Развітанне з мастаком Алесем Родзіным пройдзе 21 снежня (серада) у Мінску, у рытуальнай залі №1 па вуліцы Альшэўскага, 12. Час — 14.00-14.45.
Нагадаем, што мастак-футурыст адышоў у іншы свет учора, 19 снежня, пасля доўгай хваробы. Яму было 75 гадоў.
Алесь Родзін быў адметнай, асобнай фігурай у беларускім мастацтве.
Ён меў вялікае прызнанне ў Берліне — больш за дзесяць гадоў быў рэзідэнтам вядомага цэнтра Тахелес. Людзі ішлі ў Тахелес, каб адмыслова пабачыць творы мастака. Алесь Родзін жыў у культурніцкім Цэнтры, нібыта на адкрытым месцы, перакрыжаванні — людскіх плыняў, культур, чэрпаючы сусветную энергію і выпрастоўваючы яе на свае палотны.
Пасля вяртання ў Беларусь мастак разам з паплечнікамі на працягу некалькіх гадоў рабіў фестываль эксперыментальнага мастацтва «Дах».
Алесь Родзін займаўся інсталяцыямі, фатаграфіяй, відэаартам, перформансам. Ды ўсё ж у першую чаргу мастак вядомы сваімі маштабнымі жывапіснымі карцінамі. Аўтар вялізных панарам, сярод якіх — футуралагічны прагноз «ХХІ стагоддзе», «Апакаліпсіс», «Сіндром Адраджэння» і «Міфалагема тысячагоддзя» і іншых, у якіх уздымаў глабальныя праблемы існавання чалавецтва. Яго складаныя, шматзначныя палотны беларусы маглі бачыць на шматлікіх выставах — у ОК16, прасторы «Вверх», галерэі «Ў», Палацы мастацтва… Але, на жаль, нягледзячы на свае прызнанне і асобнае месца ў беларускім мастацтве, сталай галерэі мастаку так займець і не ўдалося.
Алесь Родзін быў сябрам арт-суполкі Тадэвуша Рэйтана і актыўна прымаў удзел у руху вяртання імя беларускага патрыёта ў беларускую прастору і праз свае творы, і праз падзвіжніцкую дзейнасць. Некаторыя са сваіх выстаў за апошні час мастак ладзіў пад прозвішчам Родзім — ад слова «Радзіма».
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.by у Telegram
Сообщить об опечатке
Текст, который будет отправлен нашим редакторам: