Сёння дзень нараджэння Алеся Пушкіна. Як яго адзначаюць беларусы па ўсім свеце?

Главное
Скан відэа Рамана Шэля.

6 жніўня 1965 года нарадзіўся мастак, перформер, актывіст, куратар, галерыст Алесь Пушкін.

Сёння яму магло б споўніцца 59 год. Палітзняволены мастак памёр у ноч з 10 на 11 ліпеня 2023 года ў рэанімацыі, куды ён трапіў з гродзенскай турмы. У Алеся Пушкіна была прабадная язва, яму своечасова не аказалі дапамогу.

Алесь Пушкін стаў пасмяротным лаўрэатам прэміі «Чалавек Cвабоды – 2023», якую арганізоўвае Беларуская служба «Радыё Свабода». А ў 2024 годзе гадавіну з дня смерці адзначылі ў віленскай прасторы Kropka — адкрыццём выставы яго турэмных малюнкаў.

Пашукалі, як адзначаюць дзень нараджэння мастака ў розных краінах. Высветлілася, найбольш актыўна — у віртуальнай прасторы, напрыклад, у фэйсбуку і на яго старонцы смуткуюць з нагоды страты, якую ўсё яшчэ немагчыма асэнсаваць.

На Youtube-канале «DW Беларусь» выклалі эксклюзіўныя кадры з Алесем, адны з апошніх. Нямецкі журналіст Раман Шэль здымаў Пушкіна падчас пратэстаў-2020 у Мінску, пазней у яго роднай вёсцы Бобр, а таксама на выставах у Гродне і Кіеве незадоўга да яго затрымання ў сакавіку 2021 года. Фільм быў паказаны на нямецка-французскім тэлеканале Arte.

Беларускі ПЭН у памяць пра мастака выклаў дакументацыю перформансу, зладжанага на 80-годдзе Уладзіміра Караткевіча.

Выданне Chrysalis у дзень народзінаў Алеся Пушкіна зрабіла пераклад тэксту пра найважнейшыя падзеі ў гісторыі беларускага перфарматыўнага мастацтва, дзе сярод важных аўтараў — Алесь Пушкін. Артыкул пра творцу пачынаецца так: «Свае першыя выступы Алесь пачаў яшчэ ў Савецкім Саюзе, яны былі заўсёды прысвечаныя цяперашнім і гістарычным падзеям у Беларусі. Яго дзеі, як па змесце, так і па форме, ніколі не выклікалі аднадушнай рэакцыі грамадства або мастацкай супольнасці. Адзіная выразная рэакцыя была з боку ўладаў — Пушкін неаднаразова прыцягваўся да адміністрацыйнай і нават крымінальнай адказнасці за свае выступы, а яго публічныя акцыі часта зрываліся мясцовымі чыноўнікамі».

Дэмакратычная лідарка Святлана Ціханоўская напісала на сваёй старонцы ў сацыяльнай сетцы Х, што мастаку Алесю Пушкіну — «аднаму з самых светлых людзей краіны» — 6 жніўня споўнілася б 59 гадоў. «Але летась ён памёр ад рук рэжыму, пазбаўлены надзвычай неабходнай яму медыцынскай дапамогі. Мы не можам яго вярнуць, але мы здольныя дамагчыся таго, каб больш ніводзін палітвязень не памёр», — напісала палітык.

У рэальнай прасторы — у Варшаве — ля помніка Каперніку на выходных прайшла чарговая акцыя беларусаў, — паведамляе «Радыё Рацыя». Прадстаўнікі беларускай дыяспары прыйшлі, каб успомніць забітых Рамана Бандарэнку, Алеся Пушкіна, якім на пачатку жніўня магло б споўніцца 35 і 59 гадоў. Выступоўцы выказалі салідарнасць з палітвязнямі і шкадаванне, што ніхто з беларускіх палітзняволеных не аказаўся ў спісе абмененых.

Сёння Вольны Хор прысвеціць свой выступ Алесю Пушкіну. «Памяць аб ім жыве ў нашых сэрцах, справа яго працягваецца ў нашых песнях», — напісана на старонцы Хору.

Гэты выступ адбудзецца падчас самай галоўнай сённяшняй падзеі, прысвечанай дню нараджэння Алеся Пушкіна, — адкрыцці выставы з сімвалічнай назвай «Ales Pushkin. AFTERLIFE» у Музеі Вольнай Беларусі. Асноўная канцэпцыя экспазіцыі грунтуецца на акцыях і перформансах мастака, якія ён праводзіў у адкрытай прасторы з 1989 года.

Урачысты вернісаж распачнецца ў 19.00. А напярэдадні адкрыцця гэтай выставы Reform.news паразмаўляў з яе куратарам Андрэем Дурэйкам. Тэкст выкладзем неўзабаве, як толькі экспазіцыя набудзе прэзентабельны выгляд.

«У мастака ёсць вялікі прывілей доўжыць жыццё сваіх думак і ідэй, насуперак смерці прысутнічаць далей», — так кажа куратар выставы пра неўміручасць творцы.

Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram

Если вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.

🔥 Поддержите Reform.news донатом!
REFORM.news (ранее REFORM.by)
Добавить комментарий

Внимание, премодерация. Если вы в Беларуси, не оставляйте комментарий без включенного VPN.

Последние новости




Сообщить об опечатке

Текст, который будет отправлен нашим редакторам: