Заўтра, 28 траўня, у мінскай прасторы «Вершы» распачнецца адмысловая культурная праграма ў рамках падтрымкі pop-up store беларускіх мастакоў — часовай выставы-продажу твораў мастацтва маладых і вядомых беларускіх аўтараў.
Графікі Міхаіл Дайлідаў, Сафія Піскун, Таццяна Савік, Марыя Сыракваш, фатографы Сяргей Кажамякін, Вадзім Качан, Ігар Саўчанка — удзельнікі актуальнага pop-up store у «Вершах». Куратарка выставы-продажу, які будзе ладзіцца да 7 чэрвеня, — Дзіна Даніловіч.
Яшчэ падчас свайго адкрыцця storе прыцягнуў увагу публікі, цікаўнай да «свежых» фарматаў, а ў наступныя два тыдні ў прасторы запланавана культурная праграма з сямі мерыпрыемстваў — artistic talks, майстар-класы, лекцыі-размовы ў падтрымку часовай экспазіцыі. І, як падкрэслівае куратарка праекта, камерцыйны складнік выставы не адмяняе таго, што яна стваралася па правілах мастацкай падзеі.
— Гэта нармальная гісторыя ва ўсім свеце, калі працы мастакоў купляюцца на выставах, адмысловых івэнтах, — каментуе рэдкі фармат для беларускіх рэалій Дзіна Даніловіч на публічнай сустрэчы з гледачамі. — Маўляў, тут мы робім выставы ў высокіх мэтах, а продаж — то гэта зусім іншае. У нас гэтыя дзве гісторыі ўсё ніяк не могуць злучыцца, нібыта гэта неяк сорамна — прадаваць свае творы. Але пачнем з таго, што мастак — гэта прафесія, — нагадвае куратарка.
Для Дзіны Даніловіч такі досвед — працы на pop-up store — першы ў яе куратарскай кар’еры.
— Так, у падзеі ёсць камерцыйны складнік, але гэта не адмяняе таго, што ў выставы ёсць свая ўнутраная логіка, структура, што творы мастакоў у экспазіцыі адзін з адным узаемадзейнічаюць. Гэта не выпадковы пул работ, — тлумачыць яна публіцы фармат мерапрыемства і дадае, што ў мастакоў, чые творы прадстаўлены ў экспазіцыі, ёсць аб’яднаўчыя тэмы: прастора — знешняя і ўнутраная, праца з памяццю.
Куратарка спынілася на выбары работ беларускіх графікаў і фатографаў. І гэта не выпадкова.
— Па-першае, запыт на графічныя творы і фатаграфію быў ад пляцоўкі, — распавядае культурніцкая дзяячка. — А па-другое, фатаграфія і графіка — два вельмі сур’ёзныя напрамкі ў мастацтве, якія, чамусьці так у нас склалася, увесь час знаходзяцца ў ценю іншых відаў — таго ж жывапісу. У нас надзвычай слаба развіта культура продажу такіх работ. Няма рынку, структуры — не зразумела, як прадаваць, каму, хто той чалавек, які купіць графічныя творы і фатаграфію. У жывапісу заўжды шанцаў болей.
Але фатаграфія — гэта той медыум, з якім я працую, як куратарка сваіх праектаў, — дадае Дзіна Даніловіч. — І мастакі-графікі мне таксама сімпатычныя, цікавыя. Для мяне было своеасаблівым выклікам спалучыць у прасторы творы гэтых аўтараў.
На выставе эскпануюцца работы розных пакаленняў мастакоў. Дзіна Даніловіч праводзіць публіку па экспазіцыі.
— Ігар Саўчанка, Сяргей Кажамякін, Вадзім Качан — гэта, можна сказаць, «цяжкая артылерыя» беларускай фатаграфіі — фатографы-класікі. Мне падаецца, што тыя працы, што сёння прадстаўлены ў «Вершах», для кагосьці могуць стаць адкрыццём беларускай фатаграфіі, — знаёміць публіку з творамі мастакоў Дзіна Даніловіч. — У экспазіцыі ёсць і вядомая фатаграфія Сяргея Кажамякіна «Старэйшы брат», фотаадбіткі з яго серый «Сямейны альбом», «Блакітныя матылі», «Фантомныя адчуванні»…
Ігар Саўчанка — яго унікаты — унікальныя адбіткі, якія існуюць у адзіным экземпляры, работы з ранняга перыяду — нагадаю, што фатаграфіі можна не толькі паглядзець, але і набыць, — працягвае спантанную экскурсію куратарка.
— Вадзім Качан. Мне падаецца, што на выставе можна ўбачыць тыя творы фатографа, якія не ўсе ведаюць, — звяртае яна ўвагу. — Гэта эксперымент, пошук, канцэптуальнае рашэнне — мне падаецца, шмат для каго — гэта невядомая іпастась аўтара.
Графіка ў экспазіцыі — ад маладога пакалення мастакоў, звяртае ўвагу Дзіна Даніловіч.
— Творы Таццяны Савік — гэта не жывапіс, не графіка і не фатаграфія. У мастачкі — зусім свая гісторыя, — прадстаўляе работы маладых графікаў куратарка. — Але мне падалося , што выразнасць і манахромнасць твораў аўтаркі — будуць вельмі добра ўступаць у дыялог з іншымі работамі.
Цудоўныя, вялізныя работы Марыі Сыракваш — яны ствараюць дамінанту экспазіцыі.
Міхаіл Дайлідаў — энергічны, малады графік, які ўжо дасягнуў поспеху. Мы паказваем розныя яго работы, і я заклікаю мастака выходзіць на больш вялікія фарматы.
Сафія Піскун — гэта эстэтыка ў чыстым выглядзе, вельмі вытанчаная мастачка.
Мне падаецца, што тут ува ўсіх аўтараў вялікі камерцыйны патэнцыял, але, падкрэслю яшчэ раз, — яны ўсе вельмі добрыя мастакі. Іх работы напоўнены сэнсамі і эмоцыямі, — падсумоўвае агляд выставы Дзіна Даніловіч.
Кошты на творы, заўважаюць гледачы, у шырокім цанавым дыяпазоне: ад 65 да 2500 рублёў і вышэй. Трохметровыя працы Марыі Сыракваш маюць найбольшы кошт. Куратарка, якая сама з’яўляецца фотамастачкай, пакаментавала агучанае пытанне.
— На выставе прадстаўлены сапраўды ўнікальныя творы, — бачна, што Дзіна Даніловіч цэніць кожнага ўдзельнка праекта. — Я разумею, што для кагосьці набыццё твора мастацтва можна параўнаць з пакупкай тэхнікі. Але чаму пакупка мастацкай работы не можа быць каштоўным і важным досведам? — задае яна пытанне гледачу. — Мастацтва купляюць па розных прычынах. Для кагосьці — гэта інвестыцыя ў будучыню, а хтосьці рэагуе на твор, што называецца, сэрцам, і прагне набыць яго для сябе. Як вымераць гэту каштоўнасць? Я ведаю тых людзей, для якіх мастацтва — гэта глыток паветра, выратаванне. Колькі павінен каштаваць такі твор?
На пытанне куратаркі не знайшлося адказу.
Нагадаем, што працягнецца праца pop-up store ў прасторы «Вершы» да 7 чэрвеня.
***
Расклад культурніцкай праграмы да падзеі можна паглядзець тут.
28 траўня
14.00 Сафія Піскун. Размовы пра афорт + Workshop. На сустрэчы можна будзе пазнаёміцца з таямніцай стварэння афорта, з асаблівасцямі аўтарскай тэхнікі, непасрэдна паўдзельнічаць у друку на сапраўдным афортным станку.
17.00 Сяргей Кажамякін. Artistic talk. Аўтарэферат як экскурс у «Залаты перыяд» беларускай творчай фатаграфіі.
29 траўня
20.00 Таццяна Савік, Міхась Кулажанка і тартар. За прыгатаваннем тартара мастачка Таццяна Савік і архітэктар Міхась Кулажанка будуць размаўляць пра мастацкую кухню і месца жанчыны ў сучасным мастацтве. Запрашаем усіх гледачоў прыняць удзел у размове!
30 траўня
20.00 Гульня ў словы з Ігарам Саўчанкам. Незвычайны artist-talk, падчас якога мы загадаем словы, важныя ў жыцці кожнага чалавека, і прапануем фотамастаку распавесці пра іх асабістыя гісторыі. Цягнуць карткі са словамі Ігар будзе ўсляпую, таму чакаецца імправізацыя. Прапануем гледачам далучыцца і дасылаць нам свае словы для гульні.
31 траўня
20.00 Міхаіл Дайлідаў. Artistic talk. Апавяданне пра сімбіёз хобі і працы, творчасці і руціны, пра тое, як прапусціць праз сябе сумны заказ і зрабіць тое, што лічаш неабходным.
2 чэрвеня
19.00 Марыя Сыракваш. Workshop па лінарыту. Падчас воркшопа мы дэталёва разбяром тонкасці лінагравюры – мастацкай тэхнікі, з дапамогай якой выразаны на лінолеуме малюнак пераносіцца на паперу.
5 чэрвеня
20.00 Вадзім Качан. Artistic talk. Іншая фатаграфія. На сустрэчы з аўтарам будуць паказаны здымкі, зробленыя не толькі ў плёначную эпоху, 1980-я гады, але і ў сучасную лічбавую эру.
Падрабязней пра мерапрыемствы тут.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.by у Telegram