Апошнімі тыднямі з’явілася шмат неадназначнай інфармацыі аб ролі Украіны ў фармаванні заходняй палітыкі адносна Беларусі. Не адбыўся запланаваны раней выступ Святланы Ціханоўскай на ўрачыстасцях, прысвечаных 160-й гадавіне Студзеньскага паўстання, а прэзідэнт Зяленскі не ўзгадаў народ Беларусі ў сваім звароце, прысвечаным гэтай гадавіне. Тым часам адбыўся візіт ва Украіну Зянона Пазняка і яго паплечнікаў. Аб гэтым і аб фармаванні Украінай бачання адносінаў з Беларуссю ў будучыні Reform.by паразмаўляў з беларускім палітолагам, сябрам руху «Вольная Беларусь» Паўлам Усавым.
— На гэтым тыдні з’явіліся паведамленні аб тым, што ўкраінскі бок можа блакаваць удзел прадстаўнікоў беларускіх дэмсілаў, у прыватнасці Святланы Ціханоўскай, у статусных міжнародных мерапрыемствах. Ці з’явілася ў вас разуменне, што адбываецца, падчас сустрэч, якія правялі падчас паездкі Зянон Пазняк і прадстаўнікі «Вольнай Беларусі»?
— На ўсіх сустрэчах, якія адбываліся і з журналістамі, і з прадстаўнікамі грамадскіх інстытутаў, і з афіцыйнымі асобамі нас запэўнілі, што нічога падобнага з боку Украіны не робіцца, і Украіна не мае ніякага жадання ўмешвацца ў справы, звязаныя з тым, што адбываецца паміж беларускай апазіцыяй і Захадам. Рознага кшталту інфармацыя, якая з’яўляецца апошнім часам – гэта элемент інфармацыйна-псіхалагічнага ўздзеяння, накіраванага на тое, каб паглыбіць супярэчнасці паміж палітычнымі групамі, якія прадстаўляюць супольнасці Беларусі і Украіны, паглыбіць супярэчнасці паміж грамадствамі нашых краінаў. Ніякай дзейнасці ў гэтым кірунку з украінскага боку няма. Тым больш, абсалютна незразумела, навошта Украіне весці такую дзейнасць, калі ў яе зараз хапае значна больш прыярытэтных пытанняў, якія трэба вырашаць, а не тым, каб уплываць на тое, хто і як на Захадзе будзе сустракацца ці не сустракацца з беларусамі. На мой погляд, сцвержанне, што Украіна нібыта ўплывае на тое, што Еўразвяз ці асобныя краіны робяць у дачыненні да Беларусі – выглядае як дастаткова абсурднае перабольшанне магчымасцяў Украіны. Тое, што такая інфармацыя ўзбуджае эмоцыі і спрыяе канфрантацыі – выгадна праціўнікам добрых адносінаў паміж украінскімі і беларускімі дэмакратычнымі супольнасцямі.
— Мне зразумела ваша пазіцыя, але ёсць заява прадстаўніка АПК Валера Кавалеўскага аб тым, што быў зменены цырыманіял падчас урачыстасцяў у сувязі са святкаваннем 160-х угодак Студзеньскага паўстання ў Варшаве, якое на Беларусі вядомае як Паўстанне Каліноўскага, ёсць факт, што народ Беларусі не ўзгаданы ў заяве прэзідэнта Зяленскага з гэтай нагоды, якая была зачытаная ўкраінскім амбасадарам…
— Давайце не забывацца, што яшчэ да пачатку поўнамаштабнай агрэсіі супраць Украіны офіс Святланы Ціханоўскай занадта доўга вялікім колам абмінаў і пазбягаў адказаў на пытанні, якія маглі раздражняць Расею. Гэта факт, які ўплывае і будзе ўплываць у будучыні на беларуска-ўкраінскія адносіны. Што тычыцца звароту Зяленскага, дзе не была ўзгаданая Беларусь, ключавая краіна Студзеньскага паўстання — то я лічу, што гэта недапрацоўка яго офіса. Чым кіраваўся офіс Зяленскага, і якая была яго матывацыя ў дадзеным кантэксце – мне цяжка сказаць. Магчыма, логіка палягала ў тым, каб падкрэсліць і правесці паралелі з сённяшнім аб’яднаннем трох народаў – Украіны, Польшчы і Літвы – у супрацьстаянні расейскай агрэсіі. Мне цяжка ўвайсці ў думкі працаўнікоў офіса, але я лічу, што гэта сур’ёзная недапрацоўка. Але яшчэ раз падкрэслю – падчас усіх нашых сустрэч ніякага варожага ці крытычнага стаўлення да беларускага грамадства, якое знаходзіцца пад акупацыяй, не было выказана – толькі суцэльная падтрымка — і на асабістым, і на афіцыйным узроўнях. Таму я лічу, што задача зараз не ў тым, каб шукаць гэтыя супярэчнасці, не падсычаць нейкую напружанасць у адносінах – нават калі гэта балюча для беларусаў, а падкрэсліваць неабходнасці кансалідацыі ў тым ліку ў стварэнні аднаго інфармацыйнага ідэалагічнага фронту супраць Расіі.
Нельга казаць, што Украіна дамагаецца ізаляцыі офісу Ціханоўскай. Напрыклад, адбываецца важны працэс у рамках «Люблінскага трохвугольніка», які мае ў сабе логіку аднаўлення гістарычнага саюзу краінаў, якія ўваходзілі ў Рэч Паспалітую. Святлана Ціханоўская атрымлівае запрашэнні на мерапрыемствы ў рамках гэтага працэсу, які яшчэ толькі пачынаецца, але ён вельмі важны і для ўсяго нашага рэгіёна, і для Беларусі.
— Тым не менш Зяленскі – адзіны прэзідэнт краінаў — суседзяў Беларусі, які за ўвесь гэты час не сустрэўся са Святланай Ціханоўскай…
— Галоўным прыярытэтам кіраўніцтва Украіны з’яўляецца бяспека. Існуе разуменне, што рэжым Лукашэнкі з’яўляецца пагрозая гэтай бяспецы, і ніхто не можа даць гарантыі, што Беларусь не будзе ўцягнутая ў вайну – праз пашырэнне сваёй гібрыднай ролі ці праз адкрытае ваеннае ўступленне на баку Расіі. Таму існуе пэўны кансэнсус, што калі немагчыма нейтралізаваць гэтую пагрозу, то трэба яе прынамсі максімальна адцягнуць у часе. Гэта прыярытэтная задача Украіны на беларускім кірунку. Крыўды офісу Святланы Ціханоўскай на фоне гэтай задачы ва Украіне нікога не цікавяць. Інтарэс украінскай дзяржавы і ўкраінскага народа тут у прыярытэце.
Другі момант – гэта рэха той палітыкі, якую офіс Ціханоўскай і частка новай апазіцыі праводзілі да 2022 года ў сэнсе арыентацыі на Маскву. На жаль, шлейф ад гэтай палітыкі застаецца, і невядома, ці зменіцца падыход да офісу Ціханоўскай у перспектыве. Украіну на дадзены момант не цікавіць палажэнне і пазіцыя офісу Ціханоўскай. Што робіцца і што будзе рабіцца – гэта падтрымка добраахвотнікаў: Палка Кастуся Каліноўскага. Украіна – не афіцыйна, але пэўныя палітычныя колы — зацікаўленыя ў развіцці суб’ектнасці гэтага падраздзялення. Украіна зацікаўленая ў развіцці перспектыў аднаўлення дэмакратычнай незалежнай Беларусі. Гэта прыярытэты. Як і хто будзе гэта рабіць – не з’яўляецца тэмай дыскусіі. Беларусы самі павінны акрэсліць бачанне і стратэгію будучай Беларусі, а Украіна гатовая гэта падтрымаць.
— Вы можаце назваць гэтыя сілы?
— На жаль, не магу ўдакладніць.
— Хто можа быць суб’ектам з Беларускага боку? Вы кажаце пра Полк Каліноўскага, але ці прымальна, калі палітычныя функцыі ўскладаюцца на дзейных вайсковых, асабліва на фоне паведамленняў аб тым, што ПКК не рэкамендаваў украінскім афіцыйным уладам кантактаваць з офісам Ціханоўскай.
— Полк Каліноўскага – безумоўна важны партнёр украінскага боку на дадзены момант. У той жа час украінскія дзеячы адкрытыя да супрацы з усімі нацыянальна-дэмакратычнымі сіламі. Я падкрэслю – нацыянальна-дэмакратычнымі – то-бок тымі, што будуюць сваю дзейнасць на аснове нацыянальна-дэмакратычных прыярытэтаў, каштоўнасцяў і ідэалогіі. Калі ўзнікне даволі шырокая кааліцыя ці моцны суб’ект на нацыянальна-дэмакратычных пазіцыях – украінскі бок будзе гатовы размаўляць з ім. Наш візіт і нашыя сустрэчы падкрэсліваюць канструктыўнае стаўленне да Беларусі і гатоўнасць для камунікаціі і выпрацоўкі стратэгіі і палітычных падыходаў да Беларусі. Таму сказаць, што Украіна не жадае размаўляць з беларускімі палітыкамі – нельга. Размаўляюць і будуць размаўляць.
Крытычнае стаўленне да офісу Ціханоўскай я б не звязваў з пазіцыяй ПКК. Украінцы і самі ў стане заўважыць сур’ёзны крызіс, ідэалагічны вакуум, адсутнасць стратэгіі, разумення і бачання таго, што трэба рабіць далей, з боку офісу Ціханоўскай і з боку Аб’яднанага пераходнага кабінета.
— Дзе ў гэтай канфігурацыі бачыць сваю ролю Зянон Пазняк і «Вольная Беларусь»? Ці ёсць амбіцыі ачоліць працэс стварэння палітычнага суб’екта?
— Ключавы прыярытэт дзейнасці «Новай Беларусі» і Зянона Пазняка ў тым, каб забяспечыць ва Украіне максімальную падтрымку для Палка Кастуся Каліноўскага і іншых беларускіх добраахвотнікаў, якія павінны стаць ядром беларускага вызвольнага войска. Другі прыярытэт – фармаванне максімальна канструктыўнага падыходу да ўзаемадзеяння паміж беларускім і ўкраінскім грамадствамі, супрацьдзеянне расейскай прапагандзе, расейскаму інфармацыйнаму ўздзеянню на беларускае грамадства, якая фармуе напружанасць, дэструктыўны фон і нават варожасць паміж нашымі народамі. Гэтым уплывам трэба працівіцца, ствараць разуменне, што беларусы і ўкраінцы – гэта народы, якія супрацьстаяць крэмлёўскаму праекту, і толькі ў адзінстве яны змогуць дасягнуць бяспекі і стабільнасці ў нашым рэгіёне. Трэці момант – гэта выпрацоўка бачання і стратэгіі стварэння рэгіянальнага альянса, у які маглі б уваходзіць усе краіны, якія гістарычна складалі Вялікае Княства Літоўскае і Рэч Паспалітую – эканамічнай і палітычнай сілы, якая магла б супрацьстаяць уплывам Расеі, калі тая захаваецца. Гэта ключавыя мэты. Амбіцыя толькі ў тым, каб Беларусь вызвалілася з-пад расейскай акупацыі, пабудавала нацыянальную незалежную дэмакратычную дзяржаву. Без дапамогі і падтрымкі з боку Украіны гэта немагчыма будзе зрабіць, таму для нацыянальна-вызвольнага руху, для нацыянальна-вызвольнага фронту саюз з Украінай – гэта перадумова адбудовы дэмакратычнай незалежнай Беларусі.
— Але ці Украіна мае імкненне да гэтага? Усё часцей гучаць думкі, што ў пасляваеннай канфігурацыі ўкраінскае кіраўніцтва можа працягнуць партнёрскія стасункі з рэжымам Лукашэнкі. Дагэтуль нічога не сведчыла аб тым, што Украіна мае амбіцыі, каб гуляць ролю рэгіянальнага лідара і ўплываць на палітычныя рэжымы ў суседніх краінах…
— Украіна толькі пачынае будаваць сваю стратэгію і бачанне будучыні Беларусі. Якая гэта будзе стратэгія, якім будзе гэта бачанне – шмат у чым залежыць ад нас. Калі нацыянальна-дэмакратычны рух Беларусі знойдзе шляхі камунікацыі і магчымасці разам фармаваць падыходы і канцэпцыі – мы будзем ствараць карціну будучыні разам. На сённяшні момант гэта вельмі далёкая перспектыва, і так далёка Украіна не глядзіць. Яе галоўнай задачай на сёння з’яўляецца знішчэнне расейскай прысутнасці і спыненне расейскай агрэсіі. Гэта безумоўны прыярытэт, і ўсе рэсурсы скіраваныя на гэта, на як мага хутчэйшае атрыманне падтрымкі з боку Захаду. Пытанне Беларусі, скажу шчыра, толькі пачынае ўваходзіць у павестку і застаецца перыферыйным. Як будзе далей – вырашыцца па меры таго, як будуць вызваляцца ад расейскіх акупантаў тэрыторыі Украіны.