Прэм’ерай чыткі п’есы «Экстрэмісты» Юлі Цімафеевай 27 кастрычніка адкрыецца ў Берліне ў Maksim Gorki Theater праект «Пакуль гісторыя піша сябе сама» (While history writes itself). У яго межах аўтары і аўтаркі з постсавецкага і постаюгаслаўскага рэгіёнаў — з Грузіі, Малдовы, Сэрбіі, Харватыі, Беларусі і Украіны — стварылі тэксты для тэатра пра актуальную жорсткую рэчаіснасць — пра калектыўныя траўмы і боль, гістарычныя пераемнасці ды асабістыя перспектывы.
П’еса паэткі, пісьменніцы і перакладчыцы Юлі Цімафеевай распавядае пра цяперашнюю сітуацыю ў Беларусі. Калі пасля прэзідэнцкіх выбараў 2020 года і наступных пратэстаў супраць іх фальсіфікацыі рэпрэсіі ў краіне толькі ўзмацніліся. «Спектакль распавядае пра рэчаіснасць палітвязняў у Беларусі», — адзначаецца ў анатацыі.
«На дадзены момант у Беларусі больш за паўтары тысячы палітвязняў, — піша на сваёй старонцы ў Facebook Юля Цімафеева. — І гэта толькі тыя, пра каго ведаюць праваабаронцы. «Экстрэмісты» — гэта палітычна-паэтычны тэкст пра тых, чые адзіная зброя і адзінае злачынства, — гэта голас, пра беларускіх палітвязняў.
Я хачу сказаць дзякуй маім дарагім былым палітвязням Пятру і Юліі, чыя гісторыя легла ў аснову гэтай п’есы; пісьменніку і мужу Альгерду, які мяне падтрымліваў на ўсім шляху яе стварэння; і, вядома, Ёханнэсу К., які мяне запрасіў у гэты праект», — дадае яна.
Пераклад п’есы — Ціны Вюншман.
Рэжысёр чыткі «Экстрэмістаў» — Саша Марч.
У спектаклі задзейнічаны акцёры — Ліза Мюлер, Дога Гюрэр, Мацільда Маак.
П’еса беларускай аўтаркі будзе дэманстравацца 27 і 28 кастрычніка ў Studio Я берлінскага Maksim Gorki Theater разам з яшчэ дзвюма п’есамі — Кацярыны Пеньковай «Барбажиньці цибулевої масті» і Тані Шлійвар «Нацыянальны тэатр».
У праекце гэтаксама прымаюць удзел Давіт Габуня, Наталля Граур, Іван Сайко, Марта Гурніцка.
Пісьменніцкая майстэрня «Пакуль гісторыя піша сябе сама» ініцыявана Сашай Марыяннай Зальцман.
Набыць квіткі на спектаклі праекта можна тут. Прынамсі на 27 кастрычніка ўжо sold out.
Юля Цімафеева — беларуская паэтка, пісьменніца і перакладчыца. Аўтарка чатырох паэтычных зборнікаў на беларускай мове і дакументальнай кнігі «Мінскі дзённік», напісанай на англійскай мове. Яе творы перакладаліся на многія мовы і з’яўляліся ў розных праектах, зборніках і часопісах. Яе апошнія кнігі на нямецкай мове — Der Angststein. Gedichte (edition.fotoTAPETA, 2022) і Minsk. Die Stadt, die ich vermisse. Fotografie. Gedichte (EDITIONfrölich, 2022).