Польская рэжысёрка Моніка Дабраўлянска паставіла перфоманс-чытку паводле твора Евы Вежнавец «Па што ідзеш, воўча?». Бліжэйшы паказ — у Берліне

Культура
Прома да спектакля. Фота: Evatraubszophotography

4 ліпеня ў берлінскім Theatre Expedition Metropolis (Ohlauer Str., 10999) у межах форума «грамадcкага мастацтва» Kreuzberger HofFestSpiele адбудзецца паказ перфарматыўнай чыткі «Па што ідзеш, воўча?» паводле вядомага рамана беларускай пісьменніцы Евы Вежнавец (Святланы Курс). Рэжысёрка пастаноўкі — Моніка Дабраўлянска.

Гісторыя супрацоўніцтва Монікі Дабраўлянскай з беларускімі артыстамі сягае яшчэ ў 2000-я — 2010-я, калі на сцэне дзяржаўных беларускіх тэатраў як незалежныя праекты паўставалі такія спектаклі як: «Запіскі вар’ята», «Падары мне білет?», «Войцэк», «Перемещенные лица: Женщины»… Літаральна яшчэ да 2023 года на сцэне Рэспублікага тэатра беларускай драматургіі ішоў спектакль «Гэта ўся яна» ў рэжысуры Монікі Дабраўлянскай, але быў зняты з рэпертуару з-за цэнзуры.

Цяпер польская рэжысёрка, якая ў сваёй працы паспяхова спалучае традыцыі нямецкага, польскага і рускага тэатраў, працягвае супрацоўніцтва з беларускімі аўтарамі, акторамі і акторкамі, менеджарамі, якія знаходзяцца ў выгнанні. Літаральна 25 чэрвеня ў Варшаве ў рамках фестывалю Inex Fest II на сцэне Тэатральнага інстытута імя Збігнева Рашэўскага адбылася прэм’ера тэатральнага праекта «Па што ідзеш, воўча?» паводле аднайменнай аповесці Евы Вежнавец. Перфоманс-чытка прайшоў з аншлагам, і цяпер спектакль, у якім задзейнічаны вядомая польская акторка кіно і тэатра Моніка Давідзюк, украінка Вольга Грыгараш, зоркі беларускага тэатра Яўгенія Кульбачная і Святлана Зелянкоўская, будзе паказаны ў Берліне.

У перфомансе гучыць беларуская, польская, украінская, руская і нямецкая мовы.

Нагадаем, што «балотная казка» Евы Вежнавец на прыкладзе жыцця адной невядомай «забытай богам глушэчы» распавядае страшную паганскую гісторыю змены ўладаў у Беларусі ХХ стагоддзя, пакутлівую гісторыю беларускага народа.

Тэатральны праект «Па што ідзеш, воўча?» прадстаўляецца берлінскай публіцы так:

«Рына, жанчына-алкагалічка, якой каля сарака, вяртаецца з Дармштадта ў сваю родную вёску на Палессі, у Беларусь, каб прысутнічаць на пахаванні сваёй 102-гадовай бабулі. На Захадзе яна не знайшла ні сям’і, ні дому, ні карʼеры, не кажучы ўжо пра фінансавы поспех. Гісторыя Палесся – рэгіёна, які сёння падзелены паміж Беларуссю, Расеяй, Украінай і Польшчай – распавядаецца ў рэтраспекцыях праз жыццё яе бабулі Дарафеі, народнай лекаркі і «шаптухі».

За сваё доўгае жыццё яна перажыла дзве вайны, дзевяць змен улады і перанос межаў у роднай вёсцы. У плыні свядомасці, складзенай з фрагментаў памяці і сучаснасці, у якой унутраны маналог унучкі цяжка адрозніць ад маналогу бабулі, падымаецца доўга забытая і падаўленая тэма: каланізацыя Усходняй Еўропы. Палессе можа сімвалізаваць некалькі яе рэгіёнаў. Нягледзячы на трагічны пасыл, сваю «балотную казку» Вежнавец распавядае з доляй гумару і лёгкасці. Адначасова гэта помнік жанчынам Палесся, іх сіле, спагадзе і волі да выжывання. Пастаноўка таксама зʼяўляецца сцэнічным эксперыментам са шматмоўнасцю на сцэне».

Уваход на падзею вольны, але неабходна зарэгістравацца на [email protected]

Час і месца сустрэчы: 4 ліпеня, 20:00, Theatre Expedition Metropolis, Ohlauer Str., 10999 Berlin.

Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram

Если вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.

Последние новости


REFORM.news (ранее REFORM.by)


Сообщить об опечатке

Текст, который будет отправлен нашим редакторам: