Памёр мастак Уладзімір Церабун

8 кастрычніка на 79-м годзе пайшоў з жыцця мастак Уладзімір Церабун, паведаміў Беларускі саюз мастакоў.

Ураджэнец Смаргоншчыны, Уладзімір Церабун закончыў тэатральна-мастацкі інстытут па спецыяльнасці скульптура.

Пасля вучобы пераехаў у Гродна, дзе працаваў амаль 30 гадоў. З 1979 па 1986 гады  быў старшынёй Гродзенскай абласной арганізацыі Саюза мастакоў.

Браў удзел у мастацкіх выставах з 1974 года.

З 2001 года жыў і працаваў у Мінску. За свой творчы шлях мастак зрабіў шэраг работ як станковых, так і манументальных: скульптуры, скульптуры з мазаікай, кампазіцыі са шкла і металу з крыніцамі асвятлення для грамадскіх будынкаў.

Акрамя мемарыяльных комплексаў (напрыклад, у 1976 годзе за стварэнне мемарыяльнага комплексу «Дальва» Уладзімір Церабун атрымаў прэмію Ленінскага камсамола Беларусі), шмат працаваў у жанры гарадской скульптуры ў гарадах і мястэчках. У 2006 годзе ў Бераставіцы ўстаноўлена скульптурная кампазіцыя «Дрэва жыцця» да 500-годдзя заснавання пасёлка, у 2007 годзе на возеры Свіцязь — кампазіцыя «Свіцязянка», у 2008 годзе ў Скідзелі выканана кампазіцыя «Клёкат буслоў» з нагоды 500-годдзя заснавання горада, у гэтым жа годзе ў Зэльве была ўсталявана кампазіцыя анімалістычнага жанру з нагоды 750-годдзя заснавання мястэчка.

Свяцязянка на возеры Свіцязь. Фота: cbibl.by.

Ураджэнец Смаргоншчыны, Уладзімір Церабун не забываў малую радзіму. У Смаргоні, дзе мастак правёў сваё дзяцінства, куды часта прыязджаў у бацькоўскую хату, знайшлі сваё ўвасабленне сем манументальных твораў. Сярод іх — скульптурная кампазіцыя пры ўездзе ў Смаргонь; юбілейны знак «500-годдзе горада Смаргонь», скульптурная кампазіцыя «Мядзведжая акадэмія». А ў супрацоўніцтве з Анатолем Арцімовічам браў удзел у стварэнні мемарыяльнага комплексу на лініі супрацьстаяння ў Першую сусветную вайну ў Смаргоні.

Скульптурная кампазіцыя «Мядзведжая акадэмія» ў Смаргоні. Фота: cbibl.by.

Захапіўшыся керамікай, ствараў дэкаратыўныя скульптурныя творы ў дробнай пластыцы.

Пахаванне Уладзіміра Церабуна адбудзецца ў Смаргоні.

Если вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.

🔥 Поддержите Reform.news донатом!