Што характэрна, з прапановамі адмовіцца ад прызыву не выступаюць людзі, якія ў Беларусі на пытаннях бяспекі, як кажуць, «сабаку з’елі» — вы не пачуеце іх ані ад кадравых вайскоўцаў, ані, напрыклад, ад Аляксандра Алесіна (шматгадовы ваенны аглядальнік газеты «Белорусы и рынок»), ані ад Андрэя Паротнікава (кіраўнік праекта Belarus Security Blog).
Ні звычайныя прафесіяналы, якія зараз служаць у арміі, ні патрыёты, якія штодзённа даследуюць беларускае войска, і даволі рэгулярна крытыкуюць дзеянні ўладаў і сілавых структураў, не заклікаюць да адмены прызыву.
Як правіла, прыхільнікі ідэі адмены прызыву ментальна жывуць ў свеце пачатку 1990-х гадоў і паўтараюць тэзісы, якія тады былі папулярныя ў прэсе — прычым звычайна расейскіх ліберальных СМІ. Аднак з таго часу ў нашым рэгіёне не толькі змянілася ваенна-палітычнай сітуацыя, але і рэзка вырас аб’ём дасяжнай для ваенных аналітыкаў, журналістаў і гісторыкаў інфармацыі.
У гэтым артыкуле я раскажу, чаму, калі мы хочам, каб наша краіна была незалежнай (а ў перспектыве — дэмакратычнай, заможнай і нацыяналістычнай), мы павінны захаваць прызыўную армію ў Беларусі.
Перш за ўсё, трэба разабрацца з тэрмінам «прафесійная армія». У нашай мове слова «прафесійны» мае падвойнае значэнне:
1) той, хто стала зарабляе грошы нейкай працай ці службай (то бок не часовы супрацоўнік і не аматар);
2) той, хто добра ведае сваю справу, цалкам адпавядае патрабаванням сваёй прафесіі.
Як мы бачым, вызначэнне «прафесійная армія» можа адзначаць і армію людзей, якія проста дабраахвотна служаць за грошы (як на любой іншай працы), і армію, якая проста дастаткова добра падрыхтаваная, каб добра выконваць свае задачы.
А гэта зусім не адное і тое ж. Не трэба блытаць круглае з чырвоным. У нашым выпадку не трэба блытаць прынцып камплектавання арміі і яе якасць. Першае зусім не абавязкова вызначае другое. А другое вельмі слаба звязанае з першым. Дакладным тэрмінам тут будзе не «прафесійная армія», а «цалкам дабраахвотніцкая армія», як гэта клічуць у ЗША. Да таго ж зараз амаль не існуе чыста прызыўных арміяў — калі навабранцаў і набіраюць па прызыве, то кіруюць імі і вучаць іх тыя ж прафесіяналы (афіцэры і ўнцер-афіцэры), якія служаць дабраахвотна і за грошы. Такую ж армію мае і Беларусь.
Класічны прыклад — брытанская армія ў першыя два гады Першай сусветнай вайны. Яна была прафесійнай у сэнсе камплектавання, там служылі проста дабраахвотнікі за грошы. Нямецкая армія таго ж часу была па прынцыпе камплектавання такой жа, як сучасная беларуская — кадравы афіцэрскі і ўнцер-афіцэрскі склад плюс прызыўнікі. Пры гэтым ніякай прынцыповай розніцы ў баяздольнасці гэтых арміяў не было. Наадварот, часта немцы паказвалі сябе больш баяздольнымі — нямецкія жаўнеры і афіцэры-рэзервісты, пакліканыя падчас вайны, ужо мелі досьвед службы — у адрозненне ад навапрыбылых брытанскіх дабраахвотнікаў.
Амерыканцы таксама ўвялі прызыў вельмі хутка пасля ўступлення ў тую вайну. У выніку, ўсе краіны, што закончылі Першую сусветную перамогай, былі прызыўнымі. Нават тыя, якія пачалі яе з арміямі чыста дабраахвотніцкімі. Вось гэта паварот!
Пытанне для кемлівых: чаму ў 1916 годзе брытанцам раптам прыйшлося ўводзіць прызыў, каб не прайграць вайну (дарэчы, якраз тады на фронт патрапіў малодшым афіцэрам і будучы аўтар «Уладара пярсцёнкаў» Джон Толкін)?
Такім чынам мы разабраліся, што: 1) чыста прызыўных армій амаль не існуе — заўсёды існуе кадравы склад, які трэніруе жаўнераў і кіруе імі, 2) якасць арміі, яе здольнасць перамагаць ворага не звязаная з тым, прызыўная яна ці не. У значнай ступені наадварот — часам дабраахвотніцкія арміі робяцца прызыўнымі менавіта для таго, каб перамагчы ворага.
Аднак тут пачынаюць гучаць эмацыяльныя крыкі з галёркі: «У СССР гвалтам у армію гналі, і вы хочаце тут сталінскія парадкі! Не наеліся саўка, саўкі?!!!»
Адказваю: на мой погляд, менавіта такія крыкі выдаюць свядомых ці несвядомых карысных (Пуціну) дурняў, якія гісторыі не ведаюць. Калі мы згадаем рэгулярныя арміі, што найлепш супрацьстаялі Савецкай Маскве, а часам і ставілі яе на мяжу знішчэння, атрымаецца, што гэта — SURPISE! — былі выключна прызыўныя арміі.
Польская армія ўзору 1920-х, фінская армія напрыканцы 1930-х, нямецкі вермахт 1940-х, арміі ЗША і Паўднёвай Карэі ў 1950-я — усе яны былі прызыўнымі. Я зараз не кажу, добрыя ці дрэнныя былі мэты кіраўніцтва гэтых арміяў і дзяржаў, а кажу выключна аб эфектыўнасці войска. І адзначнаю вось які гістарычны факт — аніводнай чыста дабраахвотніцкай рэгулярнай арміі, якая б удала абараніла сваю краіну ад агрэсіі пары-тройкі мільёнаў чырвонаармейцаў ці падышла б пад браму чырвонай Масквы, мы не знойдзем.
Агульная вайсковая павіннасць — гэта зусім не савок, гэта найлепшы сродак ад саўка. Чаму ж так?
Таму, што прызыўныя арміі ў Еўропе — пераважна прадукт 19 стагоддзя, спадчына эпохі ўздыму капіталізма і нацыяналізма. Першай вялікай дзяржавай, якая ўвяла прызыў была рэвалюцыйная Францыя, якая адмяніла падзел на саслоўі і вызнала за сваю мэту роўнасць паміж усімі грамадзянамі. Калі ў Сярэдневеччы менавіта шляхта была прывілеяваным вайсковым саслоўем, якое астатнія павінны былі забяспечваць у абмен на абарону, то ў Новы час кожны грамадзянін рабіўся ваяром.
«Кожны француз — жаўнер і павінен удзельнічаць у абароне нацыі», — адзначалася ў законе, які ўводзіў усеагульны прызыў. Нацыяналізм (як дэмакратычная ідэя палітычнай еднасці правоў і абавязкаў усіх грамадзян незалежна ад паходжання) стаў крыніцаю прызыву.
«Я — сябар нацыі, я павінен яе абараняць, і я маю роўныя палітычныя правы з усімі ў маёй краіне, бо я абараняю сваю нацыю нароўні з усімі». Менавіта гэткі дэмакратычны-і-нацыяналістычны прынцып камплектавання даў Францыі магчымасць адбіцца супраць найманых армій іншых краінаў Еўропы ў часы Рэвалюцыйных войн.
Поспехі Банапарта пазней пераканалі практычна ўсіх еўрапейцаў перайсці да прызыву — Прусію, Аўстрыю, Іспанію, Італію, Партугалію, а таксама скандынаўскія краіны. І менавіта дзяржавы з прызыўнымі арміямі затым не пакінулі шанцаў самому Напалеёну.
У сваю чаргу, прызыў у армію паўплываў на рэфармаванне саміх еўрапейскіх манархіяў, якія паступова сталі рухацца да роўнасці ўсіх саслоўяў і дэмакратызацыі — яшчэ пры жыцці тых людзей, якія пабілі Банапарта. Выключэннем з гэтага агульнаеўрапейскага пераходу да прызыву ў войска ў XIX стагоддзі была хіба Ангельшчына, якая сваю вайну супраць Францыі вяла пераважна флотам.
Але зраблю рызыкоўную гіпотэзу — здаецца мне, што Беларусь у выпадку вайны з вялікім суседам нават самым прафесійным флотам не адаб’ецца.
Такім чынам, усеагульны прызыў для Беларусі — усё адно, што танк. Не камуністы іх прыдумалі, але камуністы іх выкарыстоўвалі, пераняўшы ад армій і ваенпрамаў іншых краінаў (дэмакратычных і даволі капіталістычных). Усё таму, што і танк, і прызыў даказалі сваю карысць на працягу ўсёй гісторыі свайго існавання. І, наколькі я бачу, ніхто не заклікае адмаўляцца ад танкаў толькі з той прычыны, што танкі сучаснай беларускай арміі ў большасці сваёй дасталіся ад часоў СССР.
Нагадаю, УСЕ арміі, якія выйгралі Першую і Другую сусветныя войны, былі прызыўнымі. Аднак скептыкі могуць даволі справядліва адзначыць, што цяпер большасць войнаў лакальныя.
Спадзяюся, усе разумеюць, што галоўная мэта беларускай арміі ў тым, каб абараняць незалежнасць Беларусі, а не ў тым, каб адправіць 100 ці 200 жаўнераў у цёплую краіну паваяваць з кімсьці ці пабыць міратворцамі ААН. Таму любы гіпатэтычны выпадак «лакальнага» канфлікту за незалежнасць Беларусі для нашага краю будзе па напружанні ўсіх сілаў і па наступствах амаль што яшчэ адной Сусветнаю вайной. Сілы любога праціўніка будуць у разы больш вялікімі, чым нават самая вялікая чыста дабраахвотніцкая армія, якую Беларусі прапаноўваюць праціўнікі прызыву. А калі за нас ці супраць нас уступяць Расея ці НАТО — гэта будзе не толькі для нас, але і для ўсёй планеты літаральная Сусветная вайна.
Дык чаму невялікай краіне побач з небяспечным вялікім суседам патрэбны прызыў?
Возьмем за прыклад сучасныя Ізраіль у коле арабскіх ворагаў ці Фінляндыю, якая адбівалася ад СССР амаль 80 год таму — і дагэтуль набірае ў армію ўсіх больш-меньш здаровых хлопцаў.
Першае. Прызыў — гэта магчымасць даць асноўную вайсковую падрыхтоўку вялікай колькасці моладзі, а потым накіраваць яе ў цывільнае жыццё. Рэзервісты могуць быць пакліканыя на зборы ці рэзка павялічыць колькасць арміі ў выпадку вайны. Такім чынам, прызыў не выключае з эканамічнага жыцця вялікую частку насельніцтва краіны ў самым прадуктыўным узросце — для прызыўной арміі дастаткова адносна невялікай часткі кадравага персаналу. Астатнія прыходзяць, вучацца і сыходзяць, каб зноў карміць свае сем’і і адрошчваць наш агульны ВУП.
Самы выразны прыклад такой арміі з амаль татальным прызывам — гэта Швейцарыя. Ці не самая багатая краіна Еўропы набірае і трэніруе навабранцаў, а потым рэгулярна збірае ўжо натрэніраваных, каб навыкі не забыліся. Прызнаныя непрыгоднымі для службы (акрамя людзей з абмежаванымі магчымасцямі) плацяць дадатковы падатак.
У выніку краіна з насельніцтвам на 1 мільён меньшым, чым Беларусь, мае армію амаль у 150.000 чалавек і можа мабілізаваць яшчэ сотні тысяч рэзервістаў. Прычым толькі трохі больш за 4.000 чалавек з гэтых 150.000 увесь час знаходзяцца на службе і пастаянна атрымліваюць вайсковы заробак. Гэтак нават большасць швейцарскіх афіцэраў і тэхнічных спецыялістаў — рэзервісты, а не «прафесіяналы» у вульгарным разуменні гэтага слова.
Між тым звязвацца з краінай, дзе кожны жыхар ёсць добра натрэніраваны баец і атрымаў ад дзяржавы стрэльбу з патронамі, а ад ураду — забарону лічыць сапраўднай любую абвестку пра капітуляцыю, не рызыкнуў нават шалёны Адольф у 1940-м годзе. Хоць план нападу на Швейцарыю ў яго ўжо быў распрацаваны.
Другое. Любая, нават самая прафесійная ў свеце армія, нясе на вайне страты. Страты без перабольшвання самай магутнай у свеце — амерыканскай — арміі ў Іраку за 2003-2011 гады склалі каля 4.500 тысяч забітымі і 32.000 параненымі. Пры гэтым падаўляючая большасць гэтых стратаў прышлася на дзеянні баявікоў, якія не мелі ані магутнай артылерыі, ані авіацыі, ані балістычных ці крылатых ракет.
Армія Украіны за час самых актыўных баёў у 2014 годзе страціла як мінімум 2.000 жаўнераў забітымі і 9.000 параненымі — і гэта пры тым, што ўдарная авіацыя ў канфлікце таксама не ўдзельнічала.
Тое, што прыгожа выглядае ў тэорыі, калі мы ўяўляем бой 10 на 10, ці 100 на 100 байцоў, зусім не падобна на тое, як вайна выглядае на франтах, якія цягнуцца на дзясяткі і сотні кіламетраў. Цэлыя падраздзяленні добра падрыхтаваных прафесіяналаў у такім канфлікце будуць гінуць не паспеўшы зрабіць аніводнага стрэла па праціўніку — проста ў выніку трапнага артылерыйскага, ракетнага ці бомбавага ўдара. І іхны сумны лёс амаль ніяк не будзе звязаны з тым, колькі часу яны адслужылі, былі яны дабрахвотнікамі-прафесіяналамі ці прызыўнікамі.
Гэтыя страты трэба будзе кампенсаваць — накіроўваючы на фронт сотні і тысячы чалавек з хаця б мінімальнай вайсковай падрыхтоўкай. Нават адносна малаінтэнсіўная антытэрарыстычна-антыпартызанская вайна ў Іраку паставіла на павестку дня пытанне пра магчымы зварот да прызыву ў ЗША ў другой палове 2000-х гадоў.
Прызыў і падрыхтоўка жаўнераў у даваенны і ваенны час забяспечваюць баяздольнасць арміі невялікай краіны супраць шматлікага непрыяцельскага войска падчас вайны.
Менавіта з гэтай прычыны захоўваюць прызыў Ізраіль, Эстонія і Фінляндыя, менавіта таму вярнуліся да прызыву пасля расейскай анэксіі Крыма і пачатку вайны на Данбасе Украіна, Летува і Швецыя. Абмяркоўваюць пытанне вяртання да прызыву ў Чэхіі, Латвіі і Нямеччыне.
Скажы «Ты хлусіш, пуціноід» кожнаму, хто заявіць табе, што «трэба адмяніць прызыў, каб беларускія прафесійныя жаўнеры ваявалі не колькасцю, а якасцю».
Прафесіяналы заўсёды выкарыстоўваюць колькасць, калі толькі гэта магчыма — мець колькасную перавагу добра, карысна і этычна, бо вайна гэта не рыцарскі двубой. Атрымаць перавагу ў патрэбным месцы і перамагчы праз гэта — праява вайсковага мастацтва, як павялося яшчэ з часоў Эпамінонда 2300 гадоў таму.
Супрацьстаўленне колькасці войска і ягонай якасці абсалютна ілжывае. Колькасць арміі і яе падрыхтаванага рэзерву з’яўляецца адным з фактараў яе сапраўднай якасці. А якасць падрыхтоўкі кожнага канкрэтнага афіцэра і прызыўніка не мае ніякага дачынення да самога факту наяўнасці ці адсутнасці тэрміновай вайсковай службы.
Амерыканская армія сапраўды стала мадэльнай для амаль ўсяго свету, аднак як мы бачым, разумныя людзі і ў Еўропе, і на Бліжнім Усходзе, не робяць з амерыканскага досьведу карго-культ.
Па-першае, адмена прызыва прайшла на фоне дэмаграфічнага буму ў ЗША — нават у часы піка Халоднай вайны амерыканскія Узброеныя сілы не маглі набраць і навучыць мільёны прызыўнікоў, якім кожны год спаўнялася 18 год, ды і ня мелі такой патрэбы. На фоне крывавай вайны ў В’етнаме ў 1968 годзе Сухапутныя войскі ЗША атрымалі 455.176 дабраахвотнікаў і прызыўнікоў. Пры тым, што ўсяго пад прызыў падпадалі больш за 2,5 мільёна хлопцаў.
Астатнія былі проста непатрэбныя. У выніку, прызыў ў ЗША перастаў быць усеагульным — і згубіў легітымнасць у вачах грамадства. У баях гінулі і рабіліся калекамі тысячы амерыканскіх жаўнераў, аднак у вачах сучаснікаў яны былі толькі несправядліва адабранай часткай тых, хто на самой справе павінен быў служыць.
І амерыканскія вайскоўцы, і амерыканскае грамадства ўпэўніваліся ў тым, што прызыў у гэтай сітуацыі ператварыўся ў шкоду і быў болей непатрэбны. Адначасова эканоміка краіны перажывала перыяд шматгадовага стабільнага і высокага росту — з’явілася магчымасць скараціць армію, але пакінуць ваенныя выдаткі амаль на тым жа ўзроўні.
Пасля заканчэння вайны ў В’етнаме Сухапутныя войскі ЗША былі скарочаныя амаль у два разы — з 1,57млн жаўнераў у 1968 годзе да 785.000 у сярэдзіне 1974-га. У той жа час, пры стабільна высокім росце эканомікі, ваенныя выдаткі «скараціліся» з 10% ВУП да 6-7% (але ў намінальным выражэнні выдаткі на абарону пры гэтым амаль не змяніліся).
Яшчэ адной крыніцай папаўнення арміі сталі амерыканскія жанчыны — амаль палова насельніцтва краіны. Ужо ў XXI стагоддзі дадатковай магчымасцю камплектавання дабраахвотніцкай арміі сталі імігранты, пераважна з Лацінскай Амерыкі, якія жадаюць хутчэй атрымаць амерыканскае грамадзянства.
Ці ёсць у нас бэбі-бум такі, што моладзь няма куды падзець, а армія адмаўляецца ад прызыўнікоў? Не. Ці ёсць у нас стабільны і высокі рост эканомікі, які дазваляе ўтрымліваць патрэбную для абароны армію і падвышаць выдаткі на кожнага жаўнера — а значыць плаціць кожнаму шэрагоўцу заробак параўнальны з заробкам у цывільным сектары? Не.
Ці служаць ужо ў беларускай арміі жанчыны? Так, яны займаюць тыя пасады, якія выглядаюць для іх прывабна. Ці імкнуцца людзі паслужыць у беларускай арміі за грамадзянства? Не чуваць пра такіх. Хутчэй беларуская моладзь з’язжае ў іншыя краіны ці імкнецца пазбегчы службы ў арміі бо лічыць яе пустым марнаваннем часу.
У Беларусі, як прызнаюць самі праціўнікі прызыва (можа нехта з іх і ёсць карыснымі ідыётамі Пуціна, але ўсё ж не клінічнымі ідыётамі), дэмаграфічная сітуацыя адваротная амерыканскай пачатку 1970-х. Сёння ў нашым краі моладзі прызыўнога ўзросту ўсё меней, а эканоміка паказвае ўсе прызнакі крызіса, што не дазволіць даць кожнаму жаўнеру хаця б сярэдні па краіне заробак ці цалкам забяспечыць яго сям’ю жыллём у спецыяльна пабудаваных вайсковых гарадках.
Кардынальна скараціць армію, бо няма дадатковых грошаў на яе? Тады яна не зможа нават тэарэтычна выконваць сваю роль у якасці важнейшага гаранта беларускай незалежнасці.
Такім чынам, адзінай магчымай рашучай мерай па выкараненні карупцыі і дыскрымінацыі ў сферы тэрміновай вайсковай службыў Беларусі з’яўляецца не адмена прызыва, а максімальнае яго пашырэнне і адмена амаль усіх ільготаў і адтэрміновак для прызыўнікоў.
Беларусі, калі яна хоча быць упэўненай у сваёй абароне, трэба творча звярнуцца да сваёй гісторыі, дзе кожны шляхціч быў ваеннабавязаным, а не рабіць карга-культ з дабраахвотнікаў.
Прызыў — пры правільнай арганізацыі баявой падрыхтоўкі! — павінен стаць інтэгральнай часткай адукацыі, фізічнай падрыхтоўкі і фарміравання асобы любога здаровага грамадзяніна (незалежна ад таго, напрыклад, пойдзе ён потым у ВНУ ці не).
Прыход будучых студэнтаў у армію таксама павысіць і якасць падрыхтаваных рэзэрвістаў, і зменіць да лепшага атмасферу ў ваенных частках, ўмацуе пачуццё нацыянальнай еднасці паміж прадстаўнікамі розных слаёў грамадства. Беларускія ўлады па-ранейшаму маюць магчымасць, выкарыстоўваючы досьвед замежных высокаэфектыўных прызыўных армій (такіх як ізраільская, фінская, швейцарская), адначасова зрабіць армію і больш прэстыжнай, і больш баяздольнай.
Для гэтага, з аднаго боку, неабходна павялічыць заробкі афіцэраў, прафесійных унцер-афіцэраў і спецыялістаў — што падвысіць іх аўтарытэт і эфектыўнасць працы. З другога боку, каб вырашыць кадравы крызіс у вайсковых навучальных установах, трэба адначасова з падвышэннем заробкаў змяніць і патрабаванні да вайсковага кіраўніцтва.
Трэба вызваліць прафесійных вайскоўцаў і прызыўнікоў (цалкам ці часткова) ад выканання неармейскіх функцый — максімум часу яны павінны аддаваць баявой падрыхтоўцы, а не фарбаванню плотаў ці сумнавядомым «бітвам за ўраджай». Усе вайскоўцы — ад афіцэра да прызыўніка — павінны адчуваць сябе абаронцамі Радзімы, элітай грамадства, а не таннай і некваліфікаванай працоўнай сілай.
І галоўнае: для таго, каб моладзь ішла ў армію, трэба спрыяць пашырэнню у грамадстве ідэяў здаровага беларускага нацыяналізма, жыццёвай важнасці абароны незалежнасці краіны.
Зараз кожны з нас мае стаць шляхцічам. Як вам такая радыкальная палітычна-сацыяльна-культурная прапанова? Калі нашая дзяржава ўспрымае сябе пераемнікам ВКЛ, калі мы ўсе зараз маем ісці пры патрэбе ў паспалітае рушэнне… чаму ж усім не даць шляхецтва? Афіцыйна, на ўзроўні дзяржаўнага заканадаўства?
Вось вам і радыкальны канец енкам пра «я бедны мужык, беларус», «няма сваёй эліты», «увесь час хаваемся ў бульбу» і таму падобнаму. Усе, цяпер не будзе «забітых мужыкоў».
Пры ўсёй павазе да Каліноўскага, ягоныя словы «У нас няма дваранаў, усе роўныя» мы трохі актуалізуем у іншай форме. Цяпер павінна быць «У нас усе роўныя, усе — шляхта». Замест шаблі — аўтаматы ды ракетныя комплексы. І князь-прэзідэнт — першы, але сярод роўных. Нездарма напачатку гэтага тэксту я згадаў, што правільная прызыўная армія — праява вельмі актыўнай дэмакратыі.