Святлана Алексіевіч стане ганаровым госцем літаратурнага фестывалю ILFU ў Нідэрландах і атрымае прэмію Belle van Zuylenring

Больш за 25 пісьменнікаў з усяго свету, сярод якіх беларуская нобелеўская лаўрэатка Святлана Алексіевіч, беларуская паэтка Юля Цімафеева стануць удзельнікамі культурнай падзеі «Даследуючы гісторыю» ў межах буйнога літаратурнага фестываля ILFU ў Нідэрландах. Форум, які ладзіцца з 21 верасня па 5 кастрычніка ва Утрэхце, з гонарам анансаваў лекцыю беларускай пісьменніцы, адзначыўшы, што сёлета Святлане Алексіевіч будзе ўручана міжнародная прэмія фэсту — пярсцёнак імя Бэль ван Зёйлен (Belle van Zuylen). Гэтай узнагародай, названай у гонар галандска-швейцарскай пісьменніцы, адзначаюцца літаратары, чыя творчасць мае вялікае грамадскае значэнне.

Камітэт па ўзнагароджанні Belle van Zuylen Ring апісвае працу Алексіевіч як «выключна грандыёзную і выключна інтымную», якая ідэальна адпавядае тэме сёлетняга фестывалю: «Я — шмат гісторый».

Можна сказаць, што арганізатары фэсту падрыхтавалі адмысловую праграму, прысвечаную Беларусі, кульмінацыяй якой стане ўзнагароджанне літаратаркі.

«У адмысловай праграме, арганізаванай у супрацоўніцтве з ПЭН-клубам Нідэрландаў, мы абмяркуем сітуацыю ў Беларусі, пісьменніцкую дзейнасць і актывізм — тыя самыя тэмы лекцыі Бэль ван Зёйлен, якую Алексіевіч прачытае ў той жа дзень. Сярод спецыяльных гасцей мерапрыемства – пісьменнікі Франка Гумельс і Юлія Цімафеева (Беларусь)», — адзначаецца ў анонсе блока.

Беларуская праграма пачнецца 28 верасня в 13.00 са згаданай дыскусіі. Далей адбудзецца прэзентацыя прэміі і імпрэза ўзнагароджання, падчас якой пярсцёнак Belle van Zuylen Святлане Алексіевіч будзе ўручаць мэр горада Утрэхта Шарон Дэйксма. А 19.30 пачнецца публічная лекцыя нобелеўскай лаўрэаткі, якая будзе весціся на рускай мове і транслявацца на англійскай і галандскай.

Таксама развіваць тэмы Святланы Алексіевіч 28 верасня ў асобнай дыскусіі будуць беларуская паэтка Юлія Цімафеева і галандская пісьменніца Манон Уфоф (Manon Uphoff). У адмысловай праграме літаратаркі абмяркуюць першую кнігу аўтаркі «У вайны не жаночае аблічча», і распавядуць пра свае творы: Юля Цімафеева — пра зборнік паэзіі Motherfield і напісаны па слядах пратэстаў 2020-га «Мінскі дзённік», Манон Уфоф — пра свае артыкулы аб вайне ва Украіне для медыя De Groene Amsterdammer.

З 2019 года прэмія Belle van Zuylen ring уручаецца пісьменнікам, якія ў сваіх творах актыўна закранаюць сацыяльныя тэмы. Раней пярсцёнак, названы ў гонар сусветна вядомай Утрэхцкай пісьменніцы Бэль ван Зёйлен (1740-1805), якая ў сваёй творчасці надавала вялікую ўвагу роўнасці і эмансіпацыі, атрымалі Чымаманда Нгозі Адычы, Маргарэт Этвуд і Алена Феррантэ.

Падрабязней пазнаёміцца з праграмай фестываля і купіць квіткі на мерапрыемства можна тут.

Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram

Если вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.