Старшыня Беларускага ПЭНа, паэтка Таццяна Нядбай пракаментавала прысуд Нобелеўскаму лаўрэату міру, главе праваабарончага цэнтра «Вясна» Алесю Бяляцкаму і яго калегам ды паплечнікам Валянціну Стэфановічу і Уладзіміру Лабковічу.
— Не было ілюзій, — выказалася літаратарка і праваабаронца.
Несправядлівы і палітычна матываваты прысуд Бяляцкаму – чалавеку, які ўсё сваё жыццё прысвяціў беларускай культуры і правам чалавека, – сведчанне таго, што рэжым у Беларусі сёння – антыбеларускі і антынародны – помсціць нязломным грамадзянам за іх няўхільную пазіцыю і непрыманне дыктатуры, гвалту і хлусні.
Праваабаронца і літаратар Алесь Бяляцкі сёння ўвасабляе сабой усю грамадзянскую супольнасць Беларусі, якая не хоча мірыцца з несправядлівасцю і парушэннямі правоў чалавека ў Беларусі, знішчэннем беларускай культуры. Чалавек эпіцэнтра – ён заўсёды быў у віры лёсавызначальных для краіны і грамадства падзеяў. Ён двойчы свядома выбраў не з’ехаць, а застацца – са сваім народам, у сваёй краіне. Асабістая гісторыя Бяляцкага – летапіс краіны: вехі прыватнага жыцця шчыльна пераплятаюцца з этапамі станаўлення новай Беларусі, пра якую мы марым.
Нагадаем, што сёння суддзя Мінскага гарадскога суда Марыя Запаснік прызнала «вясноўцаў» віноўнымі ў кантрабандзе арганізаванай групай і фінансаванні групавых дзеянняў, якія груба парушаюць парадак. Бяляцкі асуджаны на 10 гадоў, Стэфановіч на 9, Лабковіч — на 7. Гэтаксама ўсім асуджаным прызначаны штраф у 185 тысяч рублёў.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.by у Telegram