168 беларускамоўных сайтаў за мінулы год — вынікам сваёй працы па беларусізацыі прасторы падзялілася ў сацсетках беларуская пісьменніца і папулярызатарка мовы Зоя Доля.
«Падлічыла, колькі ў гарадах нашай краіны беларусізавалі сайтаў па маіх зваротах, атрымалася больш за паўтары сотні. Добры вынік! — зазначыла аўтарка кніг «Акно ў замежжа», «Час пасля Саюза» ды іншых твораў. — Інтэрнэт-прастора ўзбагацілася беларускай мовай. Дзякуй кіраўнікам і супрацоўнікам прадпрыемстваў і ўстаноў, якія ў мінулым годзе аформілі беларускамоўныя версіі сваіх сайтаў і папрацавалі для роднай мовы».
Зоя Доля прывяла спіс арганізацый, якія адгукнуліся на яе запыты. Сярод іх — як культурныя, адукацыйныя ўстановыі, так і прамысловыя, медыцынскія, спартовыя, гандлёвыя прадпрыемствы, аблвыканкамы, райвыканкамы па ўсёй рэспубліцы.
Напрыклад, беларускамоўныя версіі сваіх сайтаў стварылі: РУП «Нацыянальная кінастудыя «Беларусьфільм», ДУ «Мемарыяльны комплекс Брэсцкая крэпасць-герой», УА «Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт культуры і мастацтваў”, Міністэрства жыллёва-камунальнай гаспадаркі Рэспублікі Беларусь, РЦАП па шахматах і шашках, УАЗ “Магілёўскі абласны цэнтр гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя”, ААТ «Гомельскі ліцейны завод ЦЭНТРАЛІТ», УА “Віцебскае кадэцкае вучылішча” , ААТ “Віцебская бройлерная птушкафабрыка, УА “Віцебскі дзяржаўны каледж культуры і мастацтваў”, ААТ “Аршанскі ільнокамбінат”, ААТ “Аршанскі вопытна-механічны завод “Металіст”, ААТ “БАТЭ”, Барысаўскі аўтарамонтны завод, ААТ “Маладзечанскі малочны камбінат”, ААТ «Пінскі камбінат хлебапрадуктаў», Ляхавіцкі, Столінскі, Пінскі, Пружанскі райвыканкамы, Брэсцкі аблвыканкам…
«Наконт сайтаў дзяржустаноў і прадпрыемстваў атрымліваецца найбольш прадуктыўна працаваць, тут мне заканадаўства ў дапамогу, пастанова 797 Савета міністраў абавязвае гэтыя арганізацыі размяшчаць на сайтах інфармацыю, напісаную дзяржаўнай беларускай мовай, — распавяла Зоя Доля пра рэакцыю на яе звароты. — Спасылаюся на заканадаўчую пастанову, і пасадоўцы хутка адгукаюцца і беларусізуюць сайты».
Прыватныя прадпрыемствы могуць выбіраць мову сайта па сваім жаданні, удакладняе яна.
«Вось, напрыклад, санаторый “Сонечны” — прыватны, але кіраўніцтва адгукнулася на мой зварот і аформіла беларускую версію. Прыемна, калі не цураюцца роднай мовы, а ўважліва да яе ставяцца і мне напісалі, цытую : …»наша праца грунтуецца на запытах грамадзян на ўлік і выкананне іх пажаданняў, санаторый “Сонечны” гатовы зрабіць карэкціроўку і дадаць беларускамоўную версію нашага інтэрнэт-сайта», — даводзіць пра станоўчы адказ на свой запыт спадарыня Зоя.
«Смачна чытаць па-беларуску пра вырабы Віцебскай птушкафабрыкі, цытую: «Сярод сучаснай разнастайнасці відаў і катэгорый каўбас існуе асаблівая разнавіднасць, якая так моцна прыцягвае ўвагу гурманаў. Гэта сыравэнджаная каўбаса!.. — цытуе апісанне прадукцыі фабрыкі на беларускай мове літаратарка. — Ці яшчэ цытата: “…Лустачка сакавітай духмянай вяндліны, свежая здобная булачка з кунжутам, лісцік салату, некалькі колцаў цыбулі, памідор і агурочак…” Заходзьце пачытаць на сайт, даю спасылку, — рэкламуе і прадукцыю прадпрыемства, і мову папулізатарка беларускай культуры.
У Добрушы ў мінулым годзе адзначалі Дзень беларускага пісьменства. Па зваротах пісьменніцы беларусізавалі адрасныя таблічкі з назвамі вуліц горада.
«Спіс прадпрыемстваў па Слуцку ўжо падрыхтавала, — прызнаецца пісьменніца. — Гэты горад аб’яўлены Культурнай сталіцай Беларусі 2023 года, трэба заняцца падвышэннем яго культурнага ўзроўню, у тым ліку беларусізацыяй сайтаў, афармленнем беларускамоўных надпісаў, банераў у гонар гэтай падзеі».
Усяго ж за мінулы год Зоя Доля даслала ў арганізацыі 785 зваротаў.
«Частка з іх — па беларусізацыі сайтаў, яшчэ частка — па ўсталяванні адрасных таблічак з беларускамоўнымі назвамі вуліц і таксама па беларускай маркіроўцы прадукцыі прадпрыемстваў, па афармленні рэкламных банераў, плакатаў па-беларуску», — дае ўяўленне пра аб’ём працы падзвіжніца. — Працую дзеля таго, каб беларускай мовы станавілася больш ва ўсіх сферах жыцця нашай краіны, каб родная мова развівалася і пашыралася яе выкарыстанне», — адказвае на пытанні наведвальнікаў старонкі спадарыня Зоя.
«Цудоўныя вынікі! Вялікі дзякуй за Вашу працу!» — пішуць людзі ў каментах да паста.
«Пашана вам за вашыя высілкі, я захапляюся такой адданасцю і паслядоўнай барацьбой за мову беларускую!» — дзякуе карыстальніца Марына.
«Кiм-кiм, а Вамi, спадарыня Зоя, як сапраўднай патрыёткай, думаю, ганарацца недзе там Скарына, Купала, Караткевiч, а тут — мы, якiм неабыякава», — дадае карыстальніца Вераніка.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.by у Telegram
Сообщить об опечатке
Текст, который будет отправлен нашим редакторам: