Учора, 29 снежня, на пасяджэнні Рэспубліканскай навукова-метадычнай рады па ахове гісторыка-культурнай спадчыны пры Міністэрстве культуры было прынята рашэнне аб наданні статусу гісторыка-культурнай каштоўнасці традыцыі народнага тэатра «Мірская батлейка» (Карэліцкі раён Гродзенскай вобласці).
Прапанову аб уключэнні элемента ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей прадставіў на пасяджэнні кіраўнік народнага тэатра лялек «Мірская батлейка», намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце Мірскага дзяржаўнага каледжа, даследчык, акцёр і рэжысёр тэатра Канстанцін Петрыман.
Адмысловец ужо больш за дзесяць гадоў займаецца аднаўленнем і захаваннем традыцый батлейкі, падкрэслівае праект «Жывая спадчына Беларусі». Традыцыі мірскай батлейкі нідзе не апісваліся, былі амаль забытыя, але дзякуючы працы рупліўца, а таксама выкладчыкам каледжа, былі адноўлены і вернуты ў практыку.
На мірскіх землях існавалі некалькі батлеек — батлейшчыкаў Моніча і Барашкі, а таксама лялечны тэатр братоў Сілко, адзначае газета «Полымя». Адметнасцю апошняга было тое, што звычайна прадстаўленні тэатра даваліся ў вершах, у спектаклях была асаблівай пабудова лялечных роляў, а таксама браты Сілко маглі даваць батлейку не толькі на Каляды, а і ў іншыя дні — напрыклад, дні Піліпаўскага поста. Традыцыю гэтага тэатра акурат аднаўляе «Мірская батлейка».
Канстанціну Петрыману і яго калегам, вучням удалося рэканструяваць тры 20-хвілінныя прадстаўленні, якія адносяцца да пачатку ХХ стагоддзя. Гэта п’еса «Салдат і Чорт” па матывах Першай сусветнай вайны, прысвечаная жыхарам Міра. Давалася звычайна падчас Мікалаеўскага кірмаша, які праходзіў у пасёлку. Другая п’еса мае назву “Калядна” і аднаўляе малавядомы батлеечны калядны абрад, трэцяя п’еса «Дары» — таксама калядная.
У планах «Мірскай батлейкі» і вывучэнне традыцый батлейкі Моніча і Барашкі, якія таксама давалі прадстаўленні на Мірскай зямлі.
На пасяджэнні таксама было прынята рашэнне аб наданні статусу гіторыка-культурнай каштоўнасці яшчэ аднаму элементу. Гэта — традыцыя вырабу гліняных народных цацак-свістулек Магілёўскага Падняпроўя. Абаранялі элемент — традыцыйныя вобразы цацак-свістулек і тэхналогіі іх вырабу — вядомыя майстры глінянай цацкі Вячаслаў Якавенка і Любоў Яшчанка. Яны прэзентавалі свае вырабы разам з вучнямі і пераемнікамі з Крычаўскага раёна.
Рашэнне аб уключэнні дадзеных элементаў у Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей будзе прынята ў найбліжэйшы час.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.by у Telegram