Да 120-годдзя Алеся Дудара этна-гурт «Лелея» прэзентаваў песні на вершы паэта

Сёння да 120-годдзя беларускага паэта Алеся Дудара этна-гурт «Лелея» прэзентаваў на сваім YouTube-канале дзве песні на вершы рэпрэсаванага літаратара. Жаночы калектыў паклаў на музыку творы 1920-тых гадоў аднаго з заснавальнікаў літаратурнага аб’яднання «Маладняк», расстралянага ў 1937 годзе — «Завяжу я…», «Скарга і крыўда». І ў творчым пераламленні калектыву Алесь Дудар загучаў як сучасны індзі-аўтар.

Аўтаркай музыкі да кампазіцый з’яўляецца музыкант, спявачка гурта «Крыві» і заснавальніца этна-калектыва «Лелея» Настасся Хмель.

У «Завяжу я…» Настасся спалучае вершы Алеся Дудара з беларускай народнай песняй «Мядуніца», літаральна ствараючы вітальны гімн жыццю і роднаму краю.

«Скарга і крыўда» гучыць як вэстэрн-балада — з партыяй губнога гармоніку і ўключэннем жаночага хору ў стылізацыі «госпел»-спеву.

«Лелея» прапаноўвае сучаснае і свежае прачытанне твораў Алеся Дудара — такім аўтара зборніка «Беларусь бунтоўная» вы яшчэ не чулі!

Алесь Дудар (сапраўднае імя Дайлідовіч Аляксандр Аляксандравіч) — беларускі паэт, крытык, перакладчык. Адзін з заснавальнікаў мінскай, віцебскай і полацкай філій «Маладняка». Перакладаў з рускай, нямецкай, французскай моў. У 1927—28 вучыўся на літаратурна-лінгвістычным аддзяленні педагагічнага факультэта БДУ. У выніку кампаніі супраць беларусікх пісьменнікаў-студэнтаў быў вымушаны пакінуць універсітэт. У снежні 1927 выйшаў з «Маладняка» і далучыўся да новага аб’яднання «Полымя». За верш «Пасеклі наш край папалам…» арыштаваны ДПУ; высланы на тры гады ў Смаленск. Зноў арыштаваны ў Смаленску 22.07.1930 і прывезены ў Мінск на допыты па справе «Саюза вызвалення Беларусі». У 1931 зноў у Смаленску. Пасля сканчэння тэрміну высылкі вярнуўся ў Мінск. У трэці раз арыштаваны 31.10.1936; пасля года катаванняў і допытаў расстраляны. Рэабілітаваны ў 1957 годзе.

Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram

Если вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.

🔥 Поддержите Reform.news донатом!