Памёр беларускі драматург і сцэнарыст Аляксей Дудараў

27 лютага ў Мінску пайшоў з жыцця беларускі сцэнарыст і драматург, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі СССР, заслужаны дзеяч мастацтваў Рэспублікі Беларусь, старшыня Беларускага саюза тэатральных дзеячаў, аўтар незабыўных «Белых рос» і «Радавых» Аляксей Ануфрыевіч Дудараў, паведамляе Беларускі саюз тэатральных дзеячаў.

Творцу было 72 гады.

У 1976 годзе Аляксей Дудараў скончыў тэатральны факультэт Беларускага тэатральна-мастацкага інстытута. Быў акцёрам, памочнікам галоўнага рэжысёра па літаратурнай частцы Беларускага рэспубліканскага тэатра юнага гледача (1976-1979). У 1979-1983 гадах быў членам сцэнарна-рэдакцыйнай калегіі Беларускага тэлебачання («Тэлефільм», Мінск). У 1991–2002 займаў пасаду галоўнага рэдактара часопіса «Мастацтва», а з 2003 па 2013 гады быў мастацкім кіраўніком Драматычнага тэатра Беларускай арміі. Сябра Беларускага ПЭН-цэнтра з 1989-га. Сябра СП СССР з 1979 года.

Пачаў друкавацца з 1973 года. Выдаў зборнік апавяданняў «Святая птушка» (1979), казку для дзяцей «Сінявочка» (1981).

Вядомы як драматург і кінадраматург. Па яго сцэнарыях пастаўлены кароткаметражныя фільмы «Кола» (1977), «Дэбют» (1978), «Буслянё» (1980) і мастацкія — «Суседзі» (1979), «Купальская ноч» (1982), «Белыя росы» (1984), «Восеньскія сны» (1986) і іншыя.

Аўтар п’ес «Выбар» (пастаўлена ў 1979), «Парог» (пастаўлена ў 1981), «Апошні ўзлёт» (пастаўлена ў 1982), «Вечар» (пастаўлена ў 1983), «Радавыя» (пастаўлена ў 1984), «Злом» (пастаўлена ў 1988), «Вежа» (з У. Някляевым, пастаўлена ў 1990), «Князь Вітаўт» (пастаўлена ў 1994), «Чорная панна Нясвіжа» (пастаўлена ў 2000) і іншых.

Інсцэніраваў раманы М. Астроўскага «Як гартавалася сталь» (пастаўлена ў 1980) і М. Булгакава «Майстар і Маргарыта» (пастаўлена ў 1987). У 1987 годзе выйшаў зборнік п’ес «Дыялог».

Пра месца пахавання паведамяць пазней.

Если вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.