Беларуская мастачка Жанна Гладко прымае ўдзел у прэстыжным Ultima Oslo Contemporary Music Festival у нарвежскім Осла. Яе перформанс Vicious Circle стане часткай маштабнага аўдыявізуальнага твора «Танцуючыя ў агні», рэалізаванага сумесна з іранскай паэткай Фатэме Эхтэсары і ісландска-нарвежскай кампазітаркай Оддрун Ліля. Прэм’ера пастаноўкі, якая злучае музыку, паэзію і візуальную пластыку, адбудзецца 21 верасня ў Нарвежскай Оперы пра ўдзеле сімфанічнага аркестра Kringkastingsorkestret (KORK).
Vicious Circle — вядомы перформанс беларускай мастачкі Жанны Гладко, у якім яна падымае тэмы кантролю, цэнзуры, зоны камфорту і супольнасці. Творца ў ім «іграе» на струнах, якія падвешаны на металічнае кола, ствараючы «магічную прастору» — мастачка кранае струны, якія ў выніку руху выдаюць гукі. Аўтарка выканае перформанс ў Осла з некаторай трансфармацыяй і адноўленымі элементамі.
«Танцуючыя ў агні» — гэта маштабны аўдыявізуальны спектакль, цэнтральнай тэмай якога з’яўляюцца права на свабоду, самавыяўленне і ахвяры, якіх гэта патрабуе. Ядром працы з’яўляецца досвед трох мастачак з вельмі рознага асяроддзя: ісламскай тэакратыі, патрыярхальнай дыктатуры і ідэалістычнай сацыял-дэмакратыі, — адзначаецца ў анатацыі да твора. — Турэмнае зняволенне як «дамоклаў меч» вісіць над іранскай паэткай Фатэме Эхтэсары. Мастачка Жанна Гладко пакінула Беларусь пасля таго, як ёй як творцы стала немагчыма працаваць у глыбока патрыярхальным асяроддзі, дзе культура знаходзіцца пад цэнзурай […] Гітарыстка/кампазітарка Оддрун Ліля вырасла ў бяспечнай сацыяльнай рэальнасці Ісландыі і Нарвегіі, але дзякуючы музыцы яна даволі шмат падарожнічала і адчула, наколькі абмежаванай можа быць прастора для самавыяўлення многіх яе калег па свеце. Музыку яна напісала разам з кампазітарам Рольфам Валінам».
«Танцуючыя ў агні» выконваецца аркестрам радыёвяшчання і салістамі і з’яўляецца данінай павагі ўсім артыстам, якія падвяргаюцца пераследу і пагрозам за сваё мастацтва», — падсумоўваюць арганізатары фестывалю.
34-ты фестываль сучаснай музыкі Ultima ладзіцца сёлета ў Осла з 12 па 21 верасня. Нарвежскія і міжнародныя кампазітары, выканаўцы і артысты ўнеслі свой уклад у тое, каб Ultima стаў адным з найбуйнейшых у свеце фестываляў такога роду. Праграма падзеі складаецца з больш чым 50 мерапрыемстваў: ад канцэртаў, тэатральных імпрэз і мастацкіх інсталяцый да івэнтаў для дзяцей і падлеткаў. «Вы можаце адчуць асляпляльную разнастайнасць перадавой музыкі на пляцоўках па ўсім горадзе, як у памяшканні, так і на вуліцы», — апісвае падзею каманда фэсту.
Набыць квіткі на пастаноўку «Танцуючыя ў агні» можна тут.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram