6 снежня ва ўзросце 77 гадоў пайшла з жыцця легенда беларускага балета Людміла Генрыхаўна Бржазоўская. «Кармэн-сюіта», «Стварэнне свету», «Тыль Уленшпігель», «Спартак», «Шчаўкунок», «Карміна Бурана» — менавіта ў гэтых слынных пастаноўках беларускага балетмайстра Валянціна Елізар’ева Людміла Бржазоўская выконвала вядучыя партыі. «Самая першая Кармэн, Ева, Неле, Фрыгія, Маша, Каханая…», — называе зорныя ролі народнай артысткі Беларусі Вялікі тэатр краіны.
Людміла Бржазоўская нарадзілася 4 чэрвеня 1946 года ў Мінску, у сям’і беларускага мастака-жывапісца Генрыха Бржазоўскага. Яе дзед быў выхадцам са збяднелай польскай шляхты, працаваў з дрэвам і афармляў у Мінску Чырвоны касцёл.
У 1966 годзе Людміла Бржазоўская скончыла Беларускае дзяржаўнае харэаграфічнае вучылішча (педагогі Ніна Млодзінская, Ірына Савельева). У 1970 годзе стажыравалася ў Ленінградскім тэатры оперы і балета імя Кірава ў Наталлі Дудзінскай.
У Дзяржаўным акадэмічным Вялікім тэатры оперы і балета Беларускай ССР пачала працаваць у 1966 годзе. Першай сур’ёзнай працай Людмілы Бржазоўскай на сцэне тэатра стала партыя Сальвейг у балеце «Пер Гюнт» (1967 год). А далей — у спектаклях «Рамэа і Джульета» (1970) і «Трыстан і Ізольда» (1971) у балерыны зарадзіўся творчы дуэт з Юрыем Траянам.
1970-я — 1980-я — і гэта час нараджэння знакамітых балетаў у пастаноўцы Валянціна Елізар’ева: «Кармэн-сюіта», «Стварэнне свету», «Тыль Уленшпігель», «Спартак», «Шчаўкунок», «Карміна Бурана»… У іх Людміла Бржазоўская выконвала вядучыя партыі — і створаныя ёй вобразы захаплялі, уразаліся ў памяць.
Увогуле з 1969 па 1988 год артыстка выконвала галоўныя ролі ў балетах «Пасля балю», «Лебядзінае возера», «Спартак», «Райманд», «Бахчысарайскі фантан», «Дон Кіхот», «Спячая прыгажуня»… І талент і майстэрства Людмілы Бржазоўскай прынеслі ёй славу.
Яна выступала ў Італіі, Венгрыі, Фінляндыі, Індыі, Манголіі, Іарданіі, Кувейце, Румыніі, Сінгапуры, Польшчы, Турцыі і іншых краінах. Як адзначае Вялікі тэатр Беларусі, ёй апладыравала публіка практычна ўсяго свету. Знакаміты італьянскі рэжысёр Франка Дзефірэлі захапляўся постаццю Бржазоўскай.
З 1997 па 2023 год Людміла Генрыхаўна працавала педагогам-рэпетытарам Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра балета Рэспублікі Беларусь. І сярод яе выхаванак — ужо вядомыя балерыны: Вольга Гайко, Людміла Кудраўцава, Марына Вежнавец, Марына Парамонава, Людміла Хітрова.
Як адзначаецца ў Вікіпедыі, Людміла Бржазоўская захаплялался мастацтвам — пісала пейзажы, малявала на тэму балета. У яе доме гэтаксама былі карціны прызнаных мастакоў — напрыклад, уласна, партрэт самой артысткі, выкананы вядомым мастаком Барысам Заборавым. У Нацыянальным мастацкім музеі ёсць парадны партрэт балерыны Бржазоўскай пэндзля Аляксандра Шастакова.
Сообщить об опечатке
Текст, который будет отправлен нашим редакторам: