Пяць атмасферных беларускіх мультфільмаў на Каляды

Культура
Кадр з мультфільма «Блізняты-важаняты».

Насамрэч тэма Новага года і Раства — адна з найлюбёных у беларускіх аніматараў. Але Reform.by вырашыў узяць рамку шырэйшую і спыніцца на тых анімацыйных фільмах, якія ствараюць асаблівы святочны настрой, ды, у пэўным сэнсе, пазначаюць крокі ў беларускай анімацыі. «Святы вечар» — толькі адпраўная кропка нашага падарожжа.

1. «Рожденственское». Фільм Ірыны Кадзюковай

У прынцыпе, уздымаючы тэму Раства, на анімацыі беларускай рэжысёрскі Ірыны Кадзюковай можна было б і спыніцца. Бо менавіта спадарыня Ірына на працягу многіх гадоў стварала адмысловы калядны цыкл «Святочные рассказы», у які ўвайшло каля дзесяці стужак: ад «Дзяўчынкі з запалкамі» — да «Сястра і брат».

Частку гэтых фільмаў, забіўшы ў пошукавіку «Святочные рассказы», вы можаце адшукаць і паглядзець у рунеце і байнеце.

Мы ж прапануем пазнаёміцца з першай працай з гэтага цыклу —  пранікнёнай карцінай паводле верша паэта Сашы Чорнага «Рождественское». Гісторыя пра восліка, якія намагаўся ў хляве ўбачыць нованароджанага Хрыста, была створана Ірынай Кадзюковай у 1994 годзе — яшчэ часе зменаў і надзей.

2. «Беларускія прымаўкі». Фільм Міхаіла Тумелі

Таксама ўжо з класікі беларускай анімацыі мультфільмы Міхаіла Тумелі з цыклу «Беларускія прымаўкі». Мікрастужкі, зробленыя ў тэхніцы выцінанкі-выразанкі на музыку Андрэя Жукава, якую выконвае этна-гурт «Троіца», ствараюць добры настрой, нягледзячы на тое, што беларускі народны гумар светлым ніяк не назавеш.

Вяршыняй з гэтай серыі фільмаў-выцінанак Міхаіла Тумелі з’яўляцца ўжо паўнавартасная карціна працягласцю шэсць хвілін «Як служыў жа я ў пана». Гэта аўтарскае прачытанне старой беларускай песні — ужо не зусім дасціпная выкшталцоная ілюстрацыя беларускіх прыказак, а жорсткая гісторыя лёсаў беларусаў у ХХ стагоддзі. Мультфільм не з ліку вясёлых, але з тых, якія запамінаюцца надоўга.

3. «Якія сны сніць мядзведзь». Фільм Руслана Сінкевіча

Той перыяд у жыцці «Беларусьфільма», калі на яго студыю прыйшло маладое пакаленне аніматараў. «Якія сны сніць мядзведзь» — беларуская анімацыя без эківокаў — з новымі культурнымі кодамі і інтанацыяй. Беларускія абрады, пра якія распавядаецца ў стужцы, зусім не дыдактыка, чужаніца, а частка жыцця нароўні з іншымі трыдыцыямі і культурнымі з’явамі. Персанажы — Ірына Забэла, мастак — Святлана Катлярова, музыка гурта “Vuraj” — усё склалася ў займальны і сучасны фільм — як для дзяцей, так і для дарослых.

4. «Лагодны воўк». Фільм Наталлі Хаткевіч-Дарвінай

«Лагодны воўк» — стужка, якая, здаецца, да гэтай пары яшчэ ездзіць па свеце і збірае цалкам заслужаныя ўзнагароды. Фільм Наталлі Хаткевіч-Дарвінай, які паўстаў у 2018 годзе, распавядае гісторыю вельмі добрага воўка, які ну ніяк не можа есці тое, што яму «паложана». Карціна, поўная любові, дабрыні і гумару, пазначае той перыяд у беларускай анімацыі, калі, нарэшце, у цэнтры цікавасці творцаў на кінастудыі «Беларусьфільм» апынулася беларуская культура. Вядома, аўтар ці аўтарка нікуды не знікалі, але «Лагодны воўк» — гэта шчырае падарожжа ў беларускую тэму.

5. «Блізняты-важаняты. Навагодні вальс». Праект журналісткі і прадзюсаркі Марыі Грыц

Як вы разумееце, абмінуць увагай незалежны анімацыйны праект Марыі Грыц мы ніяк не маглі. Серыял, які паўстаў з ініцыятывы беларускай журналісткі і ў дадзеным выпадку прадзюсаркі, паказаў, што анімацыя — гэта не толькі тое, што існуе на асобным «воблаку» на кінастудыях, а справа, якая можа ісці ў народ і стварацца — з разлікам на запыты людзей. Нагадаю, што праект нараджаўся з дапамогай краудфандынгу, але над фільмамі серыяла працавалі прафесійныя аніматары і мастакі, што вельмі важна.

Увогуле прэцэдэнт «Блізнятаў-важанятаў» паказаў, што пры належных умовах беларускія аніматары з задавальненнем уключацца ў праекты недзяржаўнай вытворчасці. Мяркую, што калі б гаворка шла не пра разавы праект, а пра працу невялікай, але паўнавартаснай анімацыйнай студыі — глядзіш, падобных сучасных творчых калабарыцый у нас было нашмат болей.

Спадзяемся, што Марыя не забудзецца пра свой цудоўны серыял, нягледзячы на цяжкія часы.

Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.by у Telegram

Если вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.

🔥 Поддержите Reform.news донатом!
REFORM.news (ранее REFORM.by)

Последние новости




Сообщить об опечатке

Текст, который будет отправлен нашим редакторам: