«Канцэптуалізм мёртвы, а мы яшчэ не! Наша выдавецтва з гонарам прадстаўляе нашу наступную кнігу. Перад намі — незвычайная рэч, чатырохсотстаронкавы зборнік авангарднай канцэптуалісцкай прозы вядомага беларускага фатографа, а цяпер і пісьменніка Ігара Саўчанкі», — прэзентаваў новую кнігу «Доказ» выдавец Андрэй Дудко.
Ігар Саўчанка вядомы як адзін з самых яркіх прадстаўнікоў беларускай сучаснай фатаграфіі, творы якога захоўваюцца ў сусветных публічных і прыватных калекцыях.
Фатаграфаваць ён пачаў яшчэ ў школе, а ў канцы 1980-х гадоў упершыню паказаў свае працы ў мінскіх фотаклубах. У 1990-х атрымлівае прызнанне (у тым ліку — міжнароднае) за свае незвычайныя, поўныя містыкі здымкі, змантаваныя са старых архіўных фатаграфій. У выніку нараджаюцца зусім новыя гісторыі з па-зачасавым і халодна-аналітычным поглядам на будзённыя сюжэты архіўных фотавыяваў.
У 1997 годзе Ігар Саўчанка дэкларатыўна адмаўляецца ад фатаграфавання і звяртаецца да літаратуры. Ён выбудоўвае свае візуальныя праекты з дапамогай тэкстаў. У 2006 годзе пасля амаль дзесяцігадовага перапынку зноў вяртаецца да фатаграфічнай практыкі. Плён яго тагачасных фатаграфічных доследаў — унікаты, даследаванне рэальнасці з дапамогай яе прамых адбіткаў на жэлаціна-срэбнай паперы.
Такое самаўхіленне аўтарскага «Я» ад творчага працэсу характэрна і для візуальных і для літаратурных прац Ігара Саўчанкі. Тэксты ў яго кнізе «Доказ» напісаны ад асобы розных даследчыкаў і навукоўцаў, якім прыадчыняюцца нябачаныя дагэтуль грані свету, грамадства, соцыума. «Гэтыя тэксты падаюцца ў форме гіпотэз і навуковага прадбачання, але пры дастатковым узроўні нахабства, дзёрзкасці і ўпэўненасці, могуць перайсці ў іншую катэгорыю — доказаў, што свет уладкованы менавіта так», — паведамляе анатацыя выдання.
Кніга ўключае некалькі дзясяткаў аўтарскіх ілюстрацый і фотаздымкаў, і выдавец настойвае, што «нічога ў гэтым жанры ў беларускай літаратуры не пісалася і не выдавалася».
Набыць выданне можна тут.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram