Пра кантрабандыстаў свабоды і салідарнасць узрушаных. Новыя кнігі верасня: літагляд

Новыя кнігі верасня падымаюць актуальную павестку і спрабуюць пераасэнсаваць — на паэтычна-філасофскім узроўні — тое, што з намі адбываецца. Як і тое, як да падобных рэчаў ставіліся ў розныя часы. З гумарам, як стваральнік «Авантурніка Сімпліцысімуса», ці з трагічным асэнсаваннем, як аўтар «Мёртвым не баліць»…

Мастацкая літаратура

Уладзімер Арлоў. «Śvieciacca vokny dy nikoha za jimi». Перавыданне

Вершы Уладзімера Арлова выдалі на лацінцы.

Гэтая кніжка раней выходзіла ў выдавецтве «Логвінаў», там былі змешчаны вершы і на лацінцы, і на кірыліцы.

Выдавец і кіраўнік фонду Kamunikat.org. Яраслаў Іванюк патлумачыў, што падчас разнастайных сустрэч, выездаў, кірмашоў, людзі пыталі, ці ёсць кнігі на лацініцы, таму фонд разам Цэнтрам беларускай культуры ў Беластоку вырашылі падтрымаць беларускую лацінку.

Гэта ўжо другая кніга пісьменніка, якая выйшла апошнім часам у Польшчы беларускай лацінкай. Летась пабачыў свет зборнік гістарычных апавяданняў Patria aeterna.

25 sakavika

u krajinie
na vulicach jakoj
idzie palavańnie
na paetaŭ
i prosta na ludziej što
havorać na movie
svajich prodkaŭ
pačynaješ asabliva canić
smak vina
i śviežaha chleba
talent žanočych vusnaŭ
i toje što siońnia
znoŭ udałosia
svoječasova pryjści
na spatkańnie

Выдавецтва «Kamunikat».

Прэзентацыя дзвюх кніг Уладзімера Арлова, выдадзеных лацінкай, адбудзецца падчас Фестывалю інтэлектуальнай кнігі Pradmova ў Вільні.

Васіль Быкаў «Мёртвым не баліць». Перавыданне

Раман «Мёртвым не баліць» перавыдалі з нагоды 100-годдзя з дня нараджэння Васіля Быкава.

Лёгкапараненаму малодшаму лейтэнанту Леаніду Васілевічу даручаюць даставіць у штаб трох палонных немцаў. Пасля жорсткіх баёў, якія перажылі байцы пад Кіраваградам, заданне падаецца ім лёгкай прагулянкай. Каб жа ведаў быкаўскі герой, якім пеклам абернецца для яго гэты шлях, напрыканцы якога ён зразумее старажытнае прароцтва: «Жывыя пазайздросцяць мёртвым»!

Аўтар вокладкі для новага выдання — дызайнер Анатоль Лазар.

Выдавецтва «Папуры».

Набыць можна ў кнігарні «Параграф 45», у іншых беларускіх кнігарнях, а таксама на сайце alfavit.eu (з дастаўкай па Еўропе) і wilberries.

Таццяна Нядбай «Там, за сцяной»

«Там, за сцяной» — другая кніга паэткі пасля дэбютнага зборніка «Сірэны спяваюць джаз», які пабачыў свет 10 гадоў таму. Такі вялікі прамежак часу паміж двума выданнямі аўтарка, старшыня Беларускага ПЭНа, патлумачыла шчыльным рытмам працы, што пакідае мала месца на творчасць. «Для таго, каб пісаць, — распавяла Таццяна Нядбай, — мне трэба мець прастору, дзе можна было б быць з самой сабой, спыніцца, зразумець, што я адчуваю ў сувязі з тымі ці іншымі падзеямі і паваротамі. І тут мая ўдзячнасць выдаўцу – Дзмітрыю Строцаву і рэдактарцы – Марце Цісевіч за арганізацыю працэсу».

«Вершы ў новай кнізе (пера)асэнсоўваюць 2020-ты і тое, што з намі здаралася ў наступныя гады. Яны падзеленыя на два раздзелы: «амаль задушанае (мной жа) выказванне пра асабістае, якое становіцца своеасаблівым кампраматам для публічнай асобы, бо непазбежна паказвае слабыя месцы.

І – выказванне непасрэдна пра тыя скразнякі эпохі, якія нас прадзьмуваюць наскрозь, нібыта аголеных. Усё, што мы скажам, будзе выкарыстана супраць нас, і стане падставай для ціску і шантажу – як праз асабістае, дарагое і балючае, так і проста запішацца чарговымі эпізодамі ў дасье на нас. Мы жывём сваё жыццё, але ўжо само наша існаванне – сведчанне непадпарадкавання і матэрыял для крымінальнай справы», — расказала reform.news Таццяна Нядбай.

мама, мае сябры спрэс крымінальнікі

іх імёны ў зводках міліцыі і ў навінах
пастановах на ператрусы, раскладах судоў
у спісах схільных да экстрэмізму

кантрабандысты свабоды
здраднікі дыктатуры
агенты годнасці

за ранішняй кавай мы абмяркоўваем
допыты і этапы, пакаранні і тэрміны
турэмныя хітрыкі і спосабы выжывання

ведаем назвы калоній, іх геаграфію і асаблівасці
на контурных мапах гісторыі
пазначаем іх беспамылкова
адводзім ім годнае месца

мама, літаратура – міна, на якой мы падарваліся
і ўсё пайшло па нахіленай
наша зямля ўсмоктвае нашу кроў
шнары ўпрыгожваюць нашы сэрцы
і баляць пры сутыкненні з несправядлівасцю

сёння мы затаіліся ў пушчах і сховах
кнігі надзейна ўкрытыя ў сутарэннях
помнікі ўратаваныя ад вандалаў
закапаныя, каб некалі зноў узняцца

а мы штодня працягваем нашу справу
свайго жыцця
і заадно крымінальную

Выдавецтва «hochroth Minsk».

Набыць можна тут.

Марына Хоббель «(не)магчымасць пісьма»

У кнізе «(не)магчымасць пісьма» сабраныя вершы беларускай пісьменніцы і перакладчыцы з Нарвегіі Марыны Хоббель, напісаныя з 2021 па 2024 год. Па словах выдаўца Дзмітрыя Строцава, гэта «вельмі цяжкая, вельмі новая, вельмі важная кніга».

Марына Хоббель дагэтуль была вядомая перадусім як перакладчыца з беларускай, украінскай і рускай на нарвежскую мову. Зусім нядаўна, напрыклад, быў надрукаваны яе пераклад кнігі Евы Вежнавец «Па што ідзеш, воўча?».

Для аўтаркі гэтая кніга — першы вопыт укладання ўласнай паэтычнай кнігі і паэтычнай кнігі наогул. «У пэўным сэнсе я адчуваю сябе як imposter — неспадзяваная паэтка, чалавек з няпэўнай моўнай ідэнтычнасцю, вонкавы назіральнік, — расказала аўтарка пра свой зборнік вершаў. — І заўсёды мне не дае спакою пытанне, а ці маюць сэнс будзь-якія паэтычныя выказванні на тле таго, што адбываецца ў свеце, ці магу я асабіста нешта казаць пра падзеі, за якімі назіраю звонку і да таго ж праз прызму нарвежскага светаўспрымання, нарвежскіх рэалій і нарвежскай літаратуры. Кожнага разу як заходзіш у інтэрнэт — бачыш навіны пра яшчэ адзін разбомблены горад, ахвяры, пра новыя арышты, пра смерць людзей, і першая думка тады: які сэнс ствараць і публікаваць вершы, калі вось гэты чалавек памёр і ніколі ўжо не будзе існаваць у свеце?

Адсюль вынікае і назва зборніка: з аднаго боку, немагчымасць выказвання, бо ты з’яўляешся толькі бездапаможным сведкам рэпрэсій, гвалту, вайны, рабавання чалавечых і прыродных рэсурсаў і г.д. А з іншага боку — немагчымасць не выказвацца, бо выказванне — гэта асэнсаванне, ці пераасэнсаванне жыцця, неабходнае перш за ўсё табе самой, а калі пашчасціць — дык і камусьці яшчэ. У працэсе пісьма немагчымасць робіцца магчымасцю і нават неабходнасцю. У працэсе пісьма выходзіш за межы сябе і свайго асабістага існавання, прыходзіш да ўніверсальнага, агульначалавечага».

Выдавецтва «hochroth Minsk»

Кнігу можна набыць тут.

Літаратура для дзяцей

Мечыслаў Ян Супрон «Залатое зерне»

«Залатое зерне» — гэта 10 аўтарскіх казак пра дабрыню, працавітасць, ветлівасць, кемлівасць і міласэрнасць.

«Зборнік казак, які вы трымаеце ў руках, — гэта легенды і павер’і, якія перадаюцца з пакалення ў пакаленне ў маёй сям’і, — распавёў пра кнігу аўтар. — Гісторыі, пачутыя ў маленстве ад вясковых бабуль і дзядуль, натхнілі мяне на напісанне гэтай кнігі. Усе гэтыя гісторыі я не забыў і пераказаў сваім чытачам».

Кніга багата ілюстраваная аўтарам тэкстаў.

Выдавецтва «Gutenberg Publisher».

Набыць можна тут.

Кацярына Хадасевіч-Лісавая «Вухуцік і Дзіва»

Аповесць-казка Кацярыны Хадасевіч-Лісавой расказавае гісторыю пра тое, як да дзяўчынкі Улады прыляцеў яе іншапланетны сябар Вухуцік. Адразу пачынаюцца цікавыя падзеі, неверагодныя здарэнні і вясёлыя прыгоды, але Улада заўважае, што хлопчыка нешта сур’ёзна турбуе. Ён трымае сваю праблему ў таямніцы і не скардзіцца, бо не хоча псаваць святочны настрой. Пакуль сітуацыя не вымушае…

Выдавецкі Дом «Звязда».

Набыць выданне можна ў беларускіх кнігарнях.

Аксана Спрынчан «Народны каляндар школьніка»

У выданні даюцца тлумачэнні народным святам, каляндарным з’явам, паходжанню старадаўніх звычаў і іншым цікавосткам.

Аўтар канцэпцыі і тэксту — вядомая пісьменніца і рэдактарка Аксана Спрынчан.

Ва ўступным слове да выдання яна піша: «…бываюць святы, якія святкуюць тысячы гадоў. Нешта ў гэтых святах за стагоддзі мянялася, нешта заставалася. Ніводзін навуковец не ведае, у які дзень якое свята нарадзілася. Але ў іх вельмі прыгожыя назвы: Каляды, Гуканне вясны, Вялікдзень, Сёмуха, Купалле…

І вось гэтыя цікавыя і таямнічыя святы святкуе ўвесь наш народ, святкавалі мае прапрапрабабулі і прапрапрадзядулі, святкавалі вашыя прапрапрабабулі і прапрапрадзядулі. Святкую я і пэўная, што і для вас гэта святы.

Святы аб’ядноўваюць нас. Яны былі яшчэ да таго, як з’явіліся кнігі, а што ўжо казаць пра тэлефон. А цяпер мы можам не толькі святкаваць, але і чытаць пра святы ў кнігах і ў сеціве. А калі вы адзначаеце свята, можаце яшчэ зрабіць фотаздымкі, напісаць гісторыю, як яго адзначалі, і, можа, нават прыдумаць для вядомага свята сваю цікавую гульню.

Ведайце: калі вы святкуеце — нашы народныя святы жывуць. Яны жывыя, пакуль мы з імі».

У выдання — адмысловы дызайн, прыгожае мастацкае афармленне.

Выдавецтва «Мастацкая літаратура»

Набыць можна ў любой кнігарні ААТ «Белкніга» , а таксама ў Мінску ў кнігарні «Акадэмкніга».

Пераклады

Станіслаў Лем. «Зорныя дзённікі». Перавыданне

Творы Станicлава Лема перакладзены больш чым на 50 моў свету, іх агульны наклад склаў больш за 40 мільёнаў экзэмпляраў. У творчасці Лема дамінавалі тры галоўныя тэмы: Космас, Жыццё і Розум, іх узнікненне і эвалюцыя. Мастацкая форма часта з’яўлялася асновай для філасофскіх разважанняў і схаванай пад гумарам крытыкі парадкаў у камуністычнай Польшчы.

Пазнаёміцца з індыётамі, трапіць у часавыя петлі, зладзіць паляванне на курдля, даведацца, як бульба нападае на ракеты і што выйшла з плана па аптымізацыі гісторыі Зямлі, — усё гэта магчыма з «Зорнымі дзённікамі».

Разам з галоўным героем Іёнам Ціхім чытач можа адправіцца ў самыя незвычайныя касмічныя падарожжы. Свет прадстаўленых навукова-фантастычных апавяданняў, створаны легендарным польскім пісьменнікам, падкупляе арганічным спалучэннем гумару і філасофскіх разваг, сатыры і спроб разгадаць заведзены парадак рэчаў.

Выдавецтва «Янушкевіч».

Набыць можна тут.

Эндзі Ўір «Марсіянін»

«Марсіянін» (The Martian) — першы апублiкаваны раман амерыканскага пiсьменнiка Эндзi Ўiра.
Астранаўт Марк Ўотнi, якога пасля страшэннай буры лiчаць памерлым, застаецца адзiн на марсiянскай станцыi. I хоць умовы на ёй даволi камфортныя, ёсць адна вялiкая праблема: Марку пагражае галодная смерць. Але на шчасце, апроч абмежаваных запасаў касмiчнай ежы ў яго ёсць яшчэ дванаццаць бульбiн i трохi зямной глебы. Яго мэта — пратрымацца чатыры гады да прыбыцця наступнай мiсii.

Марсiянскаму рабiнзону даводзiцца праяўляць надзвычайную фантазiю i прымяняць усе свае веды, каб выжыць i вярнуцца на Зямлю…

Раман даступны ў трох фарматах.

Пераклад з ангельскай Тодара Сома.

Выдавецтва «Gutenberg Publisher».

Набыць можна тут.

«Іліяда». Другое выданне

Другое выданне поўнага перакладу эпічнай паэмы Гамера «Іліяда».
Перакладчык Лявон Баршчэўскі, які здзейсніў пераклад за 128 дзён, перагледзеў і паправіў тэкст, удакладніў каментары.

Міфалагічна-гераічны эпас «Іліяда», стварэнне якога, каля сярэдзіны VIII ст. да н. э., прыпісваецца паўлегендарнаму грэцкаму песняру Гамеру, а запіс быў упершыню зроблены двума стагоддзямі пазней, стаў здабыткам не толькі прыгожага пісьменства Старажытнай Грэцыі. Сюжэт паэмы будуецца на эпізодзе Траянскай вайны, якая, паводле сведчання большасці сучасных гісторыкаў, магла мець месца на мяжы XIII і XII ст. да н. э.

Першае выданне ў двух тамах пабачыла свет у менскім выдавецтве «Энцыклапедыкс» у красавіку і чэрвені 2024 года. Цяпер поўны тэкст «Іліяды» разам з каментарамі, змешчанымі ў зносках, слоўнікамі, спісам дадатковых крыніц, звярстаны ў адну кнігу з цвёрдай вокладкай.

Пераклад Лявона Баршчэўскага.

Выдавецтва «Połackija Łabirynty».

Набыць можна тут.

Ганс Якаб Крыстофэль фон Грымэльсгаўзэн «Авантурнік Сімпліцысімус»

Германія часоў Трыццацігадовай вайны — гэта свет Ганса Якаба Крыстофэля фон Грымэльсгаўзэна (1622 — 1676), чый Авантурнік Сімпліцысімус выйшаў з друку ў 1668 годзе і з’яўляецца найвыбітнейшым творам літаратурнага барока Еўропы. Галоўная тэма раману — тэма народу, багацце і галеча, селянін і праца, несправядлівасць свету.

Раней кніга выходзіла па-беларуску ў 1997 годзе ў выдавецтве «Мастацкая літаратура».

Новае выданне круцельскага раману суправаджае прадмова літаратуразнаўцы прафесаркі Галіны Сінілы, якая піша, што «ні адзін з твораў той эпохі не стаў такім бязлітасна праўдзівым дакументам свайго часу, як «Сімпліцысімус»[…] Гэта раман пра лёс народны і лёс чалавечы ў смутны, страшны, хаатычны час, раман пра блуканні і пакуты чыстай душы, якая не можа не запляміць сябе брудам і брыдотай гэтага свету, але не можа і не змагацца за сваю цнатлівасць і праведнасць. Гэта трагічны твор, насычаны нястрымнай весялосцю, якая яшчэ больш падкрэслівае трагічнасць часу. У ім гучыць гамерычны смех, бо народ і ў самыя цяжкія часіны не страчвае гумару, здольнасці смяяцца са свету і з сябе, гэта сапраўды выратавальны смех».
Пераклад з нямецкай Васіля Сёмухі.

Выдавецтва «Tsymberau».

Кнігу можна купіць у Мінску ў «Акадэмічнай кнізе», а таксама на сайце Kniger.by ці ў краме ў ГЦ «Купалаўскі» пад Кастрычніцкай плошчай, ралеты 41—42 (станцыі метро Купалаўская і Кастрычніцкая.

Нон-фікшн

Валянцін Акудовіч «Шолах моўчы»

Новая кніга беларускага філосафа выйшла ў межах ініцыятывы «33 кнігі для іншай Беларусі».

Кніга ўтрымлівае амаль 300 старонак, блізу 500 здымкаў і ілюстрацый і больш за 15 000 архіўных дакументаў. У кнізе чытачы знойдуць шырокі спектр тэкстаў ад праграмнага эсэ «Прачнуцца ранкам у сваёй краіне» да вершаў, прысвечаных сябрам, да гумарыстычных афарызмаў пра Бога і свет. Біблейскія матывы ў зборніку сустракаюцца з жартамі пра Бога, асабістая гісторыя пра левае вока, якое Акудовіч страціў у савецкім войску, стаіць побач з глыбокім трактатам пра мову як адзін з найважнейшых элементаў чалавечага існавання.

Валянцін Акудовіч — адна з цэнтральных фігур беларускага адраджэння перыяду ўз’яднання, прадстаўнікі якога былі заклапочаныя пытаннямі нацыянальнага самавызначэння, пераадолення каланіяльнай спадчыны і станаўлення беларускай культуры. «Час, у які адбылася Беларусь», як Акудовіч апісвае нечаканае дасягненне дзяржаўнага суверэнітэту, быў часам вялікіх надзей і культурнага ўздыму. На працягу некалькіх наступных дзесяцігоддзяў прадстаўнікам нацыянальнага адраджэння прыйшлося адмовіцца ад многіх сваіх мараў. Для некаторых гэта прывяло да масавага расчаравання, а іншыя спрабавалі ўтрымацца за тое, чаго насамрэч ніколі не існавала. Акудовіч успрымае гэтую сітуацыю як магчымасць задумацца пра месцазнаходжанне чалавека ў многіх вымярэннях: міжасобасным, палітычным, культурным, экзістэнцыяльным. Гэтая агульная нітка мыслення Акудовіча праходзіць і праз зборнік «Шолах моўчы».

Выдавецтвы: «Галіяфы» і Goten Publishing.

Кнігу можна будзе набыць у кнігарнях, пдф-версія ў вольным доступе з’явіцца на старонцы «33 кнігі для іншай Беларусі» і македонскага выдавецтва Goten Publishing.

Таццяна Шчытцова «Солидарность потрясённых. Эссе о Беларусской революции»

«Кніга філосафкі Таццяны Шчытцовай пісалася ў першую чаргу для тых, каму яна ўласна і прысвечаная – вялікай колькасці беларусаў і беларусак, якія сваімі дзеяннямі і эмоцыямі, крэатыўнасцю і сумленнасцю, салідарнасцю і адвагай зрабілі 2020 год гістарычнай вехай у жыцці нашай краіны», — адзначаецца ў анатацыі да выдання. — 2020 прынес адчуванне, што мы – нашы зносіны і ўзаемадзеянне і, камунікацыя і ўзаемадапамога – і есць краіна. Менавіта таму мы нібыта адкрылі для сябе краіну нанова, яна перастала быць абстрактным паняткам – уцялеснілася ў людзях навокал, якія перасталі быць «староннімі». Палітычнае ў нашай рэвалюцыі мела перашпачатковае старажытнагрэчаскае значэнне: грамадзяне, якія чуюць і хочуць чуць адно аднаго, каб разам вызначаць прынцыпы свайго супольнага жыцця».

Выдавецтва «Логвінаў».

Набыць можна тут.

Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram

Если вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.

🔥 Поддержите Reform.news донатом!