Першая беларуская анлайн-школа ва Украіне пачала набор на новы навучальны год

Пра набор на новы навучальны год у Першую беларускую анлайн-школу ва Украіне паведаміла на сваёй старонцы ў сацсетках заснавальніца інстытуцыі, актрыса, музыка, лідар гурта Naka Анастасія Шпакоўская.

Культурніцкая дзяячка падзялілася вынікамі працы анлайн-школы за чатыры гады існавання.

Агулам за чатыры гады працы наша школа дапамагла 217 дзецям з Беларусі у часовай ці пастаяннай магчымасці атрымліваць адукацыю. За час навучання мы здзейснілі тры выпускі навучэнцаў, агулам выдаўшы 42 атэстаты аб базавай адукацыі і 12 аб сярэдняй дзяржаўнага ўзору Украіны, — падзялілася яна.

У нас навучаюцца беларускія дзеці з 12 краін: Беларусі, Расіі, Польшчы, Літвы, Паўночнай Македоніі, Грузіі, Нямеччыны, Кіпра, Турэччыны, Партугаліі, ААЭ і Чарнагорыі. Таксама мы робім курсы для беларусаў па суботах анлайн, дзе можна далучыцца да беларускай мовы і літаратуры.

Анастасія Шпакоўская падкрэсліла, што інстытуцыя пад яе кіраўніцтвам — адзіная анлайн-школа, якая дае магчымасць вывучаць прадметы беларускага вектара і атрымаць атэстат дзяржаўнага ўзору Украіны.

Першая беларуская анлайн-школа ва Украіне была заснавана ў 2020 годзе. Яна прапаноўвае анлайн-адукацыю для вучняў 4-10 класаў. У праграме навучання — беларуская мова і літаратура, паглыбленае вывучэнне англійскай мовы, асновы IT; асноўныя прадметы выкладаюцца па-руску. Сярод выкладчыкаў школы сёння: Рэгіна Часноўская, Васіль Дранько-Майсюк, Алена Каданова, Раман Калугін, Яўгенія Вашчылка ды іншыя адмыслоўцы. Таксама школа прапаноўвае курсы па беларускай мове, літаратуры і гісторыі Беларусі для дзяцей з 10 да 16 гадоў.

Падрабязней пра інстытуцыю — тут.

Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram

Если вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.

🔥 Поддержите Reform.news донатом!