«Калі мы па два бакі, то па два бакі аднаго люстэрка», — радок з новага сумеснага трэка беларускіх рэп-музыкантаў Віталя Рыжкова aka Angst і Лёшы Грызунта aka лайтовы. Артысты знаходзяцца па розныя бакі мяжы: Віталь — у Польшчы, Лёша — у Беларусі. Але гэты «разрыў» творцы паспрабавалі пераасэнсаваць у новай сумеснай кампазіцыі, дзе Angst пачынае з аднога баку Буга, а лайтовы — адказвае.
Ініцыятарам сумеснага праекта выступіў Віталь Рыжкоў — менавіта ён адправіў Лёшы Грызунту сваю частку.
— Мне захацелася ў гэтым трэку адысці ад метафар і складаных рыфм, таму мой парт атрымаўся такім сабе зарыфмаваным пастом у ФБ з нагоды праслуханых песень пра вяртанне, — прызнаўся ён у інтэрв’ю 34mag.net.
Лёша Грызунт быў рады творчай прапанове ад вядомага паэта і хіп-хоп-выканаўцы і дадаў сваю частку да «Люстэрка» — а менавіта так называецца трэк, які прапануе асэнсаваць, што сёння адбываецца з беларусамі «там» і «тут».
— Мне важна было падкрэсліць агульнасць праблемы адчужэння для нас усіх, — пракаментаваў музыка свае бачанне сітуацыі. — І надзея для мяне адсюль і паўстае – мы не настолькі расколатыя, наколькі падаецца адразу. Хутчэй, сама гэтая расколатасць зараз нас і яднае. Беражлівая і ўважлівая праца з ёй – куды больш карысны і канструктыўны шлях, чым высвятленне, чыя тут рацыя, і пошук нейкіх няўцямных аб’яднальных ідэй.
Бліскучая мова. Экзістэнцыйны боль. І спосаб з ім пасябраваць.
«Калі мы па два бакі, то па два бакі аднаго люстэрка».
Слухаць трэк можна тут.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram