19 чэрвеня адзначаецца 100-годдзе нашага класіка Васіля Быкава (1924–2003).
Васіль Быкаў пражыў вельмі доўгае жыццё, прайшоў вайну, знаходзіўся ў першых шэрагах змагання за незалежнасць Беларусі. Быў прэзідэнтам Беларускага ПЭН-цэнтра і Згуртавання беларусаў свету «Бацькаўшчына», на першых прэзідэнцкіх выбарах стаў даверанай асобай кандыдата Зянона Пазняка.
І на ўсіх паваротах уласнага лёсу ён застаўся асобай вельмі цэласнай, не толькі ў грамадскіх учынках, але і ў творчасці.
Заставаўся маральным камертонам і ў савецкія часы, калі пісаў ваенную прозу, і ў 1990-я. Менавіта таму апошнія гады жыцця мусіў правесці на чужыне, вярнуўшыся на радзіму паміраць.
Шматграннасць зробленага ім у літаратуры, моц яго постаці будуць раскрывацца і пераасэнсоўвацца наступнымі пакаленнямі. Ужо цяпер, з перспектывы таго, што з намі адбываецца, мы па-іншаму глядзім на гэтую асобу. Як? Мы вырашылі задаць вельмі розным людзям падобныя пытанні, каб зразумець, у чым стрыжань Быкава і калі будзе пачутае тое, пра што ён папярэджваў, уздымаючыся ў літаратуры і публіцыстыцы да глыбокіх экзістэнцыйных разваг.
Святлана Курс, пісьменніца
— Быкаў у сваім жыцці і творчасці заставаўся цэласнай асобай і правёў сваю галоўную тэму праз усе драматычныя часы. Які стрыжань быў унутры яго, што яго трымала?
— Ён усё жыцьцё быў сабой. Гэта адзін з нацыянальных беларускіх характараў — максымальна цьвёрды, закрыты, засяроджаны, сьціплы ня зь беднасьці, а з эканоміі вонкавых праяваў. Як нашыя паўночныя пяшчаныя выдмы з соснамі, якія ён апісваў – тры фарбы, жоўценькі пясочак, шараваты мох, зеленаватая хвоя, гранічная чэснасьць.
— Як на вас асабіста паўплывалі яго творы, яго асоба?
— Я прачытала «Трэцюю ракету» гадоў у 10, была на ягоным пахаваньні. Паміж гэтымі дзьвюма падзеямі была дуга развіцьця майго характару. Думаю, што кожны беларус павінен жыць так, каб на ягоным пахаваньні лілася імклівая бел-чырвона-белая рака ў пяцьдзясят тысяч чалавек. Тады ў нас усё атрымаецца.
— Быкаў у 1990-я быў маральным аўтарытэтам, чаму ён не змог дагрукацца да большасці. Чаму не змог паўплываць на лёсавызначальныя рашэнні? Біў у набат, але ці быў пачуты? Калі яго пачуюць?
— Людзі ня любяць біцьця ў набат, асабліва стомленыя людзі. Хто быў у стане, той пачуў і чуе, і пачуе яшчэ. Як пяе Шалкевіч пра народ: «Годзе зноў яго пхаць пад чарговыя танкі, пад чарговыя штандары ўціскаць».
Сяргей Навумчык, дэпутат Апазыцыі БНФ у Вярхоўным Савеце 12-га склікання
— Быкаў заставаўся цэласнай асобай праз усё сваё жыццё? У чым ён знаходзіў апірышча, што яго трымала?
— Якраз цяпер я перачытаў некаторыя творы Быкава розных часоў і пераканаўся, што калі казаць пра стрыжнёвую ідэю, яна заставалася нязьменнай: выбар чалавека ў няпростых, экстрэмальных сытуацыях. А вось умовы зьмяніліся – дзеяньне магло адбывацца не на вайне, а ў часы БНР, а афіцэр у якасьці пэрсанажу мог саступіць месца палітвязьню (як у прыпавесьці «Сьцяна»). А трымала яго, думаю, боязь схлусіць. Ці, іншымі словамі — вернасьць жыцьцёвай праўдзе.
— Ці паўплываў на вас Васіль Быкаў?
— Я пазнаёміўся з Быкавым яшчэ школьнікам, таму, канешне, уплыў быў значны ўжо ў тыя часы, калі чалавек фармуецца як асоба, але наўрад ці гэта каму цікава, акрамя маіх сяброў. Затое магу сказаць пра значнасьць Быкава для актывістаў Народнага Фронту, які на мяжы 1980-х — 1990-х выступаў авангардам у змаганьні за незалежнасьць і дэмакратыю. Васіль Уладзімеравіч быў членам Сойму БНФ, ніводнага паседжаньня не прапускаў, выступаў у прэсе, езьдзіў з намі на сустрэчы ў рэгіёны. Большасьць літаратараў такое ігнаравалі, пэўна, думалі, што дэмакратыя будзе назаўсёды. А Быкаў – лічыў гэта важным. Дэмакратычныя перамены тады адваёўваліся, што называецца, па міліметры, і вось гэтае адчуваньне падтрымкі Быкава для нас было вельмі істотным. А ў нейкія крытычныя моманты і вызначальным.
— Быкаў у 1990-я быў маральным аўтарытэтам, чаму ён не змог паўплываць на лёсавызначальныя рашэнні?
— Адказ вельмі просты. Быкаў казаў, што без незалежнасьці, без нацыянальных каштоўнасьцяў беларусы ня будуць мець шчасьця і нават проста заможнага жыцьця. Гэта не магло ўспрымацца абсалютнай большасьцю насельніцтва, якое пакаленьнямі выхоўвалася ва ўмовах расейскай акупацыі (спачатку царскай, потым камуністычнай).
Гэтыя больш як два стагодзьдзі акупацыі, бясспрэчна, паўплывалі на мэнталітэт, і каб зьмяніць ці хаця б адкарэктаваць яго, мала было тых некалькіх гадоў адноснай незалежнасьці і адноснай свабоды, якія былі да 1994 году. Калі нацыя пачуе Быкава – мне цяжка сказаць. Магчыма, вельмі няхутка. Але перакананы, што калі не пачуе – яна зьнікне.
Света Бень, музыка, паэтка, рэжысёрка
— Як на вас паўплывалі творы і асоба Быкава?
— Я ўспрымаю Васіля Быкава як постаць дзядулі, якога ў мяне ніколі не было. Для майго пакалення — дзядуля быў як цуд, таму што шмат мужчын старэйшага ўзросту загінула на вайне, хтосьці памёр заўчасна ад таго, што жыў пад акупацыяй ці згубіў здароўе падчас вайны. Шмат іх было выбіта, знішчана, быў такі разрыў пакаленняў. Таму калі я чытала ў школе творы Быкава, мне падавалася, што гучыць голас сапраўднага дзядулі, якога ў мяне не было. Голас, які расказвае ўсё, як ёсць. Шчыра, дакладна, не заігрываючы ні з маім узростам, ні з чым, — вельмі спакойна, канструктыўна і разважліва даводзіць свой досвед. І гэта чапляла і выклікала ў мяне павагу. І зараз выклікае. Тут, у эміграцыі, адна з першых кніг, якую я набыла — гэта двухтомнік Васіля Быкава. Ён зараз стаіць у мяне на паліцы, і мяркую, што самы час яго перачытаць.
У прозе Быкава, на маю думку, нягледзячы на тое, што гэта вельмі дакладная, суворая проза, ёсць шмат пяшчотнага, любові да чалавека. Мяне вельмі кранала такая загадка — той жа «Сотнікаў». Быкаў быццам бы разумеў і неяк па-чалавечы выбачаў той выбар, які зрабіў Рыбак. Таму што гэта вельмі страшны выбар. Не ад кожнага чалавека можна патрабаваць гераічных учынкаў. Мне падаецца, што Быкаў намагаўся ўзняць гэта пытанне: як цяжка было выбіраць беларусам, які апынуліся пад акупацыяй, як гэта ўвогуле.
Пісьменнік не даваў аднабаковых адзнак усяму; яго проза давала нам час падумаць. Адна справа судзіць, калі ты жывеш у бяспечным, легкадумным свеце, а іншая — калі падобны выбар робіш ты сам. І мне падаецца, што сёння акурат такі час.
— Чаму Быкаў не быў пачуты ў 1990-я, калі вызначаўся лёс нацыі?
— Гэта пытанне можна пашырыць — чаму ўвогуле ніхто з беларускіх дзеячаў культуры не здолеў быць пачутым вялікай колькасцю людзей? Можна назваць такія прычыны: гэта панаванне і засілле расійскай павесткі і культуры на працягу многіх гадоў, складаныя палітычныя працэсы… Але мне падаецца, што ў аніякай краіне ніхто з выбітных асобаў не здолеў істотна паўплываць на падзеі, каб не адбылося страшных, трагічных змен. Не хочацца прыводзіць у прыклад Расію, але той жа акадэмік Ліхачоў і іншыя постаці рабілі неверагодныя рэчы, каб дабро перамагло зло. Але ўсё роўна голас разумнага чалавека, які супрацьстаўляе сябе цемрашальству — не ўспрымаўся большасцю. Бо гэты голас мае іншую гукавую частату. Але на тых людзей, якія яго чуюць — ён мае вельмі моцны ўплыў.
Павел Баркоўскі, філосаф
— Быкаў савецкага часу і Быкаў 1990-х… Ці можна сказаць, што ён пісаў пра адно і тое ж? Што чалавек застаўся цэласным і правёў сваю галоўную тэму праз усе драматычныя часы? Які стрыжань быў унутры гэтай асобы?
— Вядома, народны пісьменнік Беларусі перажыў вялікую эвалюцыю на працягу свайго жыцця. Пачаўшы літаратурную кар’еру як прадстаўнік «лейтэнанцкай ваеннай прозы», ён стаў знаны праз экзістэнцыйную глыбіню сваіх сюжэтаў, вельмі востры і спецыфічна чалавечы погляд на вайну і ролю ў ёй асобнага чалавека. Быкаў трапна даследаваў псіхалагічныя і маральныя якасці сучаснікаў і паказваў шырыню самараскрыцця асобы ў надзвычайных сітуацыях. Калі да канца 1980-х Васіль Быкаў можа не надта істотна адрозніваўся ад іншых беларускіх савецкіх пісьменнікаў, вымушаны ўціскаць сябе ў межы тагачаснай цэнзуры, дык разам з перабудовай і пачаткам руху нацыянальнага адраджэння ён свядома абраў выразную грамадзянскую пазіцыю і зрабіўся сумленнем і голасам беларускай нацыі, што да выказвання інтарэсаў людзей, як і адстойвання каштоўнасцяў мовы, свабоды і незалежнасці.
Ягоная дзейнасць у якасці дэпутата, сябра Беларускага народнага фронту, грамадскага дзеяча прадэманстравала, што ягоная шчырая любоў да сваёй краіны і народа з’яўлялася не паказной, а істотнай часткай яго натуры. Проза Быкава (у адрозненне ад вершаў, якія чытала бадай адзіная асоба ў нашым краі) вызначалася шчырасцю, дасціпнасцю аналізу і глыбінёй узнятых тэм. Можна сказаць, што гэтыя ўстаноўкі наш пісьменнік захаваў да канца свайго жыцця, як жывучы на радзіме, так і ў вымушанай эміграцыі.
У сваім аўтабіяграфічным рамане «Доўгая дарога дадому» ён паказаў не толькі драматычны шлях нацыі на дарозе да свабоды і разгортвання ўласнага беларускага ладу існавання, але і выказаў тыя чалавечыя якасці, за якія яго немагчыма не паважаць і не лічыць маральным аўтарытэтам для нашага грамадства. Мяркую, што шчырасць і імкненне да праўды, бескампраміснасць да здрады і хлусні былі тымі галоўнымі чалавечымі якасцямі, які і вызначылі літаратурны і жыццёвы поспех Васіля Быкава як пісьменніка і грамадзяніна.
— Як на вас асабіста паўплывалі яго творы, яго асоба?
— Быкаў — гэта бясспрэчная частка школьнай праграмы па беларускай літаратуры і нават пры ўсёй нелюбові аўтарытарнай улады да яе ідэйнага апанента яна не рашылася цалкам выкінуць гэтыя тэксты з абавязковага плана чытання. Таму такія творы, як «Сотнікаў», «Абеліск», прачытаныя яшчэ ў дзяцінстве, зрабілі ў свой час моцнае ўражанне праўдзівай і вельмі чалавечай гісторыяй той вялікай вайны. Учынкі герояў і іх матывы – гэта тое, пра што хацелася разважаць і спрачацца. Нездарма творчасць Быкава часта заносяць у прыклады беларускага літаратурнага экзістэнцыялізму. Гэта такі філасофскі роздум пра свабоду і адказнасць, веру і адчай, здраду і самаахвярнасць, тое, што вучыць насамрэч шукаць чалавечнасць у саміх сябе.
У адрозненне ад шматлікіх кніг пра вайну, акцэнт у Быкава ніколі не ставіўся перадусім на экшн, як цяпер прынята казаць, гэта быў перадусім роздум, рэфлексія над чалавечым у чалавеку. І тым, што можа ў нас яе знішчаць. Для мяне, як ужо падкрэслівалася, было таксама істотна, што не толькі ў сваёй творчасці, але і ва ўласным жыцці вядомы беларускі пісьменнік кіраваўся тымі каштоўнасцямі і ідэаламі, якія я сам шаную ў людзях. Гэта значна падмацоўвала мяне самога быць бескампрамісным у служэнні праўдзе і грамадскай справядлівасці, змушала ўзвышаць свой голас там, дзе бачная была несправядлівасць ці гвалт. Тое, што пры жыцці Васіль Быкаў не атрымаў Нобелеўскую прэмію па літаратуры, лічу вельмі вялікай стратай для ўсіх нас. Бо ў такім разе сёння ён бы мог заставацца штандарам беларускасці не толькі для нас саміх, але і для ўсёй міжнароднай супольнасці, дэманструючы найлепшыя якасці беларусаў.
— Быкаў у 1990-я быў маральным аўтарытэтам, чаму ён не змог дагрукацца да большасці. Чаму не змог паўплываць на лёсавызначальныя рашэнні? Біў у набат, але ці быў пачуты? Калі яго пачуюць?
— На жаль, у 1990-я гады ў Беларусі перамагла падступная філасофія «Спачатку каўбаса, а потым свабода і культура». Большасць людзей аказалася апантаная думкамі пра паляпшэнне матэрыяльнага дабрабыту ці прыватнымі сваімі інтарэсамі і мала гатовая была задумвацца пра будучыню краіны ці грамадства. Што і прывяло нас, зрэшты, да сённяшняй ганебнай сітуацыі. Папярэджанні і прароцтвы нашых класікаў і маральных аўтарытэтаў, такіх як Васіль Быкаў, Ніл Гілевіч, Рыгор Барадулін і іншых, не былі пачутыя іх сучаснікамі і не прагучалі як кіраўніцтва да дзеяння. Толькі малая частка грамадзян была гатовая да барацьбы за свае нацыянальныя каштоўнасці, свабоду і правы.
Зрэшты, мы паспрабавалі гэта адмяніць і пераадолець у 2020-м, але чужая воля і недахоп веры ў саміх сябе не дазволілі беларусам атрымаць канчатковае вызваленне. Тым не менш менавіта ў 2020-м наша нацыя дастаткова абудзілася, каб нарэшце адчыніць вушы і пачаць разумець многае з таго, што раней папросту ігнаравалася. Многія рэчы сталі куды больш зразумелымі і відавочнымі. Таму можна сказаць, што Быкаў нарэшце стаўся добра пачутым сваімі нашчадкамі і, магу меркаваць, што з часам і па меры сталення нацыі яго ідэі і думкі будуць аказваць куды большы ўплыў на выхаванне грамадства і асабісты маральны выбар людзей. Таму час Быкава яшчэ наперадзе! У бліжэйшыя сто гадоў.
Аляксандр Гарцуеў, актор, рэжысёр
— У Вашым рэжысёрскім даробку ёсць спектакль «Не мой» паводле апавядання «Нямко» Алеся Адамовіча. Ці не было ў Вас думкі паставіць твор Васіля Быкава?
— Быкава ў тэатры вельмі цяжка рабіць. Справа тут у той ступені аголенай праўды, якая прысутнічае на старонках яго прозы і якая з цяжкасцю пераносіцца на тэатральныя падмосткі. Тэатр — мастацтва метафарычнае, вобразнае. А проза Быкава крывава-рэалістычная. Сам Быкаў па гэтай прычыне не любіў пісаць для тэатра. Не ўспрымаў ён тэатр, для яго бліжэй быў кінематограф. І гэта ягонае права як вялікага пісьменніка жорсткага рэалізму.
Быкаў быў пісьменнікам майго юнацтва. Я фармаваўся як чалавек пад уплывам яго прозы. Недзе ў Мінску захаваўся фотаздымак, на якім мае бацькі, ужо папулярны саракагадовы пісьменнік Быкаў і я — пяцігадовы хлапчук. Вельмі ганаруся гэтым фота.
— Прайшло 80 гадоў з часоў Другой сусветнай вайны, а мы зноў жывём у ваенны час. Хто сёння Сотнікаў, а хто Рыбак, на Вашу думку?
— Усе мы, беларусы, адначасова і Рыбакі, і Сотнікавы, і купалаўскія Мікіты Зноскі і Янкі Здольнікі. Навешваць маскі літаратурных герояў на рэальных людзей — няўдзячная справа. Гісторыя паставіць усіх на свае месцы.
Наконт таго, што Быкаў не змог дагрукаццца да большасці… Геній у сваім часе заўсёды застаецца ў адзіноце. І, як правіла, ацаніць па-сапраўднаму яго могуць толькі наступныя пакаленні. Такое жыццё. Быкаў тут не першы і, на жаль, не апошні. «Няма прарока ў сваёй Айчыне».
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram