У мінскім кінапракаце замест «Аппенгеймера» і «Барбі» прапануюць «Жанну Дзюбары» і «Горад астэроідаў»

Культура
Кадр з фільма "Жанна Дзюбары".

Дзве гучныя прэм’еры гэтага лета «Аппенгеймер» Крыстафера Нолана і «Барбі» Грэты Гервіг праходзяць міма мінскага кінавідэапраката. Ва ўсялікім разе пакуль. Замест нашумелай драмы пра стваральніка ядзернай бомбы Роберта Аппенгеймера і камедыйнага блокбастара пра ляльку Барбі, якую выгналі з цацачнага горада за думкі пра смерць, мінчанам у кінатэатрах даступныя «вяртанне Джоні Дэпа» — фільм «Жанна Дзюбары» Майвен ле Беско і «Горад астэроідаў» Уэса Андрэсана.

Касцюміраваная меладрама «Жанна Дзюбары» дэманструецца ў мінскім пракаце з 20 ліпеня.

Карціна, што сёлета адкрывала Канскі кінафестываль, распавядае гісторыю мадысткі Жанны Вабернье — жанчыны нізкага паходжання, якой удаецца заваяваць увагу караля Людовіка XV і стаць яго фаварыткай. Ролю спадарыні Дзюбары ў стужцы грае ўласна рэжысёрка — Майвен, караля — Джоні Дэп, які вярнуўся ў «вялікае кіно» пасля няміласці і судовых працэсаў.

У вытворчасць карціны былі ўкладзены, у тым ліку, і грошы расійскай кампаніі, і гэта выклікала хвалю абмеркаванняў на Канскім кінафестывалі. Аднак дыскусіі зусім не перашкодзілі стужцы стаць фільмам-адкрыццём прэстыжнага форуму, і далей трапіць у міжнародны пракат. У тым ліку, расійскі і — адпаведна — беларускі.

Камедыйна-рамантычную драму «Горад астэроідаў» Уэса Андэрсана абяцаюць у беларускім кінапракаце — з 27 ліпеня.

«1955 год, невялікае выдуманае мястэчка, размешчанае ля кратэра, які застаўся пасля падзення астэроіда тысячы гадоў назад. Штогод у гэтым месцы праводзіцца збор юных астраномаў, у якім удзельнічаюць вучні, іх сем’і, настаўнікі, а таксама вайскоўцы. Чарговы такі злёт рэзка перарываецца падзеямі, здольнымі змяніць свет», — так гучыць анатацыя да кіно славутага аўтара «Французскага весніка», «Выспы сабак», «Гатэлю «Гранд Будапешт», «Каралеўства поўнага месяца» ды іншых карцін.

Россып зорак — Том Хэнкс, Скарлет Ёхансан, Эдварт Нортан, Тыльда Суінтан, Эдрыен Броўдзі, Мэт Дылан, Джэйсан Шварцман, Уілем Дэфо, Марго Робі…, слынныя колеры і святло, пастаноўка ў пастаноўцы — у фільме ставяць спектакль пра дзіўнае мястэчка, закінутае сярод пяскоў, выдатная аператарская праца і… папрокі крытыкаў у самапаўторы рэжысёра і фармалізме, які прэваліруе над сэнсам. Так ці інакш, глядачу даецца магчымасць самому паставіць адну ці некалькі зорачак карціне вядомага амерыканскага візіянера.

Што да вышэйзгаданых «Аппенгеймера» і «Барбі», ёсць звесткі пра тое, што стужка Грэты Гервіг усё ж дабярэцца да вялікіх экранаў у Мінску. Паводле Onliner.by, кінапрастора moon анансавала выхад фільма пасля 27 ліпеня, але гэта, што называецца, не дакладна.

 

У выпадку ж візіянерскага блокбастэра Крыстафера Нолана «Аппенгеймер» з Кіліянам Мэрфі ў галоўнай ролі — пра вучонага, які прагнуў стварыць «вялікае» і ўбачыў у сваім адкрыцці вялікую ж пагрозу і жах — інфармацыі пра трапленне апошняга опуса Нолана ў беларускі пракат звестак не было.

Нагадаем, у студзені 2023 года ў Беларусі быў узаконены так званы паралельны імпарт. Цяпер дазваляецца выкарыстоўваць без згоды праваўладальнікаў праграмнае забеспячэнне, музыку, фільмы і тэлеперадачы.

Если вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.

🔥 Поддержите Reform.news донатом!
REFORM.news (ранее REFORM.by)

Последние новости




Сообщить об опечатке

Текст, который будет отправлен нашим редакторам: