«У дзень шаснаццацігоддзя сваёй дачкі Камілы Пётр прыходзіць дадому і знаходзіць яе ў крыві і без прытомнасці. З таго моманту іх жыццё незваротна змяняецца», — трыццаціхвілінная стужка беларуска-польскай рэжысёркі Мары Тамковіч у анатацыі нагадвае трылер, але насамрэч гэта адна з наймацнейшых драм апошніх гадоў у кіно Усходняй Еўропы ды не толькі. У карціне падымаецца праблема забароны абортаў у Польшчы, але «Дачка» — глядзіць шырэй за лакальную сітуацыю. Фільм распавядае ўніверсальную гісторыю гвалту і несправядлівасці, агаляючы заганныя працэсы ў сістэме — і таму ён блізкі кожнаму гледачу.
Ды ўсё ж фемінісцкі пасыл кіно Мары Тамковіч адмаўляць нельга.
Па словах рэжысёркі, гэтая гісторыя і вобразы, якія яна стварае ў фільме, — гэта зборнік розных аповедаў, якія яна збірала ў працэсе падрыхтоўкі да здымак: знаёмілася з тым, як разглядаюцца справы ў паліцыі, як у сістэме выглядае змаганне за справядлівасць, калі дзяўчына становіцца ахвярай.
У выніку створаная праца ўражвае як надзённай павесткай, і так і ладна расказанай гісторыяй, калі глядач разумее ўчынкі герояў і іх матывацыю.
Пры гэтым карціна адметная не толькі рэжысурай, але выбітнай аператарскай працай.
«Дачка» дэманстравалася на некалькіх дзясятках кінафестываляў, і была адзначана ўзнагародамі на кінафорумах у Польшчы, Аўстрыі, Грэцыі, ЗША — у тым ліку за рэжысуру, аператарскую працу і сцэнар.
У інтэрв’ю Reform.by Мара Тамковіч адзначала, што яе крыніцы натхнення ў кіно — гэта польскі і скандынаўскі кінематограф.
«У маім выпадку складана казаць пра ўплыў нейкага аднаго польскага майстра. Я – выхаванка польскіх кінашколаў: Варшаўскай кінашколы, кінашколы Вайды, і ў маім кантэксце польскае натхненне, хутчэй, – «собирательный герой». Кожны польскі фільм у пэўным сэнсе паўплываў на мяне, — казала яна. — Але дадам, што я таксама цаню і скандынаўскі кінематограф».
У гэтым сэнсе можна адзначыць крыху «нуараўскую» стылістыку фільма ды пры гэтым моцны сацыяльны пасыл стужкі.
VODBLISK — анлайн-кінатэатр, які імкнецца прасоўваць незалежнае беларускае кіно і даваць голас незалежным беларускім фільммэйкерам і фільммэйкеркам. Новыя фільмы з’яўляюцца на платформе штомесяц, доступ да любога з іх можна купіць на 30 дзён. Гледачы, якія знаходзяцца на тэрыторыі Беларусі, могуць глядзець увесь рэпертуар медыятэкі VODBLISK у 2023 годзе бясплатна, доступ да аднаго фільма з-за мяжы каштуе 5 долараў.
Глядзець новы фільм у яго раскладзе — «Дачку» Мары Тамковіч — можна тут.