Падчас фестывалю Wszystkie Mazurki Świata ў Варшаве фалькларыстка Алена Ляшкевіч правядзе майстар-клас пад музыку беларускага гурта “Куфар”.
На майстар-класе навучаць беларускім самым старажытным традыцыйным танцам, у якіх паўтараюцца рухі птушак і імітуюццца сельскагаспадарчыя работы. Часта такія танцы вылучаліся з цырыманіяльных тэатралізаваных паказаў, затым адаптаваліся да парных танцаў, але захоўвалі шэраг ранейшых элементаў.
Прасочаць, як гэта старажытная традыцыя ўплывала на пазнейшыя танцы, гэта значыць так званыя гарадскія танцы, якія трапілі ў беларускую вёску, хутчэй за ўсё, толькі ў XX стагоддзі.
Таньчыць будуць у парах, тройках, чацвёрках і ў коле. Імпрэза завершыцца так, як на сапраўдных вясковых танцах: імправізаванай полькай.
Запрашаюцца ўсе ахвочыя, з любым узроўнем танцавальнай падрыхтоўкі (і без яе).
Пажаданні ад арганізатараў: узяць з сабой пітную ваду і зручны абутак: мужчынам на плоскай падэшве з так званым лёгкім слізгаценнем, а дамам — з невысокім абцасам.
Алена Ляшкевіч — фалькларыстка, якая праводзіла палявыя даследаванні ў розных частках Беларусі, найбольш ў Палессі і Прыдняпроўі, а пазней на Падляшшы і Куявах. Цікавіцца штогадовымі абрадамі, этнаграфіяй шляхты, танцамі і песнямі.
Гурт «Куфар» складаецца з беларускіх музыкаў (Антось Бельскі, Лізавета Рэут і Наста Бельская), якія жывуць цяпер у Варшаве. Гурт выконвае традыцыйную танцавальную музыку з розных рэгіёнаў Беларусі, надаючы асаблівую ўвагу паўночнай частцы краіны (адсюль і большасць запісаў беларускіх валынак). Удзельнікі гурта прытрымліваюцца традыцыі і чэрпаюць натхненне ў музычнай спадчыне вясковых музыкаў. Музыкі пачалі граць разам у 2021 годзе на мерапрыемствах «Дударскага клуба» ў Мінску. З канца 2023 года гурт выступае пад назвай «Куфар».
Дадатковая інфармацыя і квіткі па спасылцы.
Дата: 25 лістапада
Час: 12.30–14.30
Месца: Варшава, Strzelecka, 11, Pałacyk Ksawerego Konopackiego
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.by у Telegram
Сообщить об опечатке
Текст, который будет отправлен нашим редакторам: