Аўтары петыцыі просяць растлумачыць, куды і чаму знікла памятная дошка, усталяваная ў гонар Тадэвуша Касцюшкі і ў якія тэрміны плануецца яе вярнуць на законнае месца.
Мемарыяльны знак быў усталяваны ў гонар візіту Касцюшкі ў Гродна ў 1794 годзе. Пра гэты важны гістарычны факт распавядае кожны экскурсавод, аднак любы турыст мог пра яго даведацца дзякуючы памятнай дошцы. «Мы лічым, што дэмантаж дошкі негатыўна ўплывае на турыстычны патэнцыял Гродна, збядняе нашу гісторыю, ідзе ў разрэз з прынятымі канцэпцыямі развіцця турызму і Гасціннасці Беларусі», — паведамляецца ў тэксце петыцыі.
Збор подпісаў працягнецца да 8 траўня, пасля чаго петыцыю адправяць у Гарадзенскі гарвыканкам.
Нагадаем, што ў красавіку 2024 года са сцяны Новага замка знікла памятная дошка ў гонар Тадэвуша Касцюшкі. Дошку ўсталявалі ў 1994 годзе да 200-годдзя паўстання. Шыльда размяшчалася злева ад цэнтральнага ўваходу ў Новы замак і была прысвечана падзеям паўстання 1794 года. Тады ў замку працавала Паўстанцкая парадкавая камісія, быў там і кіраўнік паўстанцаў Тадэвуш Касцюшка. 29 верасня 1794 года ён правёў у каралеўскім палацы нараду з кіраўнікамі паўстанцкіх атрадаў Вялікага Княства Літоўскага.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.by у Telegram