Сёння, 7 красавіка, спаўняецца 40 гадоў з дня смерці Ларысы Геніюш, беларускай паэткі і грамадскай дзяячкі.
«Дома свечкі даўно пагашаны, / і магілкі пад снегам спяць. / Дык няўжо і мяне, няшчасную, / пад канвоем будуць хаваць?» – запытвала Геніюш у адным са сваіх апошніх вершаў.
Аднак пахаваць паэтку «пад канвоем», нягледзячы на ўсё жаданне тагачаснай улады, не атрымалася. На развітанне з ёй у Зэльву прыехалі тысячы людзей. Утварылася маўклівая маніфестацыя, што для 1983 года было справай нечуванай.
Святару зэльвенскай Свята-Троіцкай царквы ўлады настойліва рэкамендавалі не праводзіць адпяванне. Аднак айцец Васіль Чыкіда адпяваў рабу Божую Ларысу чатыры гадзіны і назваў паэтку чалавекам «з крыштальна чыстай душой, чые творы будуць жыць вечна».
Улады падагналі пад царкву грузавік з апушчанымі бартамі. Аднак труну ад храма да могілак людзі пранеслі на плячах.
Пісьменнікаў афіцыйна папярэдзілі, каб тыя не гаварылі прамоў на пахаванні. Аднак на могілках выступілі Адам Мальдзіс і Уладзімір Арлоў, які прачытаў верш Сержука Сокалава-Воюша, напісаны на смерць паэткі…
Цалкам творы Ларысы Геніюш, у тым ліку кранальныя і шчырыя ўспаміны «Споведзь», былі выдадзены толькі пасля заняпаду савецкага таталітарызму. А ў часы СССР ёй дазвалялi друкавацца толькi як «этнаграфічнай» ці дзiцячай пiсьменнiцы.
З 1996 года распачаўся збор сродкаў на ўсталявання ў Зэльве помніка Ларысе Геніюш.
Скульптура была створана Міхасём Іньковым.
Аднак паставіць яе атрымалася толькі ў 2002 годзе каля Свята-Троіцкай царквы — з дабраславення мітрапаліта Філарэта.
Амаль праз сорак гадоў пасля смерці Геніюш — у ноч з 29 на 30 сакавіка 2023 года — помнік быў дэмантаваны. Намеры прарасійскіх актывістаў і сённяшняй улады цалкам супалі ў імкненні сцерці памяць пра выдатную нацыянальную паэтку і нерэбілітаваную дзяячку БНР.
Яе нязломнасць у сваіх перакананнях натхняла ўсіх, хто цярпеў ад рэпрэсіўнай сістэмы. У сталінскіх лагерах паэтка пісала вершы на маленечкіх паперках, якія рознымі спосабамі разыходзіліся сярод зняволеных беларусаў. Гэтыя паперкі з вершамі вязні называлі «глюкозай». Яе дом у Заслаўі, дзе яна жыла пасля вызвалення са сталінскага лагера разам з мужам Янкам Геніюшам, стаў месцам натхнення для нацыянальна-арыентаванай моладзi Беларусi.
***
Ларыса Антонаўна Генiюш (1910-1983), беларуская паэтка, празаік, грамадскі дзеяч. У 1937-м выехала ў Прагу, дзе жыў і вучыўся ва ўніверсітэце яе муж Янка Геніюш.
Уключылася ў жыццё беларускай эміграцыі, у дзейнасць урада БНР (нейкі час была яго сакратаром).
У 1948 годзе была арыштавана і вывезена ў Мінск. Асуджана на 25 гадоў зняволення ў папраўча-працоўных лагерах. Камісія Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР ад 30.05.1956 абвінавачанне прызнала абгрунтаваным, але тэрмін пакарання быў зменшаны да 8 гадоў.
Пасля вызвалення пераехала ў пасёлак Зэльву на Гродзеншчыне, дзе жыла, не прыняўшы савецкага грамадзянства.
Пазнаёміцца з творчасцю Ларысы Геніюш можна тут.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.by у Telegram
Сообщить об опечатке
Текст, который будет отправлен нашим редакторам: