Пераможцам «Еўрабачання-2024» стаў Nemo са Швейцарыі. Украіна — на трэцяй пазіцыі, Ізраіль заняў пятае месца

Песня The Code пра пошук і прыняцце сваёй ідэнтычнасці прынесла швейцарскаму выканаўцу Nemo перамогу ў «Еўрабачанні-2024». Яна набрала 591 бал па выніках галасавання нацыянальнага журы і гледачоў.

Фінальная пяцёрка па выніках складання галасоў нацыянальнага журы і аўдыторыі выглядае наступным чынам: першае месца — Nemo са Швейцарыі, другое — Baby Lasagna з Харватыі, трэцяе — дуэт alyona alyona & Jerry Heil з Украіны, чацвёртае — Slimane з Францыі і пятае — спявачка Эдэн Голан з Ізраіля. Варта адзначыць, што гледачы моцна падтрымалі Украіну і Ізраіль. А харват Baby Lasagna лічыўся сярод фаварытаў конкурсу.

Правядзенне «Еўрабачання-2024» у шведскім Мальмё суправаджалася некалькімі скандаламі.

Напярэдадні другога паўфіналу ў цэнтры горада прайшоў мітынг супраць удзелу Ізраіля ў конкурсе. Ізраільская спявачка Эдэн Голан сутыкнулася з вялікім прэсінгам — частка публікі асвіствала яе нумар нават падчас фіналу, гэтаксама з-за небяспечнай абстаноўкі да дзяўчыны была прыстаўлена ахова.

Нягледзячы на заўважны ціск часткі супольнасці ў Мальмё, тэлегледачы падтрымалі Эдэн, аддаўшы ёй 323 балы падчас галасавання.

Гэтаксама «Еўрабачанне-2024» запомнілася нечаканай дыскваліфікацыяй аднаго з удзельнікаў — фаварыта конкурсу, спевака з Нідэрландаў Ёста Кляйна. Яго адхілілі ад удзелу ў песенным спаборніцтве за неналежныя паводзіны — па папярэдніх даных, з-за пагрозы ў адрас адной з супрацоўніц каманды конкурсу. Зараз ідзе разбіральніцтва. У выніку ў фінале ўдзельнічала 25 выканаўцаў замест 26-ці.

Ды ўсё ж 68-мы песенны конкурс «Еўрабачанне» ўвайшоў у гісторыю і відовішчным шоу ды яскравымі нумарамі яго ўдзельнікаў. У больш чым трохгадзінным канцэрце знайшлося месца і экзістэнцыйным баладам (Латвія), шоу a la «Рамштайн» з этнакаларытам (Харватыя), вядзьмарскім рытуалам (Ірландыя), спалучэнню малітвы і рэпу (Украіна)…

Вобраз пераможцы Nemo часткова мае рэферэнсы да вобразу вядомага брытанскага спявака Mika, але стыль швейцарскага выканаўцы больш экспрэсіўны, эмацыйны і кэмпавы. У сваёй кампазіцыі ён звяртае ўвагу на пытанне ідэнтычнасці — гендарнай і асабовай, на пераадольванне стэрэатыпаў і межаў. «Я пакончыў з гульнямі, я разарваў ланцугі, — спявае Nemo. — Я прайшоў пекла і вярнуўся назад, каб знайсці сябе на шляху. Я зламаў код. Як аманіты. Я проста даў гэтаму некаторы час і цяпер знайшоў рай. Я зламаў код».

Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram

Если вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.