Складаны пераход ад аўтарытарызму да дэмакратыі і ад вайны да міру

Главное
Iлюстрацыя «Пятая рэспубліка».

Пераходны перыяд ад вайны да міру і ад аўтарытарызму да дэмакратыі дужа доўгі і складаны. Як паказвае гісторыя, вельмі часта ён канчаецца адкатам да аўтарытарызму праз невялікі час дэмакратыі. Маладыя дэмакратыі аказваюцца няздольнымі зафіксаваць дэмакратычны лад улады. Амерыканскі палітолаг Эндру Мараўчык пісаў, што такія новыя рэжымы ўступаюць у міжнародныя арганізацыі і дагаворы па правах чалавека, таму што лічаць, што яны дапамогуць ім захаваць дэмакратыю праз знешні ціск.1 Але нядаўняе выгнанне Расіі з Савету Еўропы, а таксама ўзрост колькасці «праблемных дэмакратый» паказвае, што «знешняе фіксаванне» ўлады часта не працуе. Таму, калі перыяд аўтарытарызму сканчваецца, дужа важна ўсталяваць працэсы, якія б абаранялі новы падыход да кіравання краінай. І роля заканадаўчай і судовай уладаў у гэтым працэсе ключавая.

Напэўна, адна з асноўных праблем, з якой сутыкаецца любая сістэма пераходнага перыяду, у тым, што ёй трэба падтрымліваць вельмі складаны баланс — трэба так абмяжоўваць правы прыхільнікаў былой улады, каб не даць ім магчымасці трапіць да ўлады зноў, але і не зрабіць іх людзьмі іншага гатунку, што немагчыма ў дэмакратычнай краіне.

У гэтым кароткім артыкуле я прааналізую асноўныя механізмы пераходнага перыяду і пагляджу, як да іх ставіцца Еўрапейскі суд па правах чалавека.

Люстрацыя

Першае, што звычайна ўзгадваюць у дачыненні да пераходнага перыяду, – гэта люстрацыя. Гэта працэс, мэта якога пазбавіць магчымасці займаць кіруючыя пасады тых людзей, якія працавалі на папярэдні недэмакратычны рэжым. Звычайна пры паступленні на працу кандыдаты самі мусяць расказаць пра іх адносіны з папярэднім рэжымам, але формы люстрацыі бываюць розныя. Розныя тыпы законаў пра люстрацыю дзейнічалі ў Польшчы, Балтыйскіх краінах, Чэхіі, Украіне. Некаторыя формы законаў пра люстрацыю не супярэчаць правам чалавека. Але тут важна зноў не забыць пра баланс. Напрыклад, забарона на заняцце дзяржаўных пасад для супрацоўнікаў КДБ мяркуецца цалкам адпаведнай мэце такога закона, але нават у такой забароне трэба не дапусціць несправядлівасці. Калі хтосьці працаваў прыбіральшчыкам у КДБ, забараняць гэтаму чалавеку працаваць у дзяржаўных установах новай улады напэўна не трэба.

Даволі вялікая колькасць спраў пра люстрацыю разгледжана Еўрапейскім судом па правах чалавека. Суд прызнаў законы аб люстрацыі адэкватным механізмам абароны дэмакратыі ў пераходны перыяд. Але такія законы павінны адпавядаць некаторым патрабаванням. Забарона павінна быць адэкватнай і прапарцыйнай. Так, напрыклад, у справе Сідабрас і Дзяўтас супраць Літвы2 суд пастанавіў, што забарона на працу ў дзяржаўных установах для былых супрацоўнікаў КДБ з’яўляецца адэкватнай, а вось забарона ім працаваць у некаторых прыватных установах – ужо не. Таксама такія законы мусяць быць зразумелымі і дакладна пералічваць тых, хто не зможа працаваць на той ці іншай пасадзе. Закон пра люстрацыю мусіць мець зразумелую сістэму абскарджвання люстрацыйных рашэнняў. Еўрапейскі суд па правах чалавека знайшоў не адно парушэнне правоў чалавека, таму што нацыянальныя люстрацыйныя працэдуры не адпавядалі гэтым патрабаванням.

Таму люстрацыя ў прынцыпе – гэта адэкватная мера для пераходнага перыяду, але працэдуры трэба вельмі добра прапрацаваць, каб яны былі прапарцыянальнымі, празрыстымі і справядлівымі.

Амністыі і расследаванні злачынстваў аўтарытарных рэжымаў

Другім істотным выклікам для новага ўрада стане стаўленне да злачынстваў, здзейсненых адэптамі аўтарытарнага рэжыму. Тут звычайна паўстае два пытанні. Першае – як ставіцца да злачынстваў, якія фармальна не лічыліся такімі ў момант іх здзяйснення, ці, напрыклад, тэрмін даўнасці па іх скончыўся. Адказ на гэтае пытанне будзе залежыць ад таго, падпадаюць такія злачынствы под паняцце злачынстваў супраць чалавечнасці ці ваенных злачынстваў. І тады ні факт таго, што злачынства не было прадугледжана ў заканадаўстве, ні тэрмін даўнасці не прыпыняць крымінальнае расследаванне.

Другое пытанне – адваротнае: што рабіць з вялікай колькасцю людзей, якія супрацоўнічалі з былой уладай і здзейснілі некаторыя злачынствы. Гэта пытанне тычыцца ў пэўнай ступені ваенных, паліцэйскіх, следчых, суддзяў і шматлікіх іншых прадстаўнікоў улады. Зразумела, што немагчыма ўсіх прыцягнуць да адказнасці. У такім разе некаторых з гэтых людзей трэба будзе амніставаць. Такая амністыя таксама можа паспрыяць хутчэйшай кансалідацыі ў грамадстве і заканчэнню пераходнага перыяду. Аднак яна ж можа быць праблемнай з кропкі гледжання ахвяраў такіх злачынстваў, якія патрабуюць справядлівага пакарання для злачынцаў. Нягледзячы на тое, што амністыя можа выкарыстоўвацца як механізм пераходнага перыяду, Еўрапейскі Суд па правах чалавека можа быць не супраць таго, каб пераглядзець такую амністыю, калі злачынствы, па якіх яна праходзіла, былі сур’ёзныя, напрыклад, злачынства супраць чалавечнасці ці ваенныя злачынствы.3

Уласнасць

Пытанне ўласнасці паўстае асабліва яскрава, калі пераход адбываецца ад вайны да міру. Напрыклад, калі на акупаванай тэрыторыі маёмасць была канфіскавана і перададзена прадстаўнікам дзяржавы-акупанта. Так адбылося ў Паўночным Кіпры, дзе шмат якая нерухомасць перайшла ад грэчаскіх кіпрыётаў да турэцкіх. Пасля працяглага часу пытанні звароту такой маёмасці дужа складаныя. У справе Лоізіду супраць Турцыі4 Еўрапейскі суд па правах чалавека вырашыў на карысць заяўніцы, якая страціла жыллё на частцы Кіпра, акупаванай Турцыяй. Яна атрымала кампенсацыю за сваю маёмасць.

Пытанні вяртання ўласнасці таксама ўзнікаюць у пераходны перыяд ад аўтарытарызму да дэмакратыі, калі аўтарытарныя ўлады выкарыстоўваюць нацыяналізацыю ці карную канфіскацыю ўласнасці прадстаўнікоў апазіцыі. У гэтым выпадку новыя ўлады павінны павярнуць маёмасць ці кампенсаваць страты, але зрабіць гэта так, каб не парушыць правы тых людзей, якія прыдбалі гэтую ўласнасць, не ведаючы пра яе паходжанне. Законы пра зварот ці кампенсацыю мусяць быць зразумелымі і прадказальнымі.

Канстанцін Дзегцяроў, прафесар права Універсітэта Ліверпуля (Вялікабрытанія)

«Пятая рэспубліка» — гэта дыскусійна-аналітычны праект, які рэалізуецца «Офісам па адукацыі для Новай Беларусі» ў партнёрстве з ютуб-каналам «Маланка» і анлайн-выданнем Reform.by

[1] Moravcsik A, “The Origins of Human Rights Regimes: Democratic Delegation in Postwar Europe” (2000) 54 International Organization 217.
[2] Sidabras and Džiautas v. Lithuania, nos. 55480/00 and 59330/00, ECHR 2004-VIII.
[3] Marguš v. Croatia [GC], no. 4455/10, ECHR 2014.
[4] Loizidou v. Turkey (merits), 18 December 1996, Reports of Judgments and Decisions 1996-VI.

Если вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.

🔥 Поддержите Reform.news донатом!
REFORM.news (ранее REFORM.by)

Последние новости




Сообщить об опечатке

Текст, который будет отправлен нашим редакторам: