У Крэўскім замку раскапалі падмуркі трэцяй вежы

Раней меркавалася, што Крэўскі замак мае ў плане трапецыю з дзвюма вежамі па вуглах.

Некалькі дзён таму падчас археалагічных раскопак знайшлі падмуркі трэцяй вежы.

Кіраўнік раскопак кандыдат гістарычных навук археолаг Алег Дзярновіч паведаміў, што гэта вельмі важнае адкрыццё і для гісторыі Крэўскага замка, і для гісторыі даследаванняў пачатку мураванага абарончага дойлідства Вялікага Княства Літоўскага.

Мінулы археалагічны сезон дазволіў лакалізаваць малую браму з унутрывежавым лесвічным тунэлем у ёй, знаходкі важныя для рэканструкцыі вялікай брамы.

Выяўленыя падмуркі трэцяй вежы. Фота: facebook/kreva.park

Цяпер у куце замка быў раскапаны вялізны падмурак, шырынёй пад два метры (192-194 см). Таксама з дапамогай польскіх калег удалося падняць матэрыялы польскага міжваеннага абследавання, і на іх таксама абазначаны рэшткі тых пабудоў, якія сёння можна інтэрпрэтаваць як вежу, — паведаміў гісторык.

У тым жа куце магла быць і трэцяя брама, таму замак у гэтым месцы найбольш зруйнаваны, магчыма, што менавіта тут войскі князя Свідрыгайлы ў 1433 годзе, падчас дынастычнай барацьбы, прарваліся ўнутр. Вежа была пашкоджана і больш не аднаўлялася.

Структура Крэўскага замка была больш складанай, разнагалінаванай і больш функцыянальна насычанай, — зрабіў высновы Алег Дзярновіч.

Нагадаем, што цяпер адбываецца кансервацыя, рэстаўрацыя і археалагічныя даследаванні Крэўскага замка, унікальнага помніка абарончага дойлідства пачатку XІV стагоддзя (паводле іншых меркаванняў — канца ХІІІ). У Крэўскім замку размяшчалася рэзідэнцыя вялікіх князёў.

Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.by у Telegram

Если вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.

🔥 Поддержите Reform.news донатом!