдзіргер, Вільям Хогарт, Шыгеа Рыша…
У экспазіцыі дэманструюцца арыгіналы графічных працаў выбітных мастакоў не толькі Еўропы — усяго свету. Гэтыя творы — са збораў беларускіх калекцыянераў, якія яны пагадзілася на час прадаставіць для публічнага прагляду. Гэтаксама ў экспазіцыі прысутнічае і графіка выбітных беларускіх мастакоў — Анатоля Тычыны, Георгія Паплаўскага ды іншых творцаў з фондаў Беларускага саюза мастакоў.
У першай частцы, нагадаем, экспануецца беларуская графіка, і тут адразу «ўзнікаюць пытанні». Бо ў цэлым на выставе можна знайсці творы не болей за дваццаці аўтараў — а для беларускай графікі, вядомай як моцнай школай, так і новымі аўтарамі, гэта відавочна замала. У экспазіцыі можна сустрэць працы такіх выбітных майстроў і класікаў, як Валерый Славук, Мікалай Селяшчук, Сямён Герус, але, напрыклад, на выставе нельга знайсці графіку многіх і многіх іншых мастакоў.
Як паведамілі Reform.by некалькі крыніцаў, выстава кніжнай і станковай графікі паўстала на месцы традыцыйнага праекта БСМ «Графіка года». Праект трансфармаваўся з-за цэнзуры ў дачыненні да мастакоў. Можна сказаць, што на выставе ў поўнай меры быў адпрацаваны новы механізм кантролю за зместам і ўдзельнікамі выставачных праектаў, які пачаў дзейнічаць з пачатку гэтага года.
Як паведамілі крыніцы, толькі на папярэднім этапе падрыхтоўкі выставы цэнзуру не прайшлі дзясяткі — амаль пад 50 — беларускіх мастакоў. Ды нават напярэдадні адкрыцця праекта, які арганізатары былі вымушаны «перафарматаваць», з экспазіцыі знялі яшчэ працы іншых аўтараў — тут дакладную колькасць не ўдалося высветліць. Агулам можна казаць, што «Графіка» з-за цэнзуры не далічылася твораў больш за паўсотні графікаў, — і гэта ўмовы, у якіх сёння вымушаны працаваць творчыя дзеячы.
«Добра тое, што гэта выстава ўвогуле адкрылася», — сумна жартуюць мастакі і раяць наведаць тыя часткі праекта, якія ўдалося ажыццявіць. «Магчыма, заўтра яшчэ што-небудзь каму-небудзь не спадабаецца, — хто яго ведае?», — кажуць яны, канстатуючы, што сёння акрамя цэнзуры Міністэрства культуры актыўна дзейнічаюць і іншыя «представители неравнодушной общественности» — праўладныя блогеры.
Выстава «Графіка» будзе працаваць да 23 красавіка.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.by у Telegram
Сообщить об опечатке
Текст, который будет отправлен нашим редакторам: