«Шпакоўнік» – гэта цыкл музычна-паэтычных сустрэч, які ладзіць з камандай у Вільні акторка і лідарка гурта Naka Анастасія Шпакоўская. З пераездам Анастасіі са сталіцы Літвы ў Варшаву ініцыятыва не спынілася: 9 студзеня ў Vilniaus senasis teatras адбудзецца Калядная сустрэча, на якой выступяць актор Сяргей Тоўсцікаў, піяністка Святлана Ярміліна і беларускі рок-музыкант Аляксандр Памідораў.
Сяргей Тоўсцікаў – да 1998 года працаваў у Нацыянальным акадэмічным драматычным тэатры імя Якуба Коласа ў Віцебску, а потым быў запрошаны ў трупу прагрэсіўнага мінскага тэатра «Дзе-Я?». У 2020 годзе артыст быў звольнены па палітычных прычынах.
Святлана Ярміліна — шмат гадоў выкладала ў Мінскім музычным каледжы. Піяністка з’яўляецца лаўрэаткай міжнародных і рэспубліканскіх конкурсаў. З 2023 года жыве ў Вільні.
Аляксандр Памідораў — вядомы беларускі музыка, аўтар песень, журналіст. Заснавальнік гурта «Pomidor/OFF», які быў прызнаны «Гуртом года» на «Рок-каранацыі-2011». Аўтар культавых кампазіцый «Цуд на Каляды», «Я выхажу». Пасля затрымання і страты працы ў 2021 годзе быў вымушаны пакінуць Беларусь. Жыве ў Польшчы.
Як падкрэслівае Анастасія, «Шпакоўнік» — гэта ўнікальная магчымасць блізка пазнаёміцца і паразмаўляць з музыкантамі, паэтамі, акцёрамі. Гэта жывы дыялог і жывая творчасць у хатняй абстаноўцы з утульнай атмасферай. Камерныя канцэрты — як маленькае жыццё, пражытае разам. На адной хвалі. На адным дыханні», — нагадвае пра камерных фармат музычна-паэтычных сустрэч творца і арганізатарка.
Імпрэзы звычайна праходзіла ў арт-кавярні «Balkonas», якая месціцца ў будынку Старога тэатра на рагу вуліц Басанавічуса і Міндаўга. Уваход на вечарыну вольны, але патрабуецца рэгістрацыя.
Час і месца падзеі — 9 студзеня, 19.00, Vilniaus senasis teatras ( Basanaviciaus str. 13).
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram