Сукенкі-перформансы беларускай мастачкі Яны Шостак можна будзе ўбачыць на выставе ў Варшаўскай оперы ў Ноч Музеяў

Сукенка з партрэтамі палітвязняў, бела-чырвона-белая сукенка — слынныя строі-перформансы, якія апранала беларуская мастачка Яна Шостак, можна будзе пабачыць на выставе моднага брэнда адзення Risk у Нацыянальнай оперы Варшавы ў Ноч музеяў, 18 траўня. На выставе будзе прысутнічаць і сама беларуская творца, якая прыдзе на імпрэзу ў сукенцы «Хвіліна крыку».

Нагадаем, што ўпершыню мастачка-акцыяністка з Гродна Яна Шостак з’явілася ў строі з выявамі 1200 партрэтаў беларускіх палітвязняў на цырымоніі ўзнагароджання польскай прэміі Paszporty Polityki-2021. На імпрэзе аўтарка была ўганаравана ў намінацыі «Выяўленчае мастацтва».

Атрымоўваючы прыз, творца зачытала ліст да сваякоў палітзняволеных са словамі падтрымкі, і закончыла прамову акцыяй «Хвіліна крыку для Беларусі». Перфоманс мастачкі меў вялікі рэзананс, — фота сукенкі друкавалі медыя і абмяркоўвалі ў грамадстве. Як падзялілася з Reform.news Яна Шостак, нават яшчэ некаторы час таму ёй пісала маці адной палітзняволенай з просьбай даслаць фотаграфію сукенкі — жанчына хацела адшукаць на ім партрэт сваёй дачкі.

Людзі прымаюць для сябе гэту форму згадкі пра тое, што адбываецца ў Беларусі, — дадае Яна.

Фота з майстрыцамі брэнду Risk. Крыніца: фейсбук Risk made in Warsaw.

Вядомы строй, які вымагаў вялікай тэхнікі, стварыў польскі брэнд аддзеня RISK (made in Warsaw). Гэтаксама як і бела-чырвона-белую сукенку, у якой Яна Шостак не аднойчы здзяйсняла акцыі ў падтрымку Беларусі. Гэта таксама быў жэст салідарнасці з боку майстэрні.

Яшчэ адным крокам супрацоўніцтва з брэндам стала сукенка з намаляванымі літарамі «А», якія сімвалізуюць крык. Яна так і называецца «Хвіліна крыку».

Яна Шостак на цырымоніі ўзнагароджання Paszporty POLITYKI-2022 у сукенцы «Хвіліна крыку». Фота: facebook.com/jana.szostak.

Лічу, што свету ўсім праўдамі і няпраўдамі трэба нагадваць пра вольную Беларусь — і працягваць распавядаць пра наш боль, у тым ліку, сродкамі мастацтва, — падзялілася з Reform.news сваім меркаваннем Яна Шостак. — Хацелася б, канешне, жыць у тым часе, калі не трэба крычаць, альбо крычаць толькі ад радасці, але, на жаль, да гэтага яшчэ далёка.

Мастачка адказала чаму на яе думку перформанс па-ранейшаму не губляе актуальнасці, нягледзячы на час:

Наша боль нікуды не сышла. Пасля пачатку вайны ва Украіны — гэтаксама крык перанакіраваўся ў іншым кірунку. Нагоды для крыку не знікаюць, на жаль.

З іншага боку, мне важна, што ўдалося знайсці такі спосаб згадваць пра кантэкст Беларусі, які ўжо выкарыстоўваецца ў іншым кантэксце. «Хвіліна крыка» як форма мае розныя выразы — і гэта не толькі літаральны крык, але і сімвалічны. І мне важна, што людзі ў польскім мастацкім асяродку разумеюць кантэкст і маю патрэбу крычаць пакуль Беларусь не стане вольнай.

Выстава, якая будзе прадстаўляць гісторыю польскага брэнду Risk у строях, пачне працу ў Нацыянальнай оперы Варшавы а 22.30 у Ноч музеяў, 18 траўня. Уваход — вольны.

Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.by у Telegram

Если вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.