На плошчы Міцкевіча ў Познані адкрылася інсталяцыя «Нязломныя» з партрэтамі беларускіх праваабаронцаў, асуджаных па палітычных артыкулах. Гэта старшыня Праваабарончага цэнтра «Вясна», нобелеўскі лаўрэат Алесь Бяляцкі, яго калегі па «Вясне» Валянцін Стэфановіч, Уладзімір Лабковіч і валанцёры цэнтра Марфа Рабкова і Андрэй Чапюк.
«Нязломныя» нагадваюць пра драматычную рэальнасць, у якой апынулася Беларусь: сярод амаль 1400 зняволеных, што знаходзяцца ў беларускіх турмах паводле палітычных прычынаў, пазбаўлены волі і тыя, хто заўжды імкнуўся дапамагаць беларусам абараняць свае законныя правы і свабоды, — піша «Вясна», якая з’яўляецца арганізатарам выставы.
Партрэты зробленыя з іржавай рашоткі, якая асацыюецца з калоніяй. Зблізку партрэты не разгледзець, але калі адысці далей і сфакусаваць погляд, то перапляценні рашоткі ператвараюцца ў чытэльныя выявы.
Партрэты стварыў беларускі мастак, які прайшоў праз ізалятар на Акрэсціна.
Арт-інсталяцыя «Нязломныя» была створаная ў межах кампаніі салідарнасці з палітзняволенымі праваабаронцамі «Вясны» #FreeViasna. Праект ужо быў паказаны ў цэнтры Вільні (Літва).
Узгадніць праект з гарадскімі ўладамі Познані дапамагала Fundacja KUT. 25 верасня, да дня нараджэння Бяляцкага (яму спаўняецца 62 гады), фундацыя правядзе ў Познані вечар салідарнасці.
Выстава на плошчы Міцкевіча будзе працаваць да 7 кастрычніка.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram