Сёння вялікім канцэртам у Варшаве J:МОРС святкуе свае 25-годдзе: згадваем гісторыю гурта праз кліпы

Главное
Фота: сайт гурта.

Сёння, 2 лістапада, у варшаўскім клубе Stodola беларускі поп-рок гурт J:МОРС святкуе свае 25-годдзе. Для тых, хто не паспеў купіць квіток, Reform.news вырашыў угадаць гісторыю вядомага калектыву праз яго слынныя і не вельмі відэа.

1. «Web-дизайн», 2003 год.

У 2003 годзе ў FM-эфіры беларускіх радыёстанцый трапляе песня «Web-дизайн» малавядомага гурта J:МОРС. Кампазіцыя прымушае гаварыць пра сябе слухачоў: няўжо гэта сапраўды беларускі бэнд? Як прынята казаць, трэк «узрывае эфір». Падаецца, што сёння «Web-дизайн» стаў беларускай поп-рок класікай. А J:МОРС, насамрэч, быў заснаваны ў 1999 годзе сябрамі і студэнтамі ЕГУ Уладзімірам Пугачом і Арцёмам Лядоўскім.

Рэжысёры відэа: Алег Кляйменаў і Мікалай Батвіннік.

2. «Не умирай», 2006 год.

У даробку калектыву ўжо тры студыйных альбомы, аншлагавы сольнік у «казе» (канцэртнай зале «Мінск») і тур па Беларусі. А таксама скандал на «Рок-каранацыі-2005», калі музыканты J:МОРС адмовіліся выйсці на сцэну за ўзнагародай «Гурт года», таму што ў зале прысутнічаў тагачасны кандыдат у прэзідэнты ад дэмакратычных сілаў Аляксандр Мілінкевіч. У той жа час гурт не пагадзіўся прымаць удзел у агітацыйных канцэртах у падтрымку Аляксандра Лукашэнкі.

Прыгожая «Не умирай» стала першым інтэрнэт-рэлізам бэнда, які тады спампавалі больш за 7 тысяч чалавек.

У відэа, зрэжысіраваным Юляй Гележюнас, музыканты з’яўляюцца на скале з завязанымі вачыма.

 

3. «Адлегласць», 2007 год.

Свой першы беларускамоўны альбом «Адлегласць» J:МОРС выдалі яшчэ ў 2007 годзе. Нагадаем, што яму папярэднічаў выхад сінгла «Беларускае золата». Пасля атрымання шматлікіх музычных узнагарод гурт выправіўся ў тур па Беларусі — музыканты і каманда калектыву здымалі на відэа сваё закуліснае жыццё ў дарозе і выступленні на сцэне. Гэтыя архівы, як і архівы мінулых гадоў, сталі матэрыялам для Юліі Гележюнас для стварэння відэа на адну з загалоўных песен плыткі.

4. «Мамонов», 2010 год.

На двары — 2010-тыя. Прэзентацыю свайго новага альбома «Электрычнасць» J:МОРС робяць у Палацы спорту. У новым матэрыяле звяртае на сябе ўвагу драйвовая кампазіцыя «Мамонов» — стопрацэнтны хіт, які, як той казаў, «ніхто і не чакаў». За візуалізацыю трэка бярэцца дуэт Rockerjoker. Дзяўчаты, мыльныя бурбалкі, агонь і беларускі супермен у акулярах — Максім Сіры і Міхей Насарогаў, вядома, пастараліся.

5. «Солярис», 2016 год.

У нашу падборку гэты кліп трапіў як прыклад працы J:МОРС з новымі рэжысёрамі — Матвеем Сабуравым і Дзмітрыем Волкавым. Відэа надзвычай пачуццёвае і прыгожае, і гэта яшчэ адна грань гурта, якую раскрываюць кінематаграфісты. У 2015 годзе ў «морсаў» выходзіць альбом «Воздух», палёт працягваецца.

6. «Нравится», 2019 год.

Паглядзеўшы гэта відэа ў рэжысуры Вольгі Бартловай, можна трапіць у чароўны Мінск 2019-га — разняволены, гуллівы, прэўкрасны горад, які зараз у беларусаў адабралі. J:МОРС тут задае рытм, вайб ды колер таму поўнаму жыцця Мінску.

7. «Дыхаем зноў», 2020 год.

Гэта відэа з’явілася на канале гурта 5 жніўня 2020. Уладзімір Пугач выконвае песню «Дыхаем зноў» разам з Лявонам Вольскім, і па ўсім відаць, што надзея вітае ў паветры. «Галоўнае мае адбыцца», — спяваюць музыкі. Гурт на гэты раз не хоча быць у баку.

8. «1986», 2021 год.

На гвалт, тэрор і рэпрэсіі рэжыму J:МОРС выдаюць кампазіцыю «1986», у якой «рыфмуюць» экалагічную катастрофу 1986 года —  з гуманітарнай 2020-га і далейшых гадоў. Трэба аддаць належнае рэжысёрцы відэа Rita Bardak — яна візуалізуе гэту паралель паміж Чарнобылем і 2020-м у добрым сэнсе плакатна і выразна.

9. «Бывай», 2021 год.

Год, калі гурт быў вымушаны пакінуць Беларусь. Песня-развітанне, якая зразумелая цяпер дзесяткам, калі не сотням тысяч беларусаў.

10. «Не помирай», 2022 год.

Адгартаем вышэй, і можам убачыць якім гурт быў — і якім ён стаў. Пасля ўварвання Расіі ва Украіну «Не умирай» загучала на ўкраінскай мове, і набыла неверагодную моц. Сёння гэта відэавыказванне калектыву адкрывае канал J:МОРС на YouTube.

«Гэты сiнгл на цудоўнай украінскай мове мы рыхтавалі адмыслова для нашага канцэрту ў Кіеве 14 лютага, які, нажаль, не адбыўся. З таго часу цалкам і незваротна змяніўся свет, змяніліся мы. Зараз, публікуючы песню, мы хочам выказаць падтрымку і салідарнасць з народам Украіны, які пакутуе і змагаецца за мір, за сваю зямлю, за свае жыццё ў несправядлівай і нікому не патрэбнай вайне. Тое, што вы зараз адчуваеце, не выправіць музыкай. Проста ведайце, што мы з вамі нашымі сэрцамі, думкамі і малітвамі!», — пракаментавалі музыкі прэм’еру адноўленай кампазіцыі.

Вобраз запальнічкі, якая гарыць сіне-жоўтым колерам, стварыў для поп-рок каманды мастак і дызайнер Уладзімір Цэслер.

Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram

Если вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.

🔥 Поддержите Reform.news донатом!
REFORM.news (ранее REFORM.by)
Добавить комментарий

Внимание, премодерация. Если вы в Беларуси, не оставляйте комментарий без включенного VPN.

Последние новости




Сообщить об опечатке

Текст, который будет отправлен нашим редакторам: