Сёння, у дзень народзінаў Уладзіміра Мацкевіча, беларусы ў пяці гарадах ладзяць чыткі тэкстаў філосафа за кратамі

Сёння, 14 мая, беларускаму філосафу, метадолагу, грамадска-палітычнаму дзеячу Уладзіміру Мацкевічу спаўняцца 67 гадоў. Ужо два гады аўтар кніг і вялікай колькасці публіцыстычных тэкстаў і навуковых прац па пытаннях палітыкі, культуры і трансфармацыі адукацыі знаходзіцца ў няволі.

Беларусы з шасці гарадоў розных краін адзначаюць дзень народзінаў беларускага інтэлектуала чытаннем і абмеркаваннем яго тэкстаў з кнігі «Свабода і мысленне». Кніга, якая складаецца з шэрагу эсэ пра грамадзянскую супольнасць, напісаных філосафам у снежні 2019 — студзені 2020 года, была выдадзеная яго вучнямі і сябрамі ўжо ў той час, калі мысляр быў у няволі.

«Але мысленне нельга пасадзіць за краты, і нават сёння, калі Мацкевіч у турме, мы можам весці з ім размову — праз ягоныя тэксты, праз абмеркаванне яго ідэяў, працягваючы Думаць Беларусь», — звяртаюцца да кожнага і кожнай аднадумцы беларускага філосафа.

Марафон сустрэч такі:

  • Варшава, Беларускі моладзевы хаб (plac Konctytucji, 6). Пачатак сустрэчы — 14 траўня, 13.00. Падрабязнасці тут.
  • Лодзь, Дом беларусаў у Лодзі (ul. Sowińskiego, 49B). Пачатак сустрэчы — 14 траўня, 17.00. Падрабязнасці тут.
  • Вільнюс, Дом беларусаў у Вільнюсе (Vilniaus g., 20). Пачатак сустрэчы — 14 траўня, 18.00. Падрабязнасці тут.
  • Батумі, Прастора «аКсяродак» (Метакса, 4). Пачатак сустрэчы — 14 траўня, 18.00. Падрабязнасці тут.
  • Прага, Беларуская клубоўня (5. května 32, 140 00 Praha 4-Nusle). Пачатак сустрэчы — 14 траўня, 18.00. Падрабязнасці тут.
  • Беласток, Хаб Новая Зямля (Wyszyńskiego, 6A). Пачатак сустрэчы — звярніце ўвагу! — 16 траўня, а 18.00. Падрабязнасці тут.

«Свабода і мысленне: эсэ аб грамадзянскай супольнасці» –  зборнік эсэ Уладзіміра Мацкевіча,  у якім ён аналізуе асновы грамадзянскай супольнасці і ролі ў яе развіцці і існаванні такіх з’яў, як грамадскае меркаванне, медыя і дзяржава.

Таксама аўтар разбірае, як суадносіцца грамадзянская супольнасць з нацыяй, разнастайнымі дзеяннямі і практыкамі грамадскага ўдзелу. Кніга, па меркаванні філасофскага кола, дапаможа асэнсаваць тыя падзеі, якія адбыліся ў Беларусі ў 2020 годзе, а таксама актуальную сітуацыю.

Знайсці выданне «Свабода і мысленне: эсэ аб грамадзянскай супольнасці» ў сеціве можна тут.

Гэтаксама, нагадаваем, што ў мінулым годзе распачаў працу сайт Уладзіміра Мацкевіча, на якім можна знайсці кнігі, лекцыі, выступы, курсы, падкасты і эсе беларускага інтэлектуала.

Уладзімір Мацкевіч быў затрыманы ў сваёй кватэры 4 жніўня 2021 года. У лютым, праз паўгады зняволення, мысляр трымаў галадоўку 13 дзён з патрабаваннем перадаць яго справу ў суд і прызначыць дату судовага разбіральніцтва. Ён дамогся таго, што яго справа была зрушана з «мёртвай кропкі».

23 чэрвеня 2022 года Уладзімір Мацкевіч быў асуджаны на пяць гадоў калоніі.

У сярэдзіне ліпеня 2022 года філосафа перавялі з СІЗА-1 у Турму № 4, а ў кастрычніку — у шклоўскую ПК № 17. У кастрычніку яго імя было дададзена ў спіс «экстрэмістаў» МУС.

У лютым 2023 года стала вядома, што Уладзіміра Мацкевіча на тры месяцы змясцілі ў ПКТ. 13 лютага 2023 года ў судзе Шклоўскага раёна адбыўся суд па замене Уладзіміру рэжыму ўтрымання на больш жорсткі. У выніку філосафу замянілі рэжым утрымання на турэмны: яго перавялі ў магілёўскую Турму № 4.

Если вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.

🔥 Поддержите Reform.news донатом!