Калі Нэла Агрэніч і Алена Зуй-Вайцяхоўская пабачылі ў сеціве білборды з акупаваных Расіяй тэрыторый, на якіх «сэнс і веліч рускай жанчыны» акрэсліваліся ў лозунгу «Дзеці, кухня, царква», — яны не засталіся абыякавымі да такога «жаночага шчасця». Плакат падсумаваў творчыя пошукі аўтарак у стварэнні міні-серыяла «Давай его дождемся» — новага праекта з «сусвету «ЧынЧынЧанэл», у цэнтры якога — жанчыны «мабілізаванага свету». Сёння, 3 лютага, на YouTube-канале «ЧынЧынаў» адбылася прэм’ера антываеннага шоу, якое б’е па патрыярхаце з усёй сатырычнай моцы.
Ангелина Звездопад, Идеальная женщина,— хто паслужыў прататыпам для гераінь серыялу? Якія паблікі вывучалі аўтаркі, каб паказаць абсурд таго, што адбываецца ў жыцці жанчын, чые мужчыны сыходзяць на «спецаперацыю»? Ці адрозніваецца патрыярхат беларускага і расійскага грамадства? У чым галоўная небяспека прапаганды? І як пачувае сябе Алена Зуй-Вайцяхоўская ў ролі Ангелины Звездопад?
Сатырычны міні-серыял — як выказванне, у якім перакрыжоўвацца розныя актуальныя тэмы. Паразважаць на гэты конт, і адказаць на пытанні Reform.by пагадзіліся аўтаркі міні-серыялу «Давай его дождемся»: актрыса, сцэнарыстка Алена Зуй-Вайцяхоўская і актрыса, рэжысёрка Нэла Агрэніч.
«На гэтым білбордзе ўразіла ўсе»
— Нэла, Алена, «Давай его дождемся» можна назваць ударам па патрыярхаце?
Нэла: У пэўным сэнсе. Я бы назвала гэта адной з галоўных тэмаў серыялу.
Алена: Хацелася б так сказаць. Наш серыял — пра жанчыну, пра тое, якое яна месца займае ў жыцці грамадскім і асабістым. Насамрэч, у праекце мы ставім пытанне, ці варта жанчыне пагаджацца з роляй, якую ёй навязваюць.
— Я так разумею, што серыял нарадзіўся як адна з ліній у «сусвеце ЧынЧынЧанэл»?
Нэла: Так. Ён нарадзіўся ў кантэксце праекта «ЧынЧыны ў мундзірах». Спачатку мы дадалі жаночыя вобразы ў кінапрастору мужчынскага серыяла, а потым задумаліся над тым, каб стварыць асобны кантэнт для жанчын. Мы сталі распрацоўваць такую ідэю: а што калі б прапагандзе «прыляцела» такое заданне — зрабіць адмысловы прадукт для жаночай аўдыторыі? Маўляў, жанчыны недзе там бунтуюць, хаваюць сваіх мужоў, сыноў, каб іх не забралі на вайну, трэба з імі папрацаваць. І з такой пазіцыі мы сталі абмяркоўваць як гэта можа быць рэалізавана. А потым у адзін цудоўны дзень мы ўбачылі ў сеціве білборд з акупаваных Расіяй тэрыторый з выявай на ім рускай жанчыны, — і «пазл» склаўся.
— Што гэта за плакат?
Алена: Мы ўбачылі фотаздымак білборду, на якім выяўлена жанчына ў хустцы побач з лозунгам «Дети, кухня, церковь». На гэтым плакаце ўразіла ўсё: і надпіс «Крымский ветер», і вобраз гэтай жанчыны, якая міленька склала рукі. Потым нехта са мной падзяліўся, што ў 1935 годзе ў Германіі хадзіў у грамадстве падобны лозунг «Kinder, Küche, Kirche» — то-бок карані гэтай з’явы сягаюць у часы, калі адбывалася станаўленне фашысцкага рэжыму. У нас адразу ўзнікла пытанне: чым, цікава, натхняліся аўтары гэтага прапагандысцкага білборду?
Нэла: Можна сказаць, што калі мы ўбачылі фотаздымак гэтага плакату, нашы пошукі ўвянчаліся патрэбнай формай. Маўляў, жанчына, радуйся, будзь шчаслівай, як табе кажуць — мы павялічылі гэты абсурд у разы і паказалі ў нашым сатырычным YouTube-шоу.
«Адна жанчына напісала, што калі мабілізавалі мужа, яна пачала вырошчваць курэй»
— Як вы працавалі над сцэнаром? Над жаночымі тыпажамі? Я так разумею, што вобразы, які ёсць у серыяле, былі натхнёныя пэўнымі сітуацыямі, якім вам удалося ўбачыць, назіраць? Ці гэта выдуманыя гісторыі?
Нэла: Мы даследавалі пэўныя суполкі ў інтэрнэце. Напрыклад, мы шмат чыталі паблікаў, адмыслова створаных для жанчын мабілізаваных мужчын у Расіі. Якія парады там жанчыны даюць жанчынам.
— І якія?
Нэла: Каб не вырашаць праблему глабальна, жанчынам прапаноўваюць змірыцца. А каб не сумаваць, не нервавацца, то раяць заняць сябе чым-небудзь.
— Напрыклад?
Алена: Напрыклад, вырошчваць курэй. Адна жанчына напісала, што вельмі радая, што знайшла вось такі спосаб не маркоціцца. Цяпер яна занятая, не так сумуе па мужу. Вядома, не ўсе парады ўвайшлі ў серыял, але мы шмат чаго бралі з гэтага «рэальнага» жыцця. Таксама ў сцэнары мы абапіраліся на «Домострой» (твор рускай літаратуры XVI стагоддзя, які з’яўляецца зборнікам правілаў, парадаў па кірунках жыцця чалавека і сям’і — Reform.by) чыталі адтуль парады — якой павінна быць ідэальная жанчына. І ў нас у серыяле з’яўляецца такі вобраз.
— Як яна выглядае?
Алена: У стварэнні яе аблічча мы натхняліся вобразам ідэальнай жанчыны з фільма «Афоня». Памятаеце, яе ўяўляў герой Леаніда Кураўлёва? Такая прыгажуня ў бярозках. Вось і яна створана па гэтым тыпажы: такая прыгажуня, якая сустракае мужчыну і праважае, ходзіць па кухні.
Нэла: І прычым ні слова не кажа за ўвесь серыял. Ці калі і гаворыць — яе словы нічога не значаць. Яна проста не мае права выказаць свае меркаванне. І ў яе шмат чаго няма, але мы верым, што ў гэтай жанчыне штосьці ўсё ж ёсць. І спадзяемся, што гледачы пабачаць гэтага персанажа, «прымераць» на сябе ці на знаёмых, і зробяць пэўныя высновы.
«Гэты серыял для тых, хто не выйшаў у 2020-м і пазней»
— Мы зараз абмяркоўваем серыял, і я разумею, што ён разлічаны пераважна на аўдыторыю, скажам так, «выхаваную» расійскім дзяржаўным тэлебачаннем. І мне хочацца ў гэтым кантэксце ўзгадаць беларускія пратэсты 2020 года, якую значную ролю ў іх адыгралі жанчыны. Дзяўчаты, кабеты выйшлі з кветкамі на вуліцы і пераламілі ход падзей, павярнуўшы пратэст у бок мірнага супрацьстаяння. Маё пытанне пра ролю жанчын у грамадстве. На ваш погляд, патрыярхат у Беларусі адрозніваецца ад патрыярхату ў Расіі?
Нэла: Цікавае пытанне. Ёсць пра што падумаць.
Алена: Сапраўды, я ганаруся нашымі жанчынамі і тым, як яны смела выходзілі на пратэсты. Гэта было вельмі прыгожа і адважна, але, на жаль, у той час былі і тыя жанчыны, якія не падтрымлівалі супрацьстаянне. Мне складана зараз сказаць пра сітуацыю ў Расіі, пра пратэсты супраць вайны, але ж менавіта ў нашым кіно мы якраз паспрабавалі паказаць, расказаць пра жанчын, якія пакуль яшчэ не выйшлі — як у Беларусі, так і ў Расіі. Не ведаю, ці ёсць нейкія даследаванні на тэму, колькі сёння людзей падтрымліваюць рэжым, але відавочна, што калі ёсць пераслед тых, хто супраць, мы не можам бачыць усёй карціны.
Таму для нас важна звярнуцца да гэтай аўдыторыі. Я лічу, што ў жанчын вельмі шмат моцы, міратворчага патэнцыялу, і я веру ў гэту моц. Менавіта праз патрыярхат жанчыны змусілі забыцца на тое, хто яны насамрэч, на што яны здольныя. І тут складана адказаць, патрыярхат у якой краіне горшы.
Нэла: Бо гэта небяспечна для патрыярхату, каб жанчыны зразумелі сваю моц. І таму жанчын і ў Расіі, і ў Беларусі прымушаюць маўчаць.
Насамрэч гэта праект якраз пра тое, што адбываецца, калі прыдушыць гэту моц у жанчыне. Пра тое, як прадыктаваць з пункту гледжання прапаганды, якой яна мусіць быць. Прапаганда ведае, што д’ябал хаваецца ў дэталях — таму яна нібыта размаўляе пра прыватнае. Але насамрэч яна пачынае з сям’і, з жанчыны, а далей прымушае замаўчаць усіх. Бярэцца за прыклад ідэальная сям’я, «па ГОСТу» — маўляў, вось як яна павінна выглядаць, а далей гэта мадэль прыкладаецца да ўсяго грамадства. Пачынаем з малых рэчаў — і ідзем далей, далей, разрастаемся. «Давай яго дачакаемся» — гэта серыял, створаны дзеля таго, каб жанчыны ўбачылі, у якім палоне яны жывуць. Каб жанчыны абудзіліся ад гэтага палону.
«Гвалт успрымаецца як норма»
— На ваш погляд, адкуль пачынаецца гвалт у грамадстве?
Нэла: Слухай, гэта, напэўна, адна з маіх улюбёных тэм у сэнсе таго, што ўсё пачынаецца з дробязі і потым разрастаецца да «спецыяльнай аперацыі». І гэты гвалт будзе далей узрастаць. Бо рана ці позна мужчыны вярнуцца дадому і не будуць знаходзіць сабе месца. Я шмат чытала інтэрв’ю з салдатамі, як яны сябе адчувалі па вяртанні — яны проста страчвалі сэнс жыцця. І гэта страшна, і гэта асобная тэма на поўны метр — калі да цябе дадому прыходзіць іншы чалавек, які сам да канца не можа ўсвядоміць той досвед, які перажыў.
Добра, калі хтосьці яшчэ больш-менш адэкватны, ён разумее, што праблема ў ім і пачне з працаваць з псіхолагам. А калі не? Тады ўсё гэта пачне вылівацца на жанчыну і дзяцей. А ў жанчыне яшчэ жыве страх страціць мужчыну, пашкадаваць яго — маўляў, як жа так, ён жа перажыў, вярнуўся і гэтак далей. Тут яшчэ сваякі падцягнуцца, якія скажуць: «Сядзі, трывай». І я думаю, што гвалт будзе проста нарастаць і нарастаць. І дзеці будуць усё гэта бачыць і ў гэтым расці.
— Усё слушна.
Нэла: Для мяне асабіста ўсё пачынаецца з сям’і, з той атмасферы, у якой ты жывеш. Калі дзіця бачыць, што бацька можа ўдарыць маці, а яна з гэтым нічога не можа зрабіць, ён гэта пачынае ўспрымаць як норму. А потым той малы вырастае, ідзе на працу, і пачынае гэту «норму» — знявагу і гэтак далей — «прымяняць» да сваіх падначаленых. Далей гэты чалавек займае ўсё вышэйшую і вышэйшую пасаду, і погляд на тое, як усё мае быць, распаўсюджваецца. А потым ты бачыш у грамадстве плакацікі прыкольныя, дзе жанчынам дыктуюць іх абавязкі. Усё так і фарміруецца, і далей вельмі цяжка змяніць светапогляд людзей. Тым больш, калі прапаганда, тэлебачанне, наша Ангелина Звездопад, навязвае гэтыя «нормы», не дае людзям прачнуцца.
Алена: Я трошкі дадам яшчэ на тэму гвалту ў сям’і. Адкуль «ногі растуць». Калі мы вывучалі «Домострой», не сакрэт, што кніга ўтрымлівае і парады наконт таго, як правільна біць жанчыну — так, каб не пакідаць слядоў і не пашкодзіць жыццёва важных органаў. Такая «норма». А аўтарам «Домостроя» лічыцца праваслаўны святар Сільвестр. То-бок на гвалт, на збіццё жанчын ідзе бласлаўленне на высокім узроўні. Усё гэта вельмі страшна і дзейнічае да гэтай пары.
— Такая нібыта «спадчына».
Алена: Так. Гвалт успрымаецца як норма. Але нам хочацца верыць, што жанчыны здольныя змяніць сітуацыю, калі зразумеюць, якім патэнцыялам яны валодаюць. Таму мы і зрабілі гэты серыял — каб прабудзіць жанчын ад гэтага мораку.
«Гэта людзі, якія не нясуць адказнасці за свае словы»
— Ангелина Звездопад — я так разумею, гэта яшчэ адзін персанаж у серыяле. Распавядзіце пра яе, калі ласка.
Алена: Так.
Ангелина Звездопад, якую я граю ў серыяле, — гэта персанаж, які займае ў прапагандысцкай машыне сваё месца. Яна ўмее падаваць інфармацыю так, каб яе лепш успрымалі, засвойвалі. Яна выклікае давер і мужчын, і жанчын, усё можа патлумачыць, давесці, даць параду, і пры гэтым Ангелина цалкам не ўсведамляе таго, што яна робіць. І цалкам не нясе адказнасці за свае словы.
Нэла: Прычым робіць яна ўсё гэта вельмі прыгожа. Калі «адключыць» змест, яна нават можа цябе заваражыць. І тут таксама падымаецца адна з балючых для мяне тэмаў — людзі, якія працуюць у прапагандзе. Некаторыя з іх — вельмі харызматычныя асобы. Яскравыя, поўныя імпэту. Скажам, акцёры, у якіх ёсць свая армія прыхільнікаў — яны здольныя з вялікім абаяннем казаць вельмі страшныя рэчы. І чалавек, які можа яшчэ раздумвае, не ведае, чый бок яму заняць, слухае свайго куміра і думае: маўляў, калі мой улюбёны акцёр прытрымліваецца такой пазіцыі, значыць так яно і ёсць. І гэта пытанне адказнасці людзей у прапагандзе і ўсведамленне таго, што яны робяць. Сёння аргумент «я проста рабіў сваю працу» ўжо не працуе, сёння твае словы — пытанне маральнага выбару. І мы можам назіраць, колькі зараз у публічным полі людзей здзяйсняюць гэты выбар.
— На перакрыжаванні колькіх тэмаў мы зараз апынуліся. А абмяркоўваем «усяго толькі» сатырычны серыял.
Нэла: Так.
Алена: Бо сатыра не нараджаецца на пустым месцы.
«Мы ўяўлялі «візуальна-аўдыяльную інструкцыю»
— Хачу спытаць вас яшчэ наконт стылістыкі шоу. У «ЧынЧыны ў мундзірах» ёсць шмат адсылак да савецкага ваеннага кіно: ад цытатаў з «Іванава дзяцінства» Таркоўскага да «Ляцяць журавы» Калатозава. Аўтары серыяла, я так разумею, хацелі нагадаць адкуль, у прыватнасці, у расійскага грамадства такая любоў да вайны — усё проста, людзі выраслі на ваенным кіно, на гэтай тэме. Цікава, ці ўтрымлівае «Давай яго дачакаемся» пэўныя рэферэнсы на ўзоры савецкага кінематографа?
Нэла: «ЧынЧыны ў мундзірах», сапраўды, пабудаваны на савецкай рамантызаванай вайне.
У нас жа — іншы падыход. Мы ўяўлялі сабе такі прапагандысцкі ўзор, «візуальна-аўдыяльную інструкцыю» для пераважна сямейных жанчын у складаны ваенны час. Што такія жанчыны глядзяць? Гэта розныя жаночыя шоу, замежнае кіно мас-маркету… Яны, магчыма, бачылі «А зори здесь тихие», «Летят журавли», але не з’яўляюцца фанатамі гэтага кіно, бо зараз глядзяць іншае. У візуальным плане мы арыентаваліся на такія рэчы — усё добра падсвечана, паказана, стылізавана пад тэлекарцінку.
Алена: Прычым калі наш рэжысёр Ясь Мірны раптам хацеў пакрыятывіць, мы нагадвалі яму, што здымаем так, як зняла бы прапаганда. На што ў іх хапіла бы мазгоў, грошай, уменняў. Мы стараліся здымаць так, як гэта магло выглядаць, калі б глядач уключыў расійскае тэлебачанне.
Нэла: Але можна дадаць, што ў шоу ў плане культурных адсылак усё ж прысутнічае савецкі флёр. Серыял стылізаваны пад рэтра, як такая добрая настальгія па Савецкім Саюзе 1980-х. І гэта прыём мы таксама запазычылі ў прапаганды, якая настальгуе па тых часах, калі жанчына была пад «колпаком» дзяржавы.
— У мяне апошняе пытанне, і яно — да Алены Жалудок. Алена, не магу не ўзгадаць песню ў вашым выкананні «Шчучыншчына», якая прагучала на ўсе абшары ў 2020 годзе. Вы ўвасобілі такі герметычны вобраз, у якім адначасова ёсць і сцёб, і шчырасць. Сёння вы граеце Ангелину Звездопад у антываенным, антыпатрыярхальным серыяле. Як вы пачуваеце сябе ў гэтай ролі?
Алена: Жыццё змяняецца. З часоў, калі мы здымалі «Шчучыншчыну», я двойчы пабывала ў вымушанай эміграцыі. Мы пабачылі пачатак вайны, былі ва Львове на гэты момант, і паспелі адчуць і жах, і страх. І таму канкрэтны час патрабуе канкрэтных выказванняў. Яны мяняюцца разам з тым, як мяняецца ход гісторыі. Алена Жалудок не магла бы быць вядоўцай перадачы на ўмоўным дзяржаўным тэлебачанні, таму з’явілася патрэба ў свеце ЧынЧынаў такога персанажа як Ангелина Звездопад.
Я запрашаю паглядзець гэты серыял і зрабіць свае высновы, параўнаць нашых новых гераіняў з Тонечкай, Аленай і Ленай Жалудок. Зараз Ангелина Звездопад чакае вашай увагі — спадзяюся, гэта будзе цікава.
Нэла: Будзе што абмеркаваць.
Першыя эпізоды міні-серыяла «Давай его дождемся» можна глядзець на канале «ЧынЧынЧанэл» ужо сёння. Наступныя серыі мусяць з’явіцца ў сеціве неўзабаве.