На біенале «Медыяцыя», што праходзіць у Стамбуле, Беларусь прадстаўляе мастак, які цяпер жыве ў Познані, Раман Трацюк.
Біенале «Медыяцыя» было заснаванае мастаком Томашам Ведландам і яго камандай у Познані ў 2008 годзе. Галоўнай мэтай фэсту дэкларавалася пасярэдніцтва, медыяцыя паміж мастацтвам Еўропы і Азіі, стварэнне дыялогу паміж рознымі культурамі, поглядамі і пакаленнямі. Першыя выпускі біенале адбываліся ў Познані, пазней геаграфія фэсту пашырылася на іншыя гарады і краіны.
Горад Стамбул, як месца правядзення чарговага біенале «Медыяцыя», выбраны невыпадкова: сталіца Турцыі размешчана як на азіяцкім, так і на еўрапейскім баках праліва Басфор, яна злучае Міжземнае і Чорнае моры, тут, на думку арганізатараў біенале, найбольш натуральна выглядае дыялог паміж Азіяй і Еўропай.
Правядзенне выставы супала са стагоддзем Турэцкай Рэспублікі, да гэтай даты былі адрэстаўраваны памяшканні 190-гадовай фабрыкі тэкстылю, плошчай 8 тысяч квадратных метраў, цяпер гэта культурная прастора ArtIstanbul Feshane.
Галоўны куратар біенале — Томас Вендланд, а ўсяго ў біенале ўдзельнічае 17 куратараў з Азіі, Еўропы і іншых кантынентаў, якія распрацоўвалі ўласныя праекты з удзелам 154 мастакоў з 39 краін.
Быў і агульны канцэпт: «Я — гэта іншы ты, ты — гэта іншы я». («I am another you, you are another me»). Гэта цытата Маўланы Джалал-уд-Дын Румі, а таксама прывітанне майя «Я — гэта ты, ты — гэта я», што з’яўляецца больш простым выразам глыбокай павагі да кожнай істоты, з якой вы сутыкаецеся, нагадваючы вам, што ўсё непарыўна звязана.
На адкрыцці Тэатр танца і руху ROZBARK з Польшчы сумесна з японскім танцорам буто прадставіў транстанцавальны перформанс «Цемра вакол шэрасці» па матывах «Дзядоў» Адама Міцкевіча.
Мастак Раман Трацюк паказаў на біенале інсталяцыю «Сярпы», якая складалася з 10 сцягоў з выявамі 10 пар сярпоў у розных канфігурацыях. Творы зроблены з дапамогай тэхнікі, вынайдзенай фатографам-авангардыстам пачатку ХХ стагоддзя Ман Рэем. Раяграфія — тып фатаграфіі, што выконваецца без выкарыстання камеры або аб’ектыва, толькі з дапамогай святла і святлаадчувальнай паперы. Каб атрымаць гэтыя выявы, Раман Трацюк паклаў сярпы на матавае шкло, а потым накіраваў на іх святло. Яркія вобласці адбітка — гэта месцы, дзе прадметы абапіраліся на паперу і ўлоўлівалі святло.
Выкарыстоўваючы лічбавыя праграмы, творца распрацаваў чорна-белыя выявы, а пасля надрукаваў іх: чорныя сярпы на белым фоне, а белыя — на чорным.
Сярпы, якія ён зафіксаваў на сваіх выявах, — рэальныя прадметы, што некалі выкарыстоўваліся ў сялянскім побыце. На іх паверхнях засталіся сколы і драпіны, і выглядаюць яны даволі небяспечнымі.
Адна з першых асацыяцый, якую выклікаюць гэтыя спалучэнні прадметаў, сімвал камуністычнай ідэалогіі «Серп і молат». Савецкія асацыяцыі надаюць сярпам злавесны выраз, асабліва ў кантэксце цяперашняга ўварвання Расіі ва Украіну. Такія гістарычныя спасылкі важныя для мастака, аднак аўтар пазначае сярпы як жаночыя і такім чынам цалкам змяняе перспектыву гледжання.
«Мая праца падкрэслівае ролю жаночай энергіі у сучасным свеце і дэманструе вялізную ролю кабет у розных сацыяльна-палітычных кантэкстах. У Турцыі гэты твор набыў дадатковы сэнс з-за палітычнай сітуацыі, таму беларускі кантэкст твора прачытваецца ў іншых абставінах,» — тлумачыць аўтар.
Падчас пратэстаў у Беларусі супраць рэжыму Лукашэнкі сотні тысяч жанчын выйшлі на вуліцы ў мірных дэманстрацыях, і ў гэты ж час жанчыны масава выходзілі на вуліцы ў Польшчы, арганізоўваючы агульнанацыянальныя забастоўкі ў адказ на закон аб барацьбе з абортамі.
Сярпы для мастака з’яўляюцца сімвалам сілы, але іх таксама можна разглядаць як сімвалы жаночай паразы: ні беларуская, ні польская жаночая рэвалюцыя не прывялі да станоўчых зменаў. Рэжым у Беларусі ўсё яшчэ існуе, новы жорсткі закон аб абортах пакуль яшчэ дзейнічае ў Польшчы. Сярпы патрыярхальнай улады фактычна абезгаловілі масавы жаночы рух і яго дэмакратычныя рэформы.
«У гэтай серыі, — тлумачыць Раман Трацюк, — ёсць канатацыі савецкіх сімвалаў, аднак з гэтага сімвала «Серп і молат» я выключыў молат, увасабленне мужчынскай агрэсіўнай энергіі, якая з’яўляецца прычынай вялікай колькасці крызісаў, якія мы сёння бачым і з якімі змагаемся«.
Біенале «Медыяцыя» працягнецца ў Стамбуле да 11 снежня 2023 года.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.by у Telegram