Праект куратаркі і арт-менеджаркі Вольгі Мжэльскай «Размовы маленькага геданіста» цяпер можна глядзець на YouTube

Культура
Вольга Мжэльская. Скрын з відэа.

Bідэапраект пра сучаснае беларускае мастацтва «Размовы маленькага геданіста» беларускай куратаркі і арт-менеджаркі Вольгі Мжэльскай займеў дадатковую пляцоўку. Цяпер серыю кароткіх рэпартажаў з выстаў і невялікія інтэрв’ю з беларускімі дзеячамі і дзяячкамі культуры можна глядзець і на YouTube.

Старт праекта «Размовы маленькага геданіста» адбыўся ў маі гэтага года ў TikTokInstagram.

«У кароткіх відэа я буду расказваць пра беларускае мастацтва: рэпартажы з выстаў, дыялогі з артысткамі і артыстамі, пэўныя ўрыўкавыя думкі ці рэакцыі на падзеі, – прадстаўляла сваю новую працу ў сацсетках Вольга Мжэльская. – Я б хацела паспрабаваць злавіць гэты час за яго гузікі. У культуры адбываецца шмат працэсаў, і яны дужа хуткія і хаатычныя. Я не ў стане асягнуць усё, але хачу ўхапіцца за тое, што мне даступна і цікава. Таму выбар падзеяў і персанажаў будзе вельмі суб’ектыўны», – дадала куратарка.

На сёння ў даробку «Размовы маленькага геданіста» ўжо дзевяць выпускаў: гэта і рэпартаж з выставы Андрэя Анро «Вечны агонь» ў варшаўскай галерэі «Duży Pokój», і расповед пра партызанскі стрыт-арт мастака Doctor Oy на будынку музея Пампіду, і інтэрв’ю з фатографкай Юліяй Лейдзік з вядомага дуэта Kanaplevleidiki, і рэпартаж з выставы Андрэя Логінава «Чаромушкаўская адысея» ў Галерэі фатаграфіі ў Познані, іншыя эпізоды.

«Шчыра прызнаюся, люблю кожны з выпускаў і ўдзячна самой сабе і маёй невялікай камандзе энтузіястаў за тое, што мы гэта робім, — зафіксавала момант гісторыі ў сваім праекце Вольга Мжэльская. — Для мяне гэта — захаванне памяці аб важным. Рабіць такія відэа — вялікая праца і мора патрачанага часу. Таму я вельмі прашу падтрымкі ў выглядзе лайкаў, падпісак, каментароў і дапамогай у распаўсюджанні інфармацыі».

Сачыць за праектам «Размовы маленькага геданіста» на YouTube можна тут.

Если вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.

Последние новости


REFORM.news


Сообщить об опечатке

Текст, который будет отправлен нашим редакторам: