У паўднёвай галерэі Гомельскага палацава-паркавага ансамбля 15 снежня адкрыецца выстава сусветнавядомага графіка і жывапісца, ураджэнца Рагачова Анатоля Каплана. Яна прымеркавана да 120-годдзя аўтара, якое будзе адзначацца 10 студзеня 2023 года.
«Каплан з Рагачова» — так называлі габрэйскага мастака Анатоля Каплана пры жыцці яго знаёмыя. У гісторыі мастацтва аўтар вядомы больш як савецкі (рускі) графік, «чые творы адлюстроўвалі яго габрэйскае паходжанне». Таленавіты аўтар афортаў, жывапісец, кераміст, скульптар — мастак большую частку жыцця пражыў у Санкт-Пецярбургу, але атрымаў міжнароднае прызнанне, выстаўляючыся ў еўрапейскіх краінах, ЗША і Ізраілі.
Апошняе дзесяцігоддзе ў Беларусі спадчына слыннага творцы пачынае асэнсоўвацца і ў беларускім кантэксце. Бо як вядомы ягоны калега і настаўнік Марк Шагал, чыя творчасць непарыўна звязана з Віцебскам, Анатоль Каплан шмат пісаў у сваіх творах беларускія мястэчкі, родны Рагачоў, нягледзячы на жыццёвую геаграфію. Шэраг выстаў мастака, у тым ліку на гэту тэму, ладзіліся ў беларускіх музейных установах не так даўно. Гэтаксама яшчэ ў 2020-м у сваю калекцыю «Арт-Беларусь» «Белгазпрамбанк» набыў керамічную вазу аўтарства Каплана.
Што да выставы ў Гомельскім палацава-паркавым ансамблі, то «на ёй будуць прадстаўленыя больш за 40 твораў жывапісу і графікі са збораў Рагачоўскага музея Народнай Славы і музея Гомельскага палацава-паркавага ансамбля», — адзначаецца ў анатацыі.
Рагачоўскі музей Народнай Славы валодае калекцыяй твораў мастака, якую ўстанове ў 2014 годзе падарыў расійскі мецэнат і калекцыянер Ісаак Кушнір.
«Творы Анатоля Каплана захоўваюцца ў музеях Ватыкана, Нью-Ёрка, Іерусаліма, Амстэрдама, Лондана, у Дрэзданскай карціннай галерэі, у Нацыянальнай галерэі Канады, Рускім музеі і Траццякоўскай галерэі. У 1965 годзе Анатоль Каплан быў удастоены сярэбранага медаля на Міжнароднай выставе мастацтва кнігі ў Лейпцыгу, а на наступны год яму прысудзілі ганаровыя ўзнагароды на Венецыянскай біенале і на 2-й Міжнароднай выставе прыкладной графікі ў Брно», — даюць прадстаўленне аб значнасці імя арганізатары падзеі.
«Жывучы і працуючы ў Ленінградзе, мастак заўжды з цеплынёй ставіўся да свайго роднага краю і ўсяляк намагаўся захаваць яго як у памяці, так і ў сваіх шматлікіх працах», — даецца ў апісанні да экспазіцыі.
Выстава ў Палацы Румянцавых і Паскевічаў, якая носіць назву «Анатолий Каплан: самородок из Рогачева», працягнецца да канца лютага.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.by у Telegram