«Была вельмі радая пабачыцца з Кацяй і паглядзець на яе ў новым амплуа – актрысы. Атрымалася вельмі прыгожа і да дрыжыкаў кранальна», — такі водгук пакінула Святлана Ціханоўская на спектакль Беларускага Свабоднага тэатра «KS6: Small Forward». Прэм’ера пастаноўкі з беларускай зоркай баскетбола Кацярынай (Кацей) Сныцінай у галоўнай ролі адбылася ў Нью-Ёрку ў La MaMa Experimental Theatre Club 24 верасня. Светлана Ціханоўская была запрошана на тэатральную прэм’еру.
«Ганаруся і захапляюся! Спадзяюся, у беларусаў будзе магчымасць пабачыць спектакль на свае вочы», — падзялілася нацыянальная лідарка сваімі ўражаннямі пасля прагляду пастаноўкі, рэжысёрамі якой выступілі Мікалай Халезін і Наталля Каляда.
Пасля спектакля Святлана Ціханоўская завітала да артыстаў у грымёрку, каб павіншаваць іх з прэм’ерай. А таксама прыняла ўдзел у адмысловай дыскусіі пасля паказу, якая была запісана для амерыканскага тэлешоу PBS «На лініі агню з Маргарэт Гувер».
Нагадаем: пастаноўка «KS6: Small Forward» заснаваная на гутарках з алімпійскай спартсменкай Кацяй Сныцінай, якая выступіла супраць дыктатуры Аляксандра Лукашэнкі ў 2020 годзе, а таксама ў 2023 годзе здзейсніла камінг-аўт — стаўшы першай фігурай у беларускім спорце, якая адкрыта заявіла аб сваёй гомасэксуальнасці.
«Каб быць вольным, трэба быць смелым. Менавіта гэта мы знайшлі ў гісторыі Каці: жанчыны, якая выступіла супраць дыктатуры і сышла з нацыянальнай зборнай па баскетболе на знак салідарнасці з беларускім народам і супраць гвалту. На пляцоўцы яна была «лёгкім форвардам», набіраючы ачкі, абараняючыся, ствараючы адкрытыя лініі і робячы падборы для ўсёй каманды. Гісторыя Каці дапамагла нам зразумець, што «лёгкі форвард» – гэта спосаб быць вольным», — расказвае пра ідэю спектакля яго сурэжысёр Наталля Каляда.
Пастаноўка «KS6: Small Forward» будзе ісці ў La MaMa да 13 кастрычніка.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram