Igor / Dawid — так назваецца новы тэатральны праект, створаны польскім рэжысёрам, акторам Давідам Жакоўскім сумесна з беларускім перформерам Ігарам Шугалеевым. Беларускі актор, мастак руху, вядомы ўдзелам у спектаклях Ich heiße Frau Troffea і 375 0908 2334 /The body you are calling is currently not available у рэжысуры Сяргея Шабохіна, сёння выступіць на сцэне Новага тэатра ў Варшаве. Новы пластычны праект, народжаны ў супрацы з міжнароднай камандай суаўтараў, прысвечаны праблеме «стабілізацыі цела і розуму аголенага, перфарматыўнага і эксплуатаванага цела».
«Як пабудаваць сваю будучыню так, каб і ў 60, і ў 70, і ў 80, і ў 90, і ў 100 гадоў можна было танцаваць, радавацца і кахаць? — адзначаецца ў анатацыі да пастаноўкі.
Перформеры сутыкаюцца са сваім папярэднім досведам, выцягнутым з мінулага, памяці і постпамяці, каб трансфармаваць асабістыя міфалогіі ў мікрацырымоніі і праявы перадышкі, адпачынку і запаволення жыццёвых працэсаў. Ансамбль бярэцца за катэгорыю стабілізацыі, зазямлення і ўкаранення на цялесным, перфарматыўным і даследчым узроўні, спалучаючы практыкі, натхнёныя аграрнымі рытуаламі, з харэаграфічнымі практыкамі Марціна Талагі, які ў сваіх працах квірызуе традыцыйны фальклор».
У праекце задзейнічаны: перформеры Давід Жакоўскі і Ігар Шугалееў, хареограф Марцін Талага, драматургі Патрыцыя Бабіцкая і Улада Хмель, музыка Катажына Пішэк aka Kasai, касцюмер Таня Мадж, рэжысёр святла Тадэвуш Пяркоўскі, мастак Сяргей Шабохін, прадзюсары Іва Астроўская і Марына Дашук.
Білеты на спектакль, які будзе ісці ў Новым тэатры 17 і 18 кастрычніка, можна набыць тут.
Ігар Шугалееў нарадзіўся ў Гомелі. Скончыў Беларускую акадэмію мастацтваў па спецыяльнасці «актор тэатра і кіно». Супрацоўнічаў з KARAKULI Dance Theatre, KorniagTHEATRE, HUNCHTheatre Belarus, TOKtheatre. З 2021 года жыве ў Польшчы. Спектаклі з яго ўдзелам Ich heiße Frau Troffea і 375 0908 2334 / The body you are calling is currently not available — апошні прапаноўваў гледачу адчуць сябе затрыманым і фізічна перажыць бяспраўе, з якім беларусы сутыкнуліся ў 2020 годзе і пазней, былі паказаныя на пляцоўках Германіі, Польшчы, Венгрыі, Літвы.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram