Серыял «Працэсы» тэлекампаніі «Белсат» трапіў у фіналісты 63-ай штогадовай прэміі Rose d’or Awards, якая вылучае дасягненні ў міжнароднай тэлеіндустрыі. Вядомая абсурдысцкая антыўтопія Андрэя Кашперскага і Міхаіла Зуя была адабрана ў фінал узнагароды з больш за 700 заявак з 30 краін.
У склад журы прэміі ўваходзілі больш за 100 кіраўнікоў вяшчальных кампаній, дыстрыб’ютараў і прадзюсараў з усёй міжнароднай тэлевізійнай індустрыі.
«Для суддзяў заўсёды вялікая радасць бачыць такую крэатыўнасць у міжнароднай тэлевізійнай індустрыі, што яшчэ больш ўскладняе задачу адбору з сотняў заявак да некалькіх фіналістаў у кожнай катэгорыі», — адзначые Жан Філіп дэ Тэндэр, дырэктар па СМІ і намеснік генеральнага дырэктара Еўрапейскага вяшчальнага агенцтва Саюз (EBU).
Старшыня журы Прэміі Rose d’or Awards Марк Роўленд дадаў, што сёлета конкурэнцыя сярод заяўнікаў была як ніколі моцнай. «У суддзяў быў неверагодна багаты выбар шоу-праграм. Дзякуй усім, хто прыняў удзел, і жадаем поспеху нашым выдатным фіналістам», — сказаў ён.
«Працэсы» ўвайшлі ў лік шасці намінантаў на прэмію ў катэгорыі «Мультыплатформа». Канкурэнцыю серыялу складаюць праекты з Бельгіі, Вялікабрытаніі, Гіспаніі, Нідэрландаў і Аўстраліі.
Цырымонія ўзнагроджання пераможцаў Rose d’or Awards адбудзецца 2 снежня ў King’s Place у Лондане.
Прэстыжная прэмія Rose d’or Awards вызначае залаты стандарт дасканаласці і дасягненняў у галіне стварэння міжнародных тэле — і аўдыёпраграм. Узнагарода была створана швейцарскім тэлебачаннем у 1961 годзе ў горадзе Монтре, і з тых часоў з’яўляецца флагманскай падзеяй для Еўрапейскага Вяшчальнага Саюза і міжнароднай тэлеіндустрыі.
У 2019 годзе EBU заключыў партнёрства з міжнароднай выдавецкай кампаніяй і падраздзяленнем лічбавых каналаў C21Media, каб узяць на сябе арганізацыю прэміі Rose d’or Awards. У снежні 2019 года сэр Лэні Генры ўпершыню правёў 58-ю цырымонію ўручэння «Залатой ружы» на Кінгс-плейс у Лондане.
Нагадаем, што ў серыяле беларуска-польскай вытворчасці здымаліся: Ігар Сігоў, Андрэй Новік, Алег Гарбуз, Валянціна Гарцуева, Зоя Белахвосцік, Яна Траянава, Аляксандр Гарцуеў і іншыя акторы.
Пачытаць рэцэнзію Reform.news на «Працэсы» можна тут.
Паглядзець серыял тут.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram