У Лейпцыгу пад назвай «Выклікі ўмоў» прайшоў фестываль «Revolutionale», на якім даследавалі вынікі наступстваў сацыяльнага падзелу, аўтарытарных рэпрэсій і таталітарнага кіравання. Акрамя нямецкіх удзельнікаў на фестываль запрасілі таксама гасцей з Арменіі, Грузіі, Беларусі, Турцыі, Украіны.
Сферай цікавасці фестывалю сталіся пратэсныя рухі і барацьба за свабоду ў аўтарытарных рэжымах з 1989 года па цяперашні час. «У Цэнтральнай і Усходняй Еўропе і за яе межамі мы занепакоеныя ўзмацненнем антыдэмакратычных і аўтарытарных сіл, — паведамляецца на старонцы фестывалю. — Рэйтынгі адабрэння правых, антыдэмакратычных партый па ўсёй Еўропе, дэзінфармацыя і прапаганда, агрэсіўная вайна Расеі супраць Украіны, сістэматычныя рэпрэсіі супраць беларускай апазіцыі, этнічныя чысткі ў Нагорным Карабаху ці нават расійскі ўплыў у Грузіі з’яўляюцца шакавальнымі сведчаннямі пагрозы дэмакратычным і плюралістычным каштоўнасцям».
Беларусь прадстаўлялі сябры Беларускаг ПЭНа — Таццяна Нядбай, Ірына Козікава і Дзмітрый Строцаў.
Беларускі ПЭН на сваёй стронцы надрукаваў справаздачу з імпрэзы: «У самыя цяжкія, чорныя часы нашыя пісьменнікі даказваюць: патрэба самавыяўлення не можа быць зняволеная, — адзначаюць у справаздачы. — Яна здольная змяняць думкі грамадства, прабуджаць, узрушаць пачуцці і выклікаць моцныя эмоцыі. Новымі класнымі творамі беларускія літаратары зноў і зноў даказваюць: ніякія абмежаванні творцаў не могуць задушыць свабоды слова, а ўседазволенасць і бязлітаснасць таталітарных уладаў паспяхова аспрэчваюцца сілай таленавітага пяра».
Таццяна Нядбай распавяла пра палітзняволенага Нобелеўскага лаўрэата Алеся Бяляцкага, а перакладчыца Ціна Вюншман прачытала колькі фрагментаў з кнігі «Алесь». Ірына Козікава расказала пра лёс свайго брата Максіма Знака. Прагучалі вершы супраціву Дзмітрыя Строцава і Таццяны Нядбай.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram