З-за сталай звычкі паліць рэжысёр Дэвід Лінч захварэў на амфізему лёгкіх. Цяпер ён здольны выходзіць з дому толькі на кароткі час і працаваць толькі дыстанцыйна, паведамляе The Guardian.
У інтэрв’ю часопісу «Sight and Sound» рэжысёр «Унутранай імперыі», «Малхоланд Драйв», серыяла «Твін Пікс» прызнаўся, што захварэў на эмфізему лёгкіх і зараз вымушаны большую частку свайго жыцця знаходзіцца дома.
«Я магу выходзіць на шпацыр толькі на кароткія дыстанцыі перш, чым у мяне скончыцца кісларод», — падзяліўся Дэвід Лінч.
Ён дадаў, што яму зараз было б небяспечна захварэць нават на прастуду, не кажучы ўжо пра кавід.
«Я, магчыма, займаўся б рэжысурай з дому… Але мне гэтага вельмі не хацелася б. Мне падабаецца быць у цэнтры гэтай справы і чэрпаць ідэі ў працэсе. Але я б паспрабаваў зняць [фільм] дыстанцыйна, калі да гэтага дойдзе».
Лаўрэат «Оскара», Канскага і Венецыянскага фестываляў канстатаваў, што хваробу справакавала яго сталая звычка паліць.
«Паленне было чымсьці, што я любіў абсалютна, але ў выніку яно мяне закранула. Яно было часткай майго мастацкага жыцця: тытунь і яго пах, і запальванне агню, і паленне, і вяртанне, і сядзенне склаўшы рукі, і пакурваючы, глядзець на сваю працу ці разважаць пра рэчы; нішто падобнае ў гэтым свеце не з’яўляецца такім прыгожым. Між тым гэта мяне забівае. Так што прыйшлося кінуць».
Па звестках The Guardian, апошні нерэалізаваны праект 78-гадовага кінематаграфіста — сцэнарый да ігравога фільма «Антылопа больш не бяжыць» (Antelope Don’t Run No More), які ён завяршыў у 2010 годзе. Гэтаксама па чутках Лінч з 2020 года працуе над серыялам для Netflix пад назвай «Гліцынія/Незапісаная ноч» (Wisteria/Unrecorded Night).
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram