У Солах (Смаргонскі раён Гродзенскай вобласці) у касцёле, асвечаным у гонар Маці Божай Ружанцовай, зафарбавалі славутую фрэску ў гонар «Цуду над Віслай».
Фрэска адлюстроўвае перамогу польскіх войскаў над Чырвонай Арміяй пад Варшавай. У знакамітай бітве ў жніўні 1920-га ўзброеныя сілы новай польскай дзяржавы разграмілі наступ Чырвонай Арміі. Палякі называюць гэту падзею цудам, бо дзякуючы ёй экспансія камунізму ў Еўропу была спыненая, а Польшча ўратавала сваю краіну і незалежнасць.
Фрэска была размешчана ў храме ў Солах, пабудаваным у стылі мадэрн у 1924-1934 гадах на ахвяраванні прыхаджан. У савецкія часы роспіс зафарбавалі, а пасля падзення СССР — аднавілі і наноў асвяцілі.
Напрыканцы мінулага года на дзяржаўным тэлеканале «Беларусь 1» выпусцілі сюжэт, у якім прапагандыстка Ксенія Лебедзева абвінаваціла настаяцеля рымска-каталіцкай парафіі ў Солах ў фінансавых махінацыях, расказала пра яго нібыта кепскія адносіны з мясцовымі парафіянамі, а таксама згадала фрэску «Цуд над Віслай» у храме.
Прапагандыстка ўбачыла ў знакамітым роспісе заклік «да распальвання нацыянальнай і рэлігійнай варожасці», а таксама тое, што «асобныя служыцелі клапоцяцца не аб выратаванні душы, а аб вяртанні Заходняй Беларусі ў склад Польшчы». «Польшчу па-ранейшаму мучаць фантомныя болі, і яе ўлады сур’ёзна глядзяць на тое, каб захад Беларусі вярнуць у свой склад», — паведаміла вядучая канала.
Антыпольскі прапагандысцкі сюжэт цалкам супадае з дзяржаўным наратывам пра мілітарызацыю грамадства праз пошук знешніх ворагаў, якія нібыта маюць тэрытарыяльныя прэтэнзіі да Беларусі.
У выніку фрэску запатрабавалі зафарбаваць, што і было зроблена.